У Віцебску абмяркоўваюць мадэлі помніка князю Альгерду

У Музычнай гасцёўні гэтымі днямі можна пазнаёміцца з эскізамі помніка князю Альгерду. Наведнікі могуць прагаласаваць за ўпадабаны ім варыянт і пакінуць сваё меркаванне аб экспанатах у спецыяльным журнале.

У адрозненні ад ранейшых конкурсаў на стварэнне помнікаў княгіне Вользе і князю Аляксандру Неўскаму, у гэтым творчым спаборніцтве ўдзельнічала менш аўтараў – усяго сем скульптараў з Віцебска і Мінска. Прычым шасцёра з іх прадставілі конныя помнікі, на якіх Альгерд паказаны ў вобразе мужнага воіна і таленавітага палкаводца. З дзідай, булавой ці мячом у руках, з каронай-шаломам на галаве, з праваслаўным крыжам на грудзях, на ўздыбленым або спакойным кані...
Фантазія скульптараў галоўным чынам адрозніваецца ў пастаменце. Але і тут задума падобная – у трох скульптур ён нагадвае замкавую вежу. Ёсць варыянт, дзе абрысы помніка перагукаюцца з вядомым з савецкіх часоў чыста віцебскім знакам “Віцязь”, а пастамент тут зроблены з жалезабетоннай канструкцыі, якая з трох бакоў чытаецца як літара “А”.

На фоне конных скульптур вылучаецца праца пад назвай «Гонар роду Гедымінава — Альгерд і нашчадкі яго», дзе паказана скульптурная група з пяці фігур. У цэнтры кампазіцыі, на ўзвышэнні з чорнага і чырвонага граніту, фігура князя, які трымае меч і шчыт з гербам ВКЛ. Побач фігуры дзвюх яго жонак – Марыі Яраславаўны і Іўліаніі Аляксандраўны, а таксама сыноў ад першага і другога шлюбаў Андрэя Полацкага і Ягайлы. Пастамент гэтага помніка падобны на арку з прыступкамі для праходу, што, паводле задумы аўтара, дае гледачу магчымасць сімвалічна прайсці праз тую гістарычную эпоху.

Манумент князю Альгерду плануецца ўстанавіць на пляцоўцы насупраць Свята Уваскрасенскай царквы. Што тычыцца княгіні Вольгі і князя Аляксандра Неўскага, то помнік першай паставяць недалёка ад Летняга амфітэатра, на скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Фрунзэ (дзе зараз клумбы) . Манумент у гонар другога ўстановяць на плошчы Тысячагоддзя.

Якія канкрэтна мадэлі помнікаў гэтым двум гістарычным асобам у выніку абмеркавання грамадзян і прафесійнага журы перамаглі і хто іхнія аўтары, журналістам пакуль чамусьці не кажуць.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ