Арт-фантазіі на тэму алфавіта

Мастацкі музей Віцебска прапануе незвычайны праект - «Беларускі арт-алфавіт». Мастакі з розных куткоў Беларусі прадставілі свой погляд на літару, гук, слова і ўсё, што з імі звязана.

Тэма візуалізацыі беларускага алфавіта аб'яднала 12 аўтараў з Віцебска, Мінска, Наваполацка, Гродна, Верхнедзвінска. Наша пісьменства прадстаўлена ў розных відах мастацтва – графіке, жывапісе, скульптуры, фатаграфіі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, інсталяцыі.

Тут і саматканая азбука Святланы Баранкоўскай, і шрыфты Рыгора Клікушына, аўталітаграфіі Уладзіміра Басалыгі, эксклібрысы Юрыя Якавенкі, жывапісныя творы Алега Кастагрыза, каліграфія Марыны Круглікавай, лічбавы друк Кацярыны Мяснікавай, інсталяцыя Алеся Марачкіна. Валерый Шчасны спецыяльна для гэтага праекта стварыў серыю анаграм, Аляксей Яўсееў з дрэва і метала выканаў скульптуру «Вытокі».

Выстава адкрылася напярэдадні Дня ведаў і прысвечана Году кнігі. Праект, які паказвае літару ў розных абліччах і ў форме гульні, будзе цікавы і дзецям, і дарослым.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ