Віцебскую журналістку вінаваць у супрацоўніцтве са СМІ, якога не існуе 10 гадоў

Сябру “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Алену Сцяпанаву вінавацяць у супрацоўніцтве з замежным СМІ, якога... не існуе з 2002 года. 20 жніўня журналістка наведала Віцебскую абласную пракуратуру, дзе пракурор П.Зайцаў яе “апытаў”, а затым уручыў пісьмовае папярэджанне за подпісам намесніка пракурора вобласці старшага саветніка юстыцыі Г. А. Каранько.

Паводле паперы, пракуратура падпільнавала журналістку на “неаднаразовым ажыццяўленні падрыхтоўкі аўдыё- і відэматэрыялаў, а таксама інтэрв’юяванні несельніцтва з мэтай падрыхтоўкі рэпартажаў, якія размяшчаліся ад імя замежнага СМІ - чэшскай рэдакцыі Радыё Свабодная Еўропа-Радыё Свабода на адпаведным інтэрнэт-сайце”.

Хто праводзіў гэтую праверку і якім чынам здабываліся звесткі, пракурор Зайцаў тлумачыць журналістцы не пажадаў, заявіўшы, што гэта інфармацыя ўнутранага карыстання. Адзіным матэрыялам, раздрукоўку якога ён паказаў спн. Сцяпанавай, было апытанне 2008 года, дзе яна як незалежная журналістка дзялілася ўласным меркаваннем з калегамі на нейкую тэму. “Ён сказаў, што гэта з'яўляецца доказам супрацы з замежным СМІ”, - распавяла Алена прэс-службе ГА “БАЖ”.

Алена Сцяпанава збіраецца абскарджваць афіцыйнае папярэджанне найбліжэйшым часам. “Чэшская служба Радыё “Свабода”, наколькі мне вядома, спыніла працу ў 2002 годзе. Таму я фізічна не магу з ёй супрацоўнічаць”, - кажа яна.

Алена стала 11-й па ліку журналісткай, якую афіцыйна папярэдзілі органы пракуратуры ў 2012 годзе. Толькі ў жніўні папярэджаных ужо трое - да Сцяпанавай гэта былі Таццяна Белашова і Генадзь Барбарыч.

Прэс-служба БАЖ

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ