У Віцебску абвешчаны конкурс паводле твораў Міколы Купавы

Вядомы беларускі мастак Мікола Купава абвясціў у Віцебску конкурс паводле сваіх твораў, мэта якога - пашырыць веды гісторыі, культуры і мастацтва Беларусі.

Шаноўныя землякі, жыхары Віцебска!

Cёлета адзначаецца 130-годзьдзе славутых беларускіх песьняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ім ды іхнай творчасьці прысьвечана частка маіх карцін, што дэманструюцца цяпер у галерэі “Сьцяна” (вуліца Леніна, 16-2, тэл. 36-02-79).

Большасьць маіх прац выстаўлена на продаж, і 65% атрыманых грашовых сродкаў я вырашыў ахвяраваць на рэканструкцыю і ўзнаўленьне комплексу базыльянскага манастыра ў Воршы. Гэты помнік архітэктуры знаходзіцца ў бядотным стане, і таму ў кожнага з вас ёсьць магчымасьць далучыцца да высакароднае справы аднаўленьня нашай спадчыны.

Я абвяшчаю конкурс, пераможца якога атрымае магчымасьць набыць мой твор за палову кошту. І пераможа той, хто напіша найбольш поўна і красамоўна пра адзін з прысьвечаных творчасьці Купалы ды Коласа мастацкі твор.

Гэта можа быць аповед пра асабістыя ўражаньні ад паказаных ў маіх творах мясьцінаў або зьвязанага з імі этапу жыцьця і творчасьці нашых славутых літаратараў. Удзельнічаць могуць таксама ўладальнікі блогаў, якія дашлюць спасылкі на адпаведныя запісы ў блогу. Аб’ём працы неабмежаваны. Але дадатковую вартасьць вашым конкурсным працам нададуць арыгінальныя відэа- і фотаматэрыялы, запісаныя на дыск ці дасланыя электроннай поштай.

Свае аповеды (у выглядзе файла ў фармаце Word ці на паперы) або спасылкі на блогі накіроўвайце на электронны адрас [email protected] ці на паштовы адрас 220103, г. Менск, вул. Каліноўскага, 33-8 не пазьней за 24 сьнежня (выставу можна паглядзець да 20 сьнежня).

І не забудзьце пазначыць свае каардынаты, каб я мог паведаміць самаму дасьведчанаму ды крэатыўнаму аўтару пра ягоную перамогу!

Найбольш цікавыя аповеды будуць зьмешчаныя на старонках рэсурса “Аршанскі інфармацыйны сайт”

Посьпехаў вам, паважаныя ўдзельнікі, і няхай дапаможа вам Бог!

Ваш Мікола Купава

Маб. +375 (29) 5513236

Чытайце яшчэ