Саветчына і пудзілы – трэнд сёлетніх кірмашоў на «Славянскім базары»

Рамеснікі і гандляры ў славутым “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары” кожны год стараюцца чымсьці здзівіць жыхароў і гасцей Віцебска. Сёлетняй “фішкай” сталі савецкія лозунгі, плакаты ды іншая атрыбутыка, а таксама пудзілы лясных звяроў і птушак.

У гэтым годзе кірмашы рамеснікаў разгарнуліся ажно ў трох месцах: у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”, на вуліцы Суворава і ў парку Пераможцаў. У апошнім – упершыню. Свае падворкі выставілі ўсе рэгіёны Віцебшчыны.

Месцамі “Горад майстроў” нагадвае парк савецкай эпохі. Асабліва, як ні дзіўна, пастараліся палачане. У полацкім падворку на Суворава на возе сядзіць мужчынка, над ім плакат “Кто работает в колхозе, в хлебе не нуждается”. Тут жа напамін аб калектывізацыі, Першамаі, пяцігодках. Мужыкі п’юць піва ў павільёне пад заклікам “Пролетарии всех стран, соединяйтесь!”.  А той, кім сапраўды могуць ганарыцца палачане, - Скарына, знаходзіцца пад густым шашлычным дымам.

Але яшчэ большую “фантазію” праявілі гаспадары павільёна каля “Трох штыкоў” на плошчы Перамогі – тут можна выпіць пад плакатами «Родина-мать зовет!» і «Дойдем до Берлина». Сапраўдны здзек над подзвігам нашых дзядоў.

Між іншым,  паабедаць "на хуткую руку" ў шапіках у парку Пераможцаў не грэбуюць нават аблвыканкамаўскія чыноўнікі.  У адным з павільёнаў сустрэлася жанчына, на якую ніколі не падумаў бы, што яна будзе есці з пластыкавых талеркі і стаканчыка.

Пудзілы – дзікоў, глушца, аленя, зайца – сустракаюцца ў парку Пераможцаў амаль праз крок. За сімвалічную плату – тысячу рублёў – побач з мёртвымі жывёламі можна сфатаграфавацца. Добра, што на такой спякоце пудзілы не псуюцца…

У пачатку Суворава, каля Уваскрасенскага храма, з’явілася графіці агромністымі літарамі “Віцебск-2012”. Напэўна, для тых, хто згубіцца ў часе і прасторы ад бяссонных гулянак. А на каналізацыйных люках – цяпер рознакаляровыя выявы васількоў.  Калі раней ніхто не заўважаў, колькі на вуліцы гэтых люкаў, то зараз на іх толькі акцэнтавалі ўвагу. Прыгожага мала: каналізацыя з сімвалам “Славянскага базара”.

Адным словам, у наш прыгожы, месцамі нават выкшталцоны Віцебск прышоў, як кажуць у народзе, “славянскі бардак”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ