“Віцебск” – “Металург”: разгром 0:8

“Металург” са сваім варатаром Дзмітрыем Мільчаковым нічога звышнатуральнага ў гэтай сустрэчы не дэманстравалі. Проста пасля трэцяй шайбы ў нашых хлопцаў “апусціліся рукі”…

На гульню паўплывала не толькі псіхалагічная праблема, але і адсутнасць шанцавання. Атакай на атаку віцябчане адказвалі гасцям у першым перыядзе. Можа, нават і больш вострых момантаў стварылі каля варот суперніка. Але то дабіць шайбу было няма каму, то яна, як зачарованая, не ішла ў вароты.

Памылка на старце гульні Сяргея Маркелава ў сваёй зоне вымусіла яго фаліць на суперніку, які вырываўся ад яго на спатканне з Андрэям Петуховым. Штрафны час скончыўся, вароты Андрэя на замку, але супернік гасціць на тэрыторыі “Віцебска”. Кідок ад сіняй лініі Васіля Паланіцкага, некалі выступаўшага за “Віцебск”, выводзіць гасцей наперад. Нічога страшнага, “мядзведзі” поўныя рашучасці.

Другая трэць пачынаецца серыяй кідкоў ”Віцебска”. Штанга выратоўвае гасцей, пасля другога кідка шайба трапляе ў маску брамніка. Калі б у гэтым моманце нашы забілі, хто ведае, што б было далей… А так спрацавала спартовая ісціна: не забіваеш ты – забіваюць табе. На 23-й хвіліне госці зарабляюць чарговае права гуляць у большасці і дабіваюцца поспеху. Пасля перадачы Мікіты Осіпава Андрэй Макроў ад левага борту пасылае шайбу ў дальнюю дзявятку. Трохі больш чым праз хвіліну Іван Дорніч збягае ад двух нашых абаронцаў на рандэву з варатаром (0:3).

Пасля гэтага і пачаўся ціхі жах. Яшчэ тройчы ў нашых варотах пабывала шайба ў другім перыядзе. Андрэя Петухова замянілі на Артура Лук’янава. Падчас перапынку гаспадары пляцоўкі прыйшлі ў сябе і заключную чвэрць пачалі бадзёра. Праўда, безвыніковасць іх паступова астуджала. Госці ж прыўспелі двойчы прабіць вароты Артура.

На такой сумнай ноце маладыя “мядзведзяняткі” завяршылі серыю хатніх матчаў. З 12 магчымых ачкоў набрана 5. З аднаго боку, нічога страшнага, а з другога – што далей?.. Ці здолее каманда перабудавацца? Бо можам жа гуляць і перамагаць!

Меткі: ,

Чытайце яшчэ