Беларускія нявесты раней выраблялі эратычныя лялькі

У Віцебску 9 верасня прайшло абласное свята-конкурс лапікавага шыцця «Здраўнёўская палітра-2011». Такі фестываль ладзіцца ў нашым горадзе ўжо другі год запар. Калі глядзіш на пярэстыя шэдэўры з самых звыйчайных лапікаў тканіны, становіцца зразумела: моднае замежнае слоўка “пэчворк” зусім не падыходзіць да прац беларускіх майстрых. Гэта менавіта шыццё з лапікаў! Слова гэта такое ж мяккае, цёплае і роднае, як… Ну, напрыклад, хоць вось гэта яркая і вялікая грэлка на чайнік у выглядзе пульхнай лялькі Станіславы, што сядзіць “на ўсю лаву”.

Сёлета конкурс сабраў каля 60 народных мастачак з 13 раёнаў Віцебшчыны, а таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі. Прыехалі і мастрыхі з расійскіх Санкт-Пецярбурга і Рыбінска. Канкурсанткі прадставілі на суд журы і гледачоў каля ста работ у чатырох намінацыях: «лапікавае шыццё», «абрэзкавая пластыка», «касцюмы і аксэсуары», «арт-квілт». Аўтараў лепшых прац назвалі ўчора ў музеі-сядзібе “Здраўнёва”.

Свята атрымала назву “Здраўнёўская палітра”, бо адна з ягоных умоў такая – пажадана, каб конкурсны твор уяўляў сабой творчую інтэрпрэтацыю карцін Іллі Рэпіна. Так, сёлета журы прапанавала майстрыхам па-свойму “прачытаць” і ўвасобіць у абрэзках тканіны рэпінскую “Птушку Сірын”.

Весела і дужа цікава прайшлі заняткі, якія правяла адна з самых знаных на Беларусі рукадзельніц – кіраўніца народнага клуба лапікавага шыцця «Рошва» пры Полацкім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Ніна Ярмух. Яна паказала, як уласнымі рукамі зрабіць лапікавую птушку і народную ляльку-скрутку. У апошнім майстар-класе ўдзельнічала і карэспандэнтка “ННВ”. З дапамогай Ніны Іосіфаўны літаральна за 15 хвілін у мяне і іншых жанчын атрымаліся прыгожыя лялькі. Ніколі не думала, што такі цудоўны народны сувенір можна зрабіць толькі з тканіны і нітак, без аніводнага шву!

Падчас майстар-класаў Ніна Ярмух распавяла, навошта нашы продкі рабілі лялек. Напрыклад, былі лялькі-сталбушкі. Яны мелі… эратычную сімволіку. Сваха збірала дзяўчат, прапаноўвала ім рабіць лялек. Нявеста, у якой атрымлівалася лялька, што трывала стаяла на стале, і лічылася самай лепшай. Сваха потым раіла гэту дзяўчыну мацеркам вясковых жаніхоў. Ну а тыя, пэўна, верылі падказкам лялькі і хуценька засылалі да рукадзельніцы сватоў.

А вось лялька-зернавуха была сімвалам дабрабыту ў хаце. Яе выраблялі пасля збору ўраджаю ў выглядзе мяшэчка, куды насыпалі зерне, упрыгожвалі яго і ставілі каля абразоў. Лялька-выхвалка была своеасаблівым першым экзаменам па рукадзеллі для дзяўчынак да 12 гадоў. Назва – ад таго, што маленькія майстрыхі вельмі стараліся, каб іх пахвалілі старэйшая, больш вопытная. Набор з 12 лялек, падвешаных непадалёк ад печы, называўся “ліхаманка”. Продкі лічылі, што гэты лялечны тузін, па колькасці месяцаў у годзе, абараняе ад хвароб. У канцы года “ліхаманку” палілі ў печы, і гаспадыня рабіла новую.

У рамках свята адкрыліся дзве экспазіцыі, дзе можна пазнаёміцца з конкурснымі творамі. Адна выстава працуе ў абласным краязнаўчым музеі, а другая – у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Усе гэтыя цудоўныя творы з лапікаў тканіны – пано, карціны, коўдры, сурвэткі, кухонныя рукавічкі, грэлкі на чайнікі, цацкі і нават арыгінальныя жаночыя сумкі – можна ўбачыць да 30 верасня. Вельмі раю наведаць!

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ