Сяргей Каваленка: “Буду галадаць, пакуль альбо не выйду з-за кратаў, альбо не памру”

З такой заявы Сяргея Каваленкі распачалося сённяшняе пасяджанне суда Першамайскага раёна Віцебска, на якім разглядалася адміністрацыйная справа ў адносінах да гэтага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. І ўсе, хто хоць крыху ведаюць Каваленку, вераць, што так яно і будзе.
Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

Суд быў разбіты на тры перапынкі і доўжыўся амаль цэлы працоўны дзень – з 10.30 да 16.50. Забягаючы наперад, адзначым, што ў выніку суддзя Вольга Іванова прызнала Каваленку вінаватым у здзяйсненні “дробнага хуліганства”, у якім яго абвінавачвалі згодна з артыкулам 17.1 КаАП Беларусі, і пакарала актывіста штрафам у памеры 4 базавыя велічыні (140 тысяч рублёў).
Нагадаем, што дэмакратычнага актывіста абвінавачвалі ва ўжыванні нецэнзурнай лаянкі ў будынку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РАУС, куды ён прыйшоў адзначацца ў сувязі са знаходжаннем на “хатняй хіміі”.

Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

У дадатак да гэтага супраць Каваленкі распачата і крымінальная справа па артыкуле 415 «Ухіленне ад адбывання пакарання» – яму інкрымінуюць парушэнні рэжыму падчас «хатняй хіміі». Гэты “метад перавыхоўвання” Сяргей атрымаў за ўчынак, які дакладна ўвойдзе ў гісторыю найноўшай Беларусі: 7 студзеня 2010 года ён вывесіў на навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. Праз дзесяцігоддзі пра гэта, мо, напішуць у школьных падручніках. Ну а сённяшнія рэаліі такія, што пакаральніку 35-метровых вяршынь у цэнтры горада пагражае да трох гадоў турмы.

Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

На працягу трох тыдняў, пакуль вядзецца слецтва па крымінальнай справе, Каваленка знаходзіцца ў СІЗА. Сёння ідзе 25-ты дзень галадоўкі, якую ён аб’явіў 10 снежня на знак пратэсту супраць абвінавачванняў у свой бок.

httpv://www.youtube.com/watch?v=KVS7u9aG5zw

Зараз прапаноўваем чытачам “ННВ” сціслы пераказ падзей з залы суда ў храналагічнай паслядоўнасці.

Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

Сяргея завялі ў залу ў кайданках на руках і пад канвоем з чатырох міліцыянераў. Перад уваходам у залу ён выгукнуў: “Жыве Беларусь!” Там ужо сядзелі адвакат абвінавачваемага, ягоны аднафамілец – Пятро Каваленка, і перакладчыца, настаўніца СШ №18. Аднак яе паслугі ў перакладзе з рускай мовы на беларускую так і не спатрэбіліся – сведкі-міліцыянты, суддзя і сакратарка (дарэчы, таксама аднафаміліца, на гэты раз суддзі) цудоўна разумелі ўсё, што кажа Каваленка. Падтрымаць яго прыйшло досыць шмат людзей – супрацоўнікам суда нават давялося прынесці ў залу дадатковыя лавы.

Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

Першы перапынак Вольга Іванова абвясціла бліжэй да 11 гадзін раніцы пасля таго, як Сяргей заявіў аб тым, што дрэнна сябе адчувае. “Кружыцца і баліць галава, баліць сэрца. У камеры вельмі халодна, нават халадней, чым у карцэры. На падлозе там вада, я ўжо пісаў аб гэтым скаргу…” – сказаў Каваленка. Неўзабаве пасля гэтага з судовай залы выдалілі маці Сяргея, якая нервова крычала: “Закатавалі майго сына! Я вам гэтага так не дарую! Зараз жа выклікайце яму “хуткую!”

Суд над Сяргеем Каваленкам. Фота Сержука Серабро

Актывіст і сапраўды выглядаў дужа схуднелым і стомленым. Размаўляў ціха і павольна, вытрымліваў досыць доўгія паўзы, ці то знаходзячы ў сабе сілы для размовы, ці то падбіраючы словы. Часам глядзеў на жонку, чакаючы ад яе пацверджання тых фактаў, аб якіх гаварыў суддзі. Аднак нягледзячы на такі стан, практычна ўвесь суд Каваленка правёў стоячы. Прысаджваўся ён у сваёй “клетцы” толькі зрэдку – пакуль прамаўлялі сведкі-міліцыянты, якія яго затрымлівалі па абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы.

Перапынак у судзе працягваўся больш чым гадзіну. За гэты час Каваленку агледзілі медыкі з “хуткай дапамогі”. Суддзя зачытала заключэнне ўрача, з якога вынікала, што стан здароўя Сяргея здавальняючы (артэрыяльны ціск 130 на 80, глюкоза ў крыві ў норме), і ён можа прысутнічаць на судзе.

Першае хадайніцтва, з якім Каваленка звярнуўся да суддзі, тычылася сцяга ў судовай зале. “У мяне просьба – памяняць гэты сцяг на сапраўдны. Бо гэта ануча, ён недзяржаўны, ён распрацаваны на Лубянцы”, – заявіў актывіст. В.Іванова адхіліла хадайніцтва, сказаўшы, што “яно не мае дачыння да разглядаемай справы”.

Затым суддзя апытала сведкаў – супрацоўнікаў міліцыі Аляксея Смурава, Аляксея Драгуна і Віктара Харытановіча. Апошні завозіў Каваленку ў ізалятар часовага ўтрымання. У абвінавачваемага быў да яго шэраг пытанняў. Так, у прыватнасці, яго цікавіла, чаму яго даставілі ў ізалятар не чакаючы 11 гадзін вечара. “Если вы были один и трезвый, то почему бы вас не отвезти в ИВС сразу?» – парыраваў Харытановіч, чым выклікаў смех сярод прысутных у зале. Цікава, што ніхто са сведкаў не чуў, каб Каваленка лаяўся матам, – яны затрымлівалі яго ўжо пасля таго, як на яго склалі рапарт.

Затым у судзе зноў аб’явілі перапынак. Маці і жонка Сяргея – Лідзія і Алена Каваленкі – патрабавалі, каб прыехала яшчэ адна «хуткая», бо дыягназ дактароў, якія прыязджалі раней, выклікаў у іх сумнеў. Патрабаванне падтрымаў і адвакат. Працэс адклалі да 15.00. Як адзначыла суддзя, пасля агляду медыкаў Сяргей можа якраз трапіць на абед у СІЗА. “Я не абедаю”, – заявіў той. “А вдруг у вас аппетит появится», – адказала В. Іванова.

Паводле заключэння другой брыгады “хуткай дапамогі”, ціск у Сяргея ўжо быў 120 на 70, а агульны стан – “здавальняючы”. “Можна адпраўляць у космас”, – пажартаваў Каваленка, пачуўшы свой дыягназ.

Сяргей Каваленка вылучыў яшчэ адно хадайніцтва: каб супрацоўнікаў інспекцыі па выкананні пакаранняў, у прысутнасці якіх ён нібыта лаяўся матам, а таксама двух сведкаў, якія давалі суду паказанні аб гэтым, праверылі на дэтэктары хлусні. Аднак суддзя адхіліла гэта, матывуючы тым, што ў сведкаў няма прычын для агавору Каваленкі.

Адвакат Пятро Каваленка папрасіў суд скончыць справу, бо ў яе матэрыялах няма доказаў віны яго падабароннага. У сваім выступе ён неаднаразова падкрэсліваў, што ў міліцыянераў перадузятае стаўленне да Каваленкі. “Былі нават выпадкі, калі ў сям’ю, дзе выхоўваецца двое дзяцей, за адну ноч маглі прыйсці пяць разоў з праверкамі”, – сказаў адвакат.
Затым суддзя абвясціла апошні, амаль гадзінны перапынак – да 16.40. Нарэшце яна агучыла судовую пастанову. Сам Каваленка выслухаў вырак спакойна. А вось некаторыя людзі з залы не хавалі сваіх эмоцый і гучна крычалі: “Ганьба суду!”

Каваленка працягвае галадоўку пратэсту. А ягоны 6-гадовы сын, па расповядах Алены Каваленкі, панічна баіцца кожнага званка ў дзверы. Хлопчык хаваецца пад стол, бо думае, што гэта да іх у хату зноў прыйшлі міліцыянеры… “А неяк сын мне увогуле сказаў: “Калі тату пасадзяць у турму, я жыць не хачу”, – прызналася жанчына.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ