У Глыбокім пройдзе «Вішнёвы фестываль»

Яшчэ толькі сярэдзіна зімы, а ў Глыбокім ўжо думаюць пра лета – у ліпені тут плануюць правесці фестываль, сімвалам якога будзе вішня.

Вішню глыбачане абралі ў якасці новага брэнда свайго горада нездарма. Амаль на кожным падворку тут квітнеюць вішнёвыя сады. А ягады ў Глыбокім такія, што слава аб іх разышлася па ўсёй Беларусі, і пакупнікі і нарыхтоўшчыкі вішні едуць сюды здалёк.

“У нас растуць надзіва смачныя вішні, салодкія, як чарэшня, але зімаўстойлівыя. Мясцовыя жыхары называюць іх «лапыровы» – яшчэ да вайны гэты гатунак вывеў глыбоцкі садоўнік Баляслаў Лапыр. На падставе вішні гэтай селекцыі выведзеныя многія беларускія гатункі гэтай ягады”, – распавяла “ННВ” інструктар па турызму аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Ала Вярцінская.

З дакладнай датай фэстывалю арганізатары пакуль не вызначыліся: усё будзе залежаць ад надвор’я і таго, калі саспее салодкая “царыца” свята. Вядома толькі, што адбудзецца гэта ў другой палове ліпеня.

Усе фестывальныя імпрэзы звязаны з галоўным дарункам глыбоцкіх садоў. На свяце выбяруць «вішнёвую каралеву». Аматараў тэатральнага мастацтва запросіць форум, які, канешне ж, называецца, як і знакамітая п’еса Антона Чэхава – «Вішнёвы сад». Пройдуць самыя разнастайныя конкурсы: кулінараў, фотамастацтва, ландшафтных кампазіцый, ікебан, сувеніраў, прычосак, песень. У праграме таксама пленэр юных мастакоў і міжнародны кірмаш, дзе можна будзе набыць і вішні, і вішнёвыя прысмакі. Зразумела, будуць і гумарыстычныя конкурсы – на хуткаснае з’яданне вішань, стральбе костачкамі і г.д.

А яшчэ ў ваколіцах Глыбокага збіраюцца закласці вішнёвы сад. У ім плануюць пасадзіць ўсе магчымыя гатункі гэтай культуры, якія толькі атрымаецца прывезці з розных краін.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ