У Віцебскай абласной бібліятэцы расфарміравалі аддзел беларускай літаратуры

На дзвярах аддзела беларускай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна вісіць аб’ява: «Уважаемые читатели! Приносим свои извинения за временные неудобства, связанные с переездом. Администрация». Куды пераязджае аддзел, і з чым звязаны пераезд? З гэтымі пытаннямі “ННВ” накіраваліся да дырэктара бібліятэкі Аляксандра Сёмкіна.
У Віцебскай абласной бібліятэцы расфарміравалі аддзел беларускай літаратуры. Фота Яны Ільіной

Як патлумачыў Аляксандр Іосіфавіч, прычына – у змене структуры бібліятэкі: “У нас зараз мяняецца структура бібліятэкі, і самастойнага, адасобленага зала беларускай літаратуры не будзе. Ён расфарміроўваецца, але ніводны асобнік дакументаў, якія там былі, нікуды не пойдзе, – усё застаецца ў нашай бібліятэцы. У тым памяшканні на першым паверсе, дзе быў зал беларускай літаратуры, зараз будзе аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Сюды трапіць асноўная частка фонда, якая раней знаходзілася ў аддзеле беларускай літаратуры. Астатняе будзе размеркавана па аддзелах, якія маюць функцыянальную прыналежнасць: у аддзел літаратуры па мастацтву і аддзел эканамічнай, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры. Яшчэ частка літаратуры паступіць у агульны чытальны зал і аддзел абанемента”.

У Віцебскай абласной бібліятэцы расфарміравалі аддзел беларускай літаратуры. Фота Яны Ільіной

Дырэктар бібліятэкі лічыць, што гэтыя змены павінны спадабацца наведвальнікам: “Я думаю, што чытачам так нават прасцей будзе арыентавацца. Кнігі з аддзела беларускай літаратуры нікуды не падзенуцца. І чытачы, як абслугоўваліся ў нас раней, так і будуць абслугоўвацца – у тым жа аб’ёме. І яны не адчуюць ніякіх нязручнасцей. Проста гэтыя змены даўно ўжо наспявалі. Мяркуйце самі: дзе-небудзь у нямецкай бібліятэцы – і зал нямецкай літаратуры. Ці ў расійскай бібліятэцы – зал рускай літаратуры… Іншымі словамі, у нас, у Беларусі, гэты зал быў як зал замежнай літаратуры. А што тычыцца беларускай кнігі, то мы яе шукаем, дзе толькі можам. Усё, што выдаецца ў нашай краіне беларускага, на беларускай мове, беларускіх аўтараў або беларускіх аўтараў на рускай мове, усё, што аб Беларусі, – мы набывалі, набываем і будзем набываць. Па-іншаму я нават сабе і не ўяўляю…” – кажа Аляксандр Сёмкін.

Пры гэтым ніхто з тых мілых бібліятэкарак, якія працавалі ў аддзеле беларускай літаратуры і заўсёды так ветліва і прафесійна абслугоўвалі чытачоў, сваё месца не страціць. Як запэўніў Аляксандр Сёмкін, яны будуць пераведзены ў іншыя аддзелы, а ў некаторых з іх нават падвысіцца заробак.

Новы аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, па словах дырэктара бібліятэкі, павінен адкрыцца да 10 лютага.

Даведка “ННВ”: Аддзел беларускай літаратуры быў створаны ў абласной бібліятэцы ў 1967 годзе. Па дадзеных сайта бібліятэкі, ягоны фонд налічвае больш за 23 000 асобнікаў выданняў. Гэта кнігі па прыродазнаўстве, геаграфіі, культуры, гісторыі, палітыцы, медыцыне, мастацтве, філасофіі, педагогіцы, этнаграфіі і фальклору Беларусі, выданні аб беларускім спорце і турызме, дапаможнікі і падручнікі па беларускай мове і літаратуразнаўстве, энцыклапедычныя выданні, а таксама беларуская мастацкая літаратура. З 1967 года тут збіралі кнігі з аўтографамі аўтараў. Спіс перыядычных выданняў аддзела складае больш за 40 назваў часопісаў і 20 назваў газет. Штогод фондам аддзела карысталіся больш за 5000 чытачоў, якім выдавалася каля 75 000 выданняў.

Аддзел пастаянна арганізоўваў сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Яго гасцямі былі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Сяргей Законнікаў, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, Вольга Іпатава, Андрэй Хадановіч і іншыя. Ладзяцца тут і літаратурныя сустрэчы з віцебскімі майстрамі прыгожага пісьменства. У апошнія гады тут выступалі Франц Сіўко, Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч, Сяргей Рублеўскі, Міхась Мірановіч, Вольга Русілка, Людміла Сіманёнак і іншыя.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ