Апошні шлях вязняў Глыбоцкай турмы

26 чэрвеня 1941 году ў вёсцы Мікалаева непадалёк ад Улы канвойнымі войскамі НКВД была расстраляная калона вязняў Глыбоцкай турмы НКВД №28 (размяшчалася ў Беразвеччы), якая складалася з некалькіх сотняў арыштаваных жыхароў Глыбоцкага раёна. “Народным навінам Віцебска” ўдалося пабываць на месцы расстрэлу і пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій.
Месца пахавання растраляных вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

Лёс калоны вядомы дзякуючы дакладной запісцы ваеннага пракурора Віцебскага гарнізона ваенюрыста 3-га ранга Глінкі: “… начальник тюрьмы Глубокского района Вилейской области, ныне начальник Витебской тюрьмы, сержант госбезопасности, член ВКП(б), который 24 июня вывел из Глубокской тюрьмы в Витебск 916 осужденных и следственно-заключенных. По дороге этот начальник тюрьмы ПРИЕМЫШЕВ в разное время в два приема перестрелял 55 человек, а в местечке около Уллы, во время налета самолета [противника] он дал распоряжение конвою, которого было 67 человек, перестрелять остальных … По его [Приемышева] заявлению <...> было перестреляно 714 заключенных. Нами по личным делам установлено, что среди этих заключенных более 500 человек являлись подследственными, и несмотря на это, без всяких оснований они все же были незаконно перестреляны”.

Месца пахавання растраляных вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

У гэтым жа дакуменце паведамляецца, што многія з вязняў былі асуджаныя па Указе ад 26 чэрвеня 1940 года, які уводзіў 8-гадзінны працоўны дзень, 7-дзённы працоўны тыдзень і забараняў самавольна пакідаць працу. Згодна наступнага указа ад 17 ліпеня 1940 года, за самавольны пераход на іншую працу чалавека маглі арыштаваць на тэрмін ад 2 да 4 месяцаў, а за прагулы пакараць 6-месячнымі прымусовымі працамі па месцу працы з утрыманнем 25% заробку.

Як бачым, асноўная маса расстраляных была або ўвогуле не асуджанымі, або асуджанымі за дробязныя парушэнні працоўнай дысцыліны на тэрміны зняволення ў некалькі месяцаў. Аднак, нягледзячы на гэта, яны былі цынічна пазбаўленыя жыцця толькі з-за таго, што канвой спалохаўся нямецкага самалёта.

Месца пахавання растраляных вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

Сяржант дзяржбяспекі Прыёмышаў быў арыштаваны пракурорам Глінкам, аднак па загадзе сакратара ЦК КП(б) БССР Цімафея Панамарэнкі, які палічыў яго дзеянні правільнымі, вызвалены ў дзень заняцця немцамі Віцебска. На гэтым сляды ката Глыбоцкай турмы губляюцца.

Станіслаў Літоўка - сведка растрэлу вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

Карэспандэнту “ННВ” удалося паразмаўляць з адзіным жывым сведкам растрэлу, ураджэнцам вёскі Мікалаева Станіславам Паўлавічам Літоўка, якому на момант апісваемых падзей было 14 гадоў. З яго словаў, 26 чэрвеня 1941 года ён і яшчэ некалькі падлеткаў з Мікалаева працавалі на савецкім аэрадроме пад Улай. На аэрадром зрабіла налёт нямецкая авіяцыя, пад час якога моладзь разбеглася.

Месца пахавання растраляных вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

Падчас вяртання ў вёску яны сталі сведкамі, як праз мост пераходзіла калона цывільных людзей, якую канваявалі салдаты НКВД з прымкнутымі да вінтовак штыкамі. Падлеткам дазволілі пераправіцца праз Дзвіну толькі пасля праходу вязняў. Зняволеныя прайшлі перакрыжаванне і ўвайшлі ў адну з вуліц Мікалаева. Тут канвой загадаў ім легчы на зямлю. Жыхарам вёскі загадалі не выходзіць з хатаў, каля дзвярэй паставілі вартавых. Аднак нашаму субяседніку і некалькім яго сябрам удалося выбрацца на вуліцу і яны бачылі экзекуцыю.

Месца пахавання растраляных вязняў Глыбоцкай турмы. Мікалаева, Шумілінкскі раён. Фота Сержука Серабро

Па ляжачых людзях канвой адкрыў агонь з кулямётаў, усталяваных на калёсах, і асабістай зброі. Параненых і тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі штыкамі. Некаторым усё ж удалося вырвацца з ачаплення, а іншым — затаіцца сярод трупаў. Пасля экзекуцыі канвойныя хутка з’ехалі і выжыўшыя ноччу разышліся па лясах.

На наступны дзень прыехала новая каманда НКВД для арганізацыі пахавання забітых. Бацьку Станіслава Паўлавіча — Паўлу Літоўка — які быў мясцовым старшынём калгаса, загадалі выкапаць за вёскай 10 ямаў, куды на калёсах перавезлі целы.

Пад час нямецкай акупацыі была праведзеная эксгумацыя пахаванняў, пасля якой трупы быле перазахаваныя ў адной брацкай магіле. У працах былі задзейнічаныя мясцовыя жыхары, якія расказвалі, што целы былі ўжо моцна расклаўшыяся, і немцы для нейкіх даследванняў забіралі толькі галовы.

За савецкім часам месца пахавання занепадала, хаця старыя людзі загадвалі дзецям падсыпаць яго пяском. У 1982 годзе магіла ўяўляла сабой яміну глыбінёй ад калена. У 1990 годзе актывісты з віцебскага руху “Мартыралог Беларусі” ўсталявалі на гэтым жалобным месцы крыж, які асвяціў ксёндз. Пры гэтым прысутнічалі жыхары Нікалаева і вакольных вёсак. Пазней, стараннямі мясцовага пробашча і парафіянаў, быў пабудаваны жалезабетонны мемарыял з металічным крыжам. Зараз пахаваннем апякуецца малодшая сястра Станіслава Літоўкі Фаіна Паўлаўна і іх аднавяскоўцы. У гэтым жалобным месцы спыняюцца і служаць імшу пілігрымкі, якія ідуць у Будслаў.

У лесе каля Мікалаева ляжаць не ўсе ахвяры Глыбоцкай турмы, згодна некаторым сведчанням, якія прыводзяцца ў кнізе Юзафа Мацкевіча “Катынь” пасля таго, як Беразвечча, дзе знаходзілася турма НКВД №28 занялі немцы, там было знодзена каля 4000 забітых вязняў.

Наладзілі экспедыцыю ў Мікалаева сябры БХД Уладзімір Сіманковіч і Віталь Созінаў. Таксама прысутнічалі старшыня секцыі “Мемарыял” Беларускага дабраахвотнага грамадства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык і актывісты дэмакратычнага руху Глыбоччыны.

Меткі: , , , , , , ,

Чытайце яшчэ