У Віцебску пляскалі ў ладкі і дудзелі ў клаксоны
6 ліпеня ў 19:00 ў Віцебску адбылася чарговая серадовая пагулянка гараджан на цэнтральнай плошчы. На гэты раз удзел у ёй прынялі больш за 100 чалавек. Былі затрыманні, у тым ліку маці з грудным дзіцём.
Гуляючыя віцябляне размеркаваліся па плошчы невялікімі купкамі ды размаўлялі пра жыццё-быццё. Побач можна было бачыць супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным, якія пільна сачылі за грамадзянамі на плошчы Перамогі.
Адзін мужчына ў строгім чорным гарнітуры падыйшоў да маладой пары і стаў цікавіцца, што яны робяць на плошчы. Пачуўшы, што маладзёны проста глядзяць рэкламу на экранах, ён пачаў пагражаць “неприятностями за участие в 19.30”. Аднак, убачыўшы скіраваны на яго аб'ектыў, “ціхар” адвярнуўся і пакінуў людзей у спакоі.
У 19:30 прысутныя на плошчы гараджане пачалі пляскаць у ладкі і накіраваліся ўніз па вуліцы Леніна. Калона колькасцю каля 100 члавек з апладысментамі дайшла да Пакроўскай царквы, дзе людзі пачалі разыходзіцца. Аўтамабілісты віталі калону клаксонамі.
Частка людзей дайшла да плошчы Свабоды, час ад часу пачынаючы пляскаць. Побач з людзьмі ехала некалькі міліцэйскіх машын з танаваным шклом, пазней падцягнуўся вялікі “аўтазак”.
Нагадаем, што мода на серадовыя пагулянкі на цэнтральных плошчах у 19:00 з’явілася ў сацыяльных сетках і зараз пашырылася на многія гарады і мястэчкі Беларусі.
У сваім ціўцеры @Galahad_Prince паведаміў пра затрыманых у Віцебску: "Позвонили из РОВД Хлащенкова Ульяна и Журавлев Сева. Завтра в 10 суд. Правды, 34. Приходите кто может"! На адным з форумаў жанчына піша, што яна з мужам і сябрамі была затрыманая ў 19:45 на Кастрычніцкім масце. У РАУС яна бачыла каля 20 затрыманых удзельнікаў гулянняў, як мінімум справы 10 з іх заўтра будуць разглядацца ў судзе, гэтыя людзі правядуць ноч у ізалятары часовага ўтрымання. Жанчыну адпусцілі толькі таму, што яна была з грудным дзіцём.
httpv://www.youtube.com/watch?v=Ogdja127K4A
httpv://www.youtube.com/watch?v=d5zDKwfbvqM