Мірон павесіў бел-чырвона-белы сьцяг каля будынку КДБ

Сьцяг зьявіўся позна ўвечары 18-га сьнежня на даху жылога дому па вуліцы Савецкай, што стаіць якраз насупраць абласной управы КДБ. У якіх 20-ці мэтрах ад гэтага месца знаходзіцца і райаддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну. Тым ня менш, супрацоўнікі абедзьвюх устаноў заўважылі сьцяг далёка не адразу: каля гадзіны ён лунаў на вачох у мінакоў.

Паводле віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайды, верагодней за ўсё Мірон зьдзейсьніў сваю акцыю адмыслова напярэдадні 20-га сьнежня: у гэты дзень у 1917-м годзе была створана Усерасійская Надзвычайная Камісія на чале з Фэліксам Дзяржынскім. У Віцебску мясцовае аддзяленьне ЧК мясьцілася ў тым самым будынку, дзе сёньня знаходзіцца ўправа КДБ, і з вокнаў гэтага будынку бел-чырвона-белы сьцяг было відаць найлепш.

Дарэчы, гэта была ўжо другая за апошнія двое сутак праява дзейнасьці няўлоўнага Мірона. Заўчора бел-чырвона-белы сьцяг ненадоўга быў зьявіўся ў самым цэнтры горада, недалёка ад тэатры "Лялька". Спадар Хамайда сьцьвярджае, што з крыніцы, вартай даверу, яму вядомы зьмест цыдулкі, прымацаванай да гэтага сьцягу: "Ня трэба нікога і нічога баяцца! Усё адно пераможа Беларусь! Віцебскі тэатар "Лялька" застанецца беларускім, а месца РНЕ – на сьметніку гісторыі". Такім чынам, на думку апазыцыянэра, Мірон вырашыў падтрымаць загадчыцу літаратурнага аддзелу тэатру Вікторыю Дашкевіч, якая ня так даўно атрымала ліст ад імя "Русского Национального Единства" з патрабаваньнем перакласьці усе лялечныя спэктаклі на расейскую мову". 

“Радыё Свабода”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ