1 верасня адкрыецца Віцебскае кадэцкае вучылішча

1 верасня адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Віцебскага кадэцкага вучылішча – так зараз называецца былая Лужаснянская школа-інтэрнат-гімназія для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Гэта будзе ўжо другое кадэцкае вучылішча на Віцебшчыне пасля Полацкага.

Лужаснянская школа-інтэрнат-гімназія была пераўтворана ў кадэцкае вучылішча ў чэрвені гэтага года згодна з рашэннем аблвыканкама. Першы набор выхаванцаў праходзіў ў восьмыя класы. Па выніках уступных выпрабаванняў тут стварылі два класы па 24 чалавекі ў кожным.

Гімназія ў Лужасне была створана 16 гадоў таму для працы з таленавітымі дзецьмі з сельскай мясцовасці. Набор сюды ажыццяўляўся з усіх куткоў Віцебшчыны. Пасля рэарганізацыі навучальнай установы змяніўся парадак прыёму навучэнцаў: зараз атрымліваць веды ў кадэцкім вучылішчы змогуць хлопцы не толькі з віцебскага рэгіёна, але і з Віцебска.

Усяго ў нашай вобласці да навучальнага года рыхтуюцца 559 школ. У новым статусе сёлета пачне працаваць яшчэ адна навучальная ўстанова ў рэгіёне – раённая гімназія ў Талачыне. На Віцебшчыне 1 верасня сядуць за парты каля 110 тысяч дзяцей, сярод іх каля 11 тысяч першакласнікаў. У параўнанні з 2010 годам колькасць школьнікаў па вобласці стане менш прыкладна на 5 тысяч.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ