Памёр Народны паэт Рыгор Барадулін

2 сакавіка памёр адзін са славутых сыноў Віцебшчыны — паэт Рыгор Барадулін. Гэта найвялікшая страта для беларускай літаратуры.
Рыгор Барадулін. 2012 год. Фота Валерыя Дубоўскага

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка Ушацкага раёна 24 лютага 1935 года. Пачаў друкавацца ў 50-я гады мінулага стагоддзя. З таго часу выйшла больш за семдзесят зборнікаў яго вершаў і каля трыццаці кніг зробленых ім перакладаў рускіх, украінскіх, балгарскіх, латышскіх, іспанскіх, курдскіх, чачэнскіх і іншых вядомых паэтаў свету. Паэзія Барадуліна перакладзеная больш як на трыццаць пяць моў свету. У 2006 годзе за зборнік вершаў “Ксты” намінаваўся на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. На жаль, яе паэт ужо ніколі не дачакаецца.

Рыгор Барадулін быў апошнім, хто атрымаў ганаровае званне Народнага паэта. Адбылося гэта ў 1992 годзе.

Творчасць Рыгора Барадуліна — свет бяздонны. Маці, Беларусь, Сумленне, Каханне — і безліч іншых святых і вечных пяняццяў у ягонай паэзіі заіскрыліся непаўторнымі вобразамі і трапнымі словамі. Цягам усяго свайго плённага літаратурнага жыцця не забываў пісаць цікавыя кнігі для маленькіх беларусаў. У апошняе дзесяцігоддзе шмат працаваў на ніве духоўнай лірыкі.

Рыгор Іванавіч надзвычай шанаваў сваю маму — Акуліну Андрэеўну, а таксама родную Ушаччыну. Блізка сябраваў са славутымі землякамі — Васілём Быкавым і Генадзем Бураўкіным. Пакуль меў сілы, не забываў сваіх чытачоў з Віцебшчыны, ахвотна сустракаўся з імі. У апошнія гады творчыя сустрэчы найчасцей ладзіліся ў касцёлах і грэка-каталіцкіх абшчынах.

Гэта быў Паэт Беларускай Нацыі, што заўжды меў выразна акрэсленую грамадзянскую і чалавечую пазіцыю.

Напярэдадні свайго 79-годдзя Рыгор Барадулін даў разгорнутае, удумлівае інтэрв’ю Сяргею Шапрану для газеты “Новы час”. Скончыў яго словамі “Маладым хочацца найперш сказаць, каб заставаліся самімі сабой. Грошы, слава — цяпер жа столькі спакус, і таму дужа цяжка выстаяць, але ўсё гэта сыдзе, і чалавек застанецца сам-насам. Таму пажадаю: жывіце сэрцам, а не розумам.”

Паэту не давялося прычакаць свайго васьмідзесяцігоддзя. Не будзем жа забываць ягоных твораў. Вечная памяць і слава!

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.

Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.

Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ