Новы год у “Ляльцы”

У Беларускім тэатры “Лялька” распачаліся традыцыйныя навагоднія праграмы для дзяцей, якія будуць падтрымліваць святочны настрой віцяблянаў да 15 студзеня 2012 года. Гэтым разам маленькіх гледачоў чакае спектакль “Навагоднія мары Слоніка”, святочная латарэя і вясёлая дыскатэка ў фае тэатра з удзелам Дзеда Мароза, Снягуркі, цётухны Завеі і Слоніка.
Новы год у “Ляльцы”. Фота Сабіны Радзько

Нягледзячы на павелічэнне колькасці навагодніх імпрэз да 50 (у мінулым годзе было 38), білеты на свята гледачы раскупілі яшчэ ў сярэдзіне лістапада, літаральна за пяць дзён. Тым, хто паспеў, гарантаваны яркія ўражанні і выдатны настрой.

Новы год у “Ляльцы”. Фота Сабіны Радзько

Дзеці змогуць паназіраць за прыгодамі Слоніка, Бегемоціхі, Страусіхі, Удава, Ляніўца і іншых экзатычных насельнікаў Афрыкі, дапамагчы ў зборы мёду для Дзеда Мароза. Самых удачлівых чакаюць падарункі, выйграныя ў латарэі, якую праводзіць фанабэрысты Павіян. Адным са спонсараў свята з’яўляецца кандытарская фабрыка “Віцьба”, якая прапанавала для дэгустацыі сваю салодкую прадукцыю. Ну а пасля ўсе жадаючыя будуць гуляць, вадзіць карагоды і радасна скакаць каля ёлачкі, куды ўсіх запрашае гасцінная Завея. Тут, нарэшце, і спраўдзіцца навагодняя мара Слоніка — пабачыцца з Дзедам Марозам.

Новы год у “Ляльцы”. Фота Сабіны Радзько

Адна з прыгожа ўбраных тэатральных ёлачак — зусім асаблівая. З яе пазіраюць зробленыя рукамі маленькіх гледачоў “Лялькі” анёлы — самыя цікавыя са 170 прац, прапанаваных дзецьмі для ўдзелу ў конкурсе “Мой анёлак”, які тэатр праводзіць сумесна з газетамі “Звязда” і “Віцебскі праспект”. Шкада, што елачка невялікая — не ўсім анёлкам хапіла месца.

Новы год у “Ляльцы”. Фота Сабіны Радзько

Напярэдадні новага, 2012 года калектыў Беларускага тэатра “Лялька” не толькі дорыць, але і прымае падарункі. Нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Рэспублікі Беларусь” адзначаны вядучыя майстры сцэны — актрыса Вольга Корзун, што ў 1986 годзе першай была залічана ў віцебскую лялечную трупу, і акцёр Алег Рыхтэр, які на працягу многіх гадоў радуе гледачоў у абліччы Дзеда Мароза. Так што гэтым разам і сам Дзед Мароз без падарунку не застаўся.

Новы год у “Ляльцы”. Фота Сабіны Радзько

Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь атрымала Ганна Сідарава — мастак-пастаноўшчык, аўтар лялек і касцюмаў большасці пастановак “Лялькі”. Падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь знайшлі артыстаў Ганну Сцепанец, Наталлю Гайдук, Аляксея Макарскага, гукарэжысёра Ліну Даўгабародаву і намесніка дырэктара Таццяну Гурко. Увогуле ў юбілейным 2011 годзе (калі тэатр святкаваў сваё 25-годдзе) шмат хто з супрацоўнікаў атрымаў заслужанае прызнанне ў выглядзе разнастайных узнагарод. Будзьма спадзявацца, што і наступны год будзе спрыяльным як для калектыву “Лялькі”, так і для яе ўдзячных гледачоў.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ