Першы дзень турніра на прызы старшыні аблвыканкама прынёс “Віцебску” тры ачкі

Матч паміж “Віцебскам” і наваполацкім “Хімікам” выдаўся багатым на закінутыя шайбы.

З першых секунд сустрэчы віцебскія хакеісты ўсур’ёз турбавалі брамніка навапалачан. Дасягнуць станоўчага выніка “мядзведзям” атрымалася толькі ў сярэдзіне першага перыяда. Андрэй Арлюк аб’ехаў вароты суперніка і зрабіў перадачу свайму партнёру. Аднак шайба патрапіла ў канёк гульца “Хіміка” і перасекла лінію брамы Віталя Труса.

Гэта трохі раскачала гасцей, але нешта выразнае ля варот Андрэя Петухова яны так і не стварылі да наступнай прапушчанай шайбы ў сваю браму. Другая шайба ў сетцы варот “Хіміка” пабывала зноў з удзелам Андрэя Арлюка. Практычна з кропкі ўкідвання ў зоне суперніка, стоячы ў паўабарот, ён робіць дакладную перадачу на Мікалая Міхайлава, які і завяршае паспяхова атаку. Гэты гол і прымусіў навапалачан загуляць у іншы хакей. За тры хвіліны да першага перапынка лік на табло быў ужо 2:2.

Другі адрэзак гульні праходзіў з невялічкай перавагай гасцей. І ў гэтым ім дапамагалі самі ж “мядзведзі”. Яны не раз, як на талерцы, выкладалі шайбу перед сваёй брамай суперніку, а таму толькі і заставалася дакладна кінуць… Але, як кажуць, Бог мілаваў. Праўда, да часу. На 27-й хвіліне пасля серыі кідкоў шайба ўсё-ткі перасекла “стужку” віцебскіх варот (2:3).

Такі лік пратрымаўся да сярэдзіны апошняй трэці. Шпаркі Мікалай Міхайлаў пераправіў шайбу ў вароты, скарыстаўшыся замінкай варатара навапалачан, які вырашаў, што з ёй рабіць – накрываць “лавушкай” або аддаць абаронцу.

Чацвёртую шайбу нашы хлопцы закінулі, вышаўшы два ў аднаго. Аляксандр Караткевіч аддаў шайбу на Элвіса Жалубоўскіса, які па-майстэрску адправіў яе пад перакладзіну.

Першую перамогу на турніры ўчора здабыў і смаленскі “Славуціч”, які абыграў “Магілёў” з лікам 4:1. Сёння пераможцы ўчорашніх баталій памерацца сіламі ў 18.30. “Магілёў” і “Хімік” згуляюць трохі раней – пачатак матча ў 15.00.

Уваход на ўсе матчы турніра на прызы старшыні Віцебскага аблвыканкама свабодны.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ