Для Шмакава – “сама смерць напалову”

Сёння Віцебск ушанаваў аднаго са сваіх ганаровых грамадзян – народнага артыста СССР і БССР Фёдара Шмакава. Праз два з паловай гады пасля смерці геніяльнага “коласаўца” на ягонай магіле на могілках “Мазурына” нарэшце з’явіўся помнік. Бронзавы, як таго і заслугоўвае чалавек, які з 92 гадоў свайго жыцця амаль сем дзесяцігоддзяў аддаў служэнню сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Шмакаў на сваім мемарыяле – у кашулі-вышыванцы. Як раз у гэткай ён выходзіў на сцэну ў ролі Несцеркі з аднайменнага спектакля. На плячах артыста – мантыя. Яна сімвалізуе, што ён быў «генералам беларускай сцэны». А злева на грудзях акцёра, там, дзе сэрца, – тэатральная маска. Мельпамене Шмакаў быў верны да канца: нават у 92 гады ён штодзень хадзіў на працу!

Ідэю з тэатральнай маскай на сэрцы патлумачыў аўтар помніка, віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздікаў: “Чалавек, сыходзячы туды, здымае акцёрскую маску. І становіцца тым, хто ён ёсць”.

На надмагільнай пліце напісана: «Дзе талент, там няма старасці і забыцця...». Гэта словы з монаспектаклю “Лебядзіная песня”, у якім іграў на коласаўскай сцэне у дзень свайго 80-годдзя Ф.Шмакаў. Словы з цытаты Антона Чэхава, якая ў арыгінале гучыць крыху па-іншаму: “Дзе мастацтва, дзе талент, там няма ні старасці, ні адзіноты, ні хвароб, і сама смерць напалову...”

На адкрыцці помніка прысутнічалі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, іншыя прадстаўнікі ўлады, а таксама калегі і сябры Фёдара Шмакава. Дырэктар драмтэатра імя Я.Коласа Рыгор Шацько нагадаў, што сёлета ўлетку, 25 чэрвеня, на доме №10 па вуліцы Урыцкага, дзе доўгія гады жыў акцёр, адкрылі мемарыяльную дошку ў яго гонар. “Мы і сёння вельмі добра адчуваем: Фёдар Іванавіч не сышоў яшчэ з тэатра – ён з намі. Ён і зараз прысутнічае на сцэне, ён на працы”, – усхвалявана прамовіў Р.Шацько.

Было заўважна, што ад сэрца гаворыць і мэр: «Сёння мы сабраліся на гэтым журботным месцы, каб яшчэ раз аддаць даніну памяці і павагі гэтаму выдатнаму чалавеку – Фёдару Іванавічу Шмакаву. Я вельмі шчаслівы ад таго, што ў мяне былі хвіліны зносін з гэтым чалавекам. Фёдар Іванавіч помнік сабе стварыў яшчэ пры жыцці – сваёй працай, усімі сваімі незабыўнымі вобразамі, пачынаючы ад Несцеркі, а гэтая роля стала візітнай карткай «коласаўцаў», і заканчваючы ролямі ў савецкім кінематографе. І да гэтага часу ўспамінаеш яго і думаеш: «Якая глыба, які чалавек!» Ён меў званні, але ў дадзеным выпадку не званні ўпрыгожвалі чалавека, а чалавек ўпрыгожваў званні», – сказаў В.Нікалайкін.

Потым выступілі артысткі Святлана Акружная, Таццяна Ліхачова і паэт Давід Сімановіч. Апошні паднёс Шмакаву свае “кветкі” – вершы.

Помнік знакамітаму артысту адкрылі ў межах святкавання 85-годдзя тэатра імя Якуба Коласа, якое 22 лістапада адзначае трупа. У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі сёння таксама адкрылася выстава, на якой прадстаўлены касцюмы, прадметы тэатральнага рэквізіту, фотаздымкі, афішы, календары, кнігі, якія распавядаюць пра гісторыю драмтэатра. А вечарам коласаўцы збяруць сваіх сяброў на капуснік.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ