Аляксандр Косінец прыняў удзел у адкрыцці новага корпуса школы ў Полацку

У Віцебскай вобласці ў 2012 годзе плануецца накіраваць на развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі 200 млрд. рублёў. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец. У Полацку кіраўнік вобласці прыняў удзел у адкрыцці новага навучальнага корпуса і стадыёна сярэдняй школы № 18 імя Еўфрасінні Полацкай.

Разам з будаўніцтвам новых аб’ектаў адукацыі, якіх за пяцігодку трэба будзе ўвесці ў рэгіёне каля 30, надаецца ўвага і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых школ. “Пры фарміраванні бюджэту вобласці на 2012 год прапрацоўваецца магчымасць накіраваць на ўмацаванне і развіццё аб’ектаў адукацыі і аховы здароўя не менш, чым па 200 мільярдаў рублёў", – адзначыў кіраўнік аблвыканкама.

Разам з тым адной з галоўных праблем вобласці ў адукацыйнай сферы з’яўляюцца малакамплектныя школы, якіх налічваецца каля 28% ад агульнай колькасці такіх устаноў. У сувязі з гэтым сёння неабходна актыўна займацца фарміраваннем кадравага патэнцыялу гэтых навучальных устаноў, дзе настаўнікі павінны валодаць некалькімі сумежнымі навучальнымі спецыяльнасцямі.

У Віцебскай вобласці робіцца вельмі шмат для стварэння якаснай, канкурэнтаздольнай сістэмы адукацыі. Так, у Полацку з уводам у эксплуатацыю пятага (і апошняга) вучэбнага корпуса і стадыёна завяршылася стварэнне магутнага вучэбна-выхаваўчага комплексу, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Створаны ўсе ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, авалодання неабходнымі навыкамі, самаразвіцця, для правядзення вольнага часу і заняткаў фізкультурай. На будаўніцтва накіравана больш за 22 млрд. рублёў бюджэтных сродкаў, а таксама спонсарскай дапамогі.

Школа налічвае 70 навучальных кабінетаў, у тым ліку спецыялізаваныя па фізіцы, біялогіі, хіміі, 56 метадычных кабінетаў па ўсіх вучэбных дысцыплінах, 4 кабінеты інфарматыкі з падключэннем да Інтэрнэту. У новым 5-м корпусе размясціліся актавая зала на 420 месцаў, кабінеты працоўнага навучання і эстэтычнага выхавання, школьная бібліятэка. Фарміраванню здаровага ладу жыцця ў школе спрыяе наяўнасць трох спартзалаў, у тым ліку з глядацкай трыбунай на 150 месцаў і электронным табло. У школе працуюць секцыі футбола, валейбола, баскетбола, дзюдо, грэка-рымскай барацьбы. Школьная сталовая на 650 месцаў аснашчаная сучасным тэхналагічным абсталяваннем.

Падчас наведвання школы Аляксандр Косінец прыняў рашэнне падарыць установе адукацыі комплекс відэа- і аўдыёапаратуры для актавай залы. Акрамя таго, па выніках размоў з бацькамі школьнікаў і жыхарамі бліжэйшага жылога мікрараёна, кіраўнік вобласці даў даручэнне прапрацаваць магчымасць будаўніцтва дзіцячага садка на 200-250 месцаў недалёка ад школы.

БелТА

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ