Глыбоччына ў чарговы раз стане сталіцай дакументальнага кіно

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2011 сёлета пройдзе ўжо ў сёмы раз. Як і летась, пачнецца ён у Мінску, але ўжо на наступны дзень, 7 верасня, пераедзе на сваю звыклую “радзіму” – Глыбоччыну.
Глыбоччына ў чарговы раз стане сталіцай дакументальнага кіно. Фото signis.by

Фэст пачнецца ранкам 6 верасня ўрачыстай службай у мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым у касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) пройдзе першы конкурсны прагляд. Аднак асноўныя конкурсныя прагляды па традыцыі адбудуцца ў Глыбокім і вёсцы Удзела.

Magnificat штогод збірае не толькі каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх рэжысёраў, якія прадстаўляюць на суд журы не толькі рэлігійныя, але і свецкія стужкі. Сёлета геаграфія фэсту надзвычай шырокая – у ім удзельнічаюць рэжысёры з Беларусі, Расіі, Арменіі, Украіны, Польшчы, Італіі, Іспаніі, Чэхіі, Францыі, Славакаіі, Ізраіля, Літвы.

Беларускія аўтары прадставяць на суд гледачоў і журы наступныя конкурсныя працы: “Інакіня”, “Сусвет Андрэя Гойка”, “Знакі святасці”, “Вялікдзень на Лысай Гары”, “Тры каралі. Вадохрышча”, “Малітва за Беларусь”, “Святло Полацкай зямлі”.

Акрамя праглядаў стужак, якія пройдуць у Глыбоцкім раённым цэнтры культуры і ў вёсцы Удзела, у фестывальнай праграме 8 верасня значыцца конкурс анімацыйных фільмаў для дзяцей. Журы гэтага конкурсу будзе складацца з дзяцей. На 9 верасня запланавана імпрэза пад назвай “Вечар дакументальнага кіно ў цэнтры Еўропы”, якая пройдзе ў вёсцы Івесь.

Падрабязную афішу фестывалю можна ўбачыць на сайце signis.by

Летась Гран-пры Magnificat-2010 атрымаў італьянскі фільм “Дзённік горнага святара” (рэжысёр Стэфана Саверыёні). Прыз за лепшую тэлепраграму журы прысудзіла расійскай перадачы “Блакадная вера” (рэжысёры Марыяна Бірукова, Інакенцій Іваноў). Лепшым дакументальным фільмам стала грузінская стужка “Сховішча” (рэжысёр Раланд Барашвілі) .

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм Magnificat быў заснаваны каталіцкай асацыяцыяй "Signis-Беларусь", студыяй "Стоп-кадр", Віцебскай каталіцкай епархіяй і часопісам "Дыялог". Мерапрыемства патрануе Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ