У Віцебску пройдуць майстар-класы фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачне ў Віцебску новы адукацыйны сезон: 8 лютага ў нашым горадзе адбудзецца серыя майстар-класаў з удзелам прадстаўнікоў найбуйнейшых беларускіх агенцтваў.

Асноўная мэта мерапрыемства – паведаміць пра наяўныя сучасныя тэндэнцыі на рэкламным рынку як у Беларусі, так і ў іншых краінах, заахвоціць да ўдзелу ў фестывалі рэкламістаў Віцебска і вобласці і звярнуць увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэатыўнай і сучаснай.

Удзел у майстар-класах будзе карысны перш за усё прадстаўнікам рэкламна-камунікацыйнага бізнэсу Віцебскай вобласці: прадстаўнікам аддзелаў маркетынгу кампаній і прадпрыемстваў вобласці, рэкламных агенцтваў і дызайн-студый, спецыялістаў у галіне медыяў і СМІ.

Цягам мінулага года такія сустрэчы прайшлі ў Гродне, Магілёве, Брэсце і Гомелі. У iх узялi ўдзел прадстаўнiкi найбуйнейшых кампаній і агенцтваў краiны.

Сёлета фестываль праходзіць ужо ў чацверты раз, і арганізатары чакаюць плённай працы ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах. “Мы ўпэўненыя, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ на беларускай мове, але яны з розных прычынаў не бачныя сярод прадстаўнікоў прафесійнай суполкі, – адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік праекту Marketing.by. – Акрамя таго, трэба разумець, што сучасны рэкламны прадукт сёння робіцца больш моўным і камунікацыйным. Звычайныя сродкі адыходзяць на другі план, а дасягаюць поспеху незвычайныя ідэі і спалучэнні, таму кожная ідэя можа ператварыцца ў самы буйны праект дзякуючы простаму ўдзелу у фестывалі AD.NAK”.

Арганізатары таксама адзначаюць, што дзякуючы багатай конкурснай праграме фестываль дае дадатковыя магчымасці рэкламістам, якія жадаюць выконваць работы на беларускай мове, паспрабаваць свае сілы і стварыць рэкламны прадукт у межах прапанаваных конкурсаў. У гэтым годзе конкурсная праграма таксама зменіцца, і большасць конкурсаў будзе падтрыманая найбуйнейшымі беларускімі брэндамі.

Акрамя прэзентацыі фестывалю AD.NAK-2013 у межах праграмы семінараў таксама выступяць Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Кіраўнік мінскай студыі “Адліга” Анатоль Лазар правядзе майстар-клас на тэму “Між творчасцю і маркетынгам”, у якім падзеліцца вопытам арганізацыі рэкламнага бізнэсу ў Беларусі, асаблівасцямі ўзаемаадносін з кліентамі, а таксама пра асаблівасці выкарыстання беларуская мовы ў рэкламе.

Дырэктар рэкламнага агенцтва Capitalist Digital Зміцер Вайноўскі, які з'яўляецца аўтарам ролікаў AD.NAK! і іншых праектаў, правядзе майстар-клас пад назвай “Рэклама па-беларуску: ментальныя коды, стварэнне ўстойлівага словазлучэння, новыя словы ў рэкламе”.

Тэма майстар-класа дызайнера інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic Захара Шлiмакова гучыць так: “Digital Love: Ooh, I don't know what to do about this dream". Захар падрабязна разгледзіць кейс інтэрактыўнага праекту 10.mts.by, а таксама паведаміць пра апошнія трэнды ў digital-маркетынгу.

Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by раскажа пра фестываль AD.NAK!, а таксама прадэманструе работы пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы 2012 года.

Майстар-класы адбудуцца 8 лютага ў канферэнц-зале гасцініцы "Віцебск" (вул. Замкавая, 5/2 a). Колькасць удзельнікаў – да 60 чалавек. Удзел бясплатны.

AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яе галоўная мэта – звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу і іншыя сродкі маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.

Сёлета фестываль пройдзе ў Мінску 27 чэрвеня ўжо ў чацверты раз. Летась ён стаў рэкордным па колькасці пададзеных работ і ўдзельнікаў – было атрымана больш за 300 заявак ад больш чым 100 удзельнікаў.

Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць прадстаўніку аргкамітэту фестывалю па Віцебскай вобласці Уладзімеру Булаўскаму (тэл: +375 (29) 894-0517, е-mail: [email protected]) альбо кіраўніку праекту Marketing.by Сяргею Скараходу (тэл.: +375 29 755-1434, 177-0121, e-mail: [email protected]).

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ