Чашніцкі райвыканкам прадае права на здабычу вінаградных смаўжоў

Аўкцыён за права на нарыхтоўку або закупку вінаградных смаўжоў (Helix pomatia) абвясціў Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт.
Чашніцкі райвыканкам прадае права на здабычу вінаградных смаўжоў. Фото Robert Thomson / flickr.com

Пачатковы кошт ліцэнзіі на права цягам 5 гадоў здабыць 13,5 тон вінаградных смаўжоў, што складае палову ад прамысловага запаса, выстаўлены ў 1 400 000 рублёў. Прыняць удзел у аўкцыёне, які адбудзецца 24 лютага, могуць прадпрымальнікі або юрыдычныя асобы. Заяўкі трэба падаць да 20 лютага.

У Віцебскай вобласці такі аўкцыён пройдзе ўпершыню, але ў Беларусі вінаградных смаўжоў здабываюць даўно. Сёлета права на іх нарыхтоўку было ўжо прададзена ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці за 970 000 рублеў, што перавысіла пачатковы кошт толькі на 38,5%.

Згодна беларускага заканадаўства здабываць можна толькі смаўжоў з ракавінай памерам болей за 26 мм. У Віцебскай вобласці нарыхтоўка гэтых малюскаў забароненая ў перыяд з 15 ліпеня па 1 верасня.

З вінаграднага смаўжа ў Еўропе гатуюць вытанчаную страву эскарго (Escargots de Bourgogne). Фото SteamyKitchen.com

З вінаграднага смаўжа ў Еўропе гатуюць вытанчаную страву эскарго (Escargots de Bourgogne). У Францыі, Швейцарыі, Аўстрыі і Германіі гэты від рэдкі і абараняецца законам, таму яго закупляюць за мяжой, напрыклад, у Грэцыі. Порцыя з 12 малюскаў у рэстаране абыдзецца прыкладна 20 еўра. Беларускі вінаградны смоўж французскімі партнёрамі закупаецца па кошце 4-5 еўра за кілаграм, а зборшчыкам нарыхтоўшчыкі звычайна плацяць па 25 еўрацэнтаў за той жа кілаграм.

Зараз у Беларусі Helix pomatia насяляе пераважна былыя панскія сядзібы і паркі. Лічыцца, што на тэрыторыі ВКЛ вінаградныя смаўжы з’явіліся ў XVI стагоддзі, а завёз іх Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Хаця найбольш верагодна, гэтыя малюскі былі завезеныя з тэрыторыі Польшчы каталіцкімі манахамі, якія ўжывалі іх, як дапаўненне да расліннай ежы падчас шматлікіх пастоў.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ