У конкурсе на стварэнне гімна Віцебска перамог твор Тамары Красновай-Гусачэнкі

Як паведамляе сайт Віцебскага гарвыканкама, у творчым конкурсе на стварэнне гімна Віцебска перамог твор, які напісалі віцебская паэтка Тамара Краснова-Гусачэнка і віцебскі кампазітар Аляксандр Раўза. Гімн, які называецца “Песня пра Віцебск” прапануюць для зацвярджэння дэпутатам гарсавета.

На сайце Віцебскага гарвыканкама праводзіцца апытанне наконт гімна. Пытанне ў ім гучыць так: "Поддерживаете ли Вы придание статуса гимна города Витебска произведению Т.И.Красновой-Гусаченко и А.В.Раузо?" Так што чытачы "ННВ" могуць выказаць сваю думку наконт гэтага твора не толькі тут у каментарах, але і ў гэтай апытанцы.

З гісторыі пытання. Гімн Віцебска пісалі і зацвярджалі амаль два гады. Нагадаем, у жніўні 2010 года Віцебскі гарвыканкам аб’явіў конкурс на стварэнне гімна Віцебска, у якім маглі прыняць удзел як асобныя аўтары, так і творчыя калектывы.

Спачатку на яго даслалі 29 прац, з якіх пасля адабралі 23. Аднак, згодна з рашэннем журы, ніводная з іх не была вартая стаць гімнам нашага старажытнага горада, бо не адпавядала конкурсным патрабаванням (высокі мастацкі ўзровень, iнтанацыйна-меладычная яснасць, патрыятычнасць, запамiнальнасць, урачыстасць і рытм шэсця і інш.).

Конкурсныя працы прыходзілі не толькі з Віцебска, але і з Віцебскага і Сенненскага раёнаў, Мінска, Наваполацка і нават Санкт-Пецярбурга.

У пачатку сакавіка 2011 года адбылося пасяджэнне журы конкурса, якое складалася з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Віцебска і супрацоўнікаў гар- і аблвыканкамаў. Гэта камісія разгледзіла ўжо толькі шэсць варыянтаў гімна горада. Падсумоўваючы тады вынікі праслухоўвання, старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін прапанаваў не спяшацца з выбарам гімна.

Трэба думаць, што песню, якая будзе ўслаўляць Віцебск на розных урачыстасцях і іншых мерапрыемствах, упершыню гараджане пачуюць на сёлетнім святкаванні Дня горада, у чэрвені.

Тэкст гімна:

1. Па-над Віцебскам, цераз вякі
Храм Успення, каўчэгам ляціць.
Вольга мудрая ўзмахам рукі
Загадала: “Тут гораду быць!”
Благавешчанскі храм сэрцу люб.
У ім, на нашай Прыдзвінскай зямлі,
Заручаўся князь Неўскі на шлюб,
Хвалі дзвінскія ў сведках былі.

Прыпеў:
Горад над Дзвіной
Любім нездарма –
Родны Віцебск мой
Лепшага няма!
Хай цябе заўжды
Зберагае Спас!
Лік Яго святы
На гербе ў нас.

2. Твае таленты славіць сусвет:
Між сузор’яў нябесных планет,
Навуковец, мастак і паэт
Свой высокі пакінулі след!
Тыя ордэны, што на сцягах –
Гэта доказ пра доблесць і плён,
Пра вялікі і велічны шлях,
І плеяду славутых імён!

Прыпеў:
Горад над Дзвіной
Любім нездарма –
Родны Віцебск мой
Лепшага няма!
Хай цябе заўжды
Зберагае Спас!
Лік Яго святы
На гербе ў нас.

Кода:
Стаў нашым лёсам
Ты назаўсёды,
А ні забыць цябе,
Ні разлюбіць!
Нас аб’яднала
І доля і мэта!
Віцебску многая
Многая лета!
Многая лета!
Многая лета!
Многая, многая лета!

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ