Памяць пра Караткевіча: здаровы кансерватызм альбо ханжаства?

Mерапрыемствы, якія прайшлі ў Віцебску напрыканцы мінулага месяца i былi прысвечаныя 84-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, раскрылі з новага боку воблік нацыянальнага кумiра.
У Віцебску прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 84-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Фота Георгія Каржанеўскага

Усяго было два вялікіх мерапрыемствы. На адным з іх, у «Залатым кальцы горада Віцебска “Дзвіна”», наведвальнікі маглі атрымаць асалоду ад багацця музычных асацыяцый з творчасцю вялікага пісьменніка. Выступаў гурт з Мінска «Нельга забыць». А вось на іншым, якое праходзіла ў Віцебскай гарадской бібліятэцы мы спынімся больш падрабязна, бо яно правакавала пэўныя асаблівасці нацыянальнага менталiтэту.

Спачатку наведвальнікам паказалi прэзентацыю, якая павінна была падкрэсліць, што ў кожнага свой Уладзімір Караткевіч. Прысутныя маглі ўбачыць некаторыя рэдкія фатаграфіі і папоўніць свае ўяўленні аб непаўторным абліччы пісьменніка зямлі беларускай.

Таксама гледачам быў прадстаўлены архіўны кінадакумент, на якім быў захаваны ўрывак са святкавання 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Тады пісьменнік звярнуўся да сваіх чытачоў з такімі словамi: «Сябры мае i сяброўкi! Няўжо вы думаеце, што я быў чагосцi варты без вас, якiя сышлiся сюды з большай цi меншай сiмпатыей да мяне. Мабыць, нiчога быў не варты без вас, дарагiя. Без зямлi беларускай вялiкай. Без вялiкага беларускага народа. Без вялiкай беларускай мовы. I таму, дзякуй вам за тое, што вы ёсць. Дзякуй вялiкай зямлi беларускай за тое, што еў яе хлеб, пiў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, пацiскаў самыя верныя на свеце мужчынскiя рукi ў дружбе, i зрэдку шанцавала мне цалаваць рукi самых мiлых iстот на свеце – нашых жанчын. Дзякуй вам, людзi, тысячу раз дзякуй вам!.. Без вас я нiшто».

Уладзiмiр Караткевіч спавядаў філасофію, якую можна было б назваць «чароўным матэрыялізмам». Яна характарызуецца нязменным рамантызмам і верай не столькі ў асабістую вечнасць, колькі ў вечнасць пачуццяў і ўнутраных парываў індывідуальнай душы, якія застаюцца ў энергаінфармацыйным полі і пасля смерці кожнай асобнай чалавечай істоты. І пісьменнік як бы счытваў гэтыя парывы, што існуюць у выглядзе мыслеформ і мыслевобразаў, глыбока зазіраючы ў прастору нацыянальнага духу. Але і сам Уладзімір Караткевіч невымерна узбагаціў нацыянальную сераду створанымі ім вобразамi.

Адсюль зразумелай зʼяўляецца жывая і непадробная цікавасць да жыцця аўтара ў сапраўдным сэнсе гэтага слова чароўных твораў. Будучы пісьменнікам рамантычнага склада, на яго творы несумненна ўплывалі адносіны з жанчынамі. У рамантыкаў, у адрозненне ад рэалістаў, не можа быць інакш.

І вось на памятным вечары пісьменнік Дзяніс Марціновіч прэзентаваў дзве свае кнiгi: «“Донжуанскi спiс” Караткевiча» i «Жанчыны ў жыццi Уладзiмiра Караткевiча». Аўтaр падкрэсліваў вядомую смеласць такога кроку з свайго боку: «У нас дастаткова кансерватыўнае грамадства, i калi нават зʼявiлiся гэтыя кнiгi, нягледзячы на тое, што там усё дэлiкатна напiсана, мне ўсё роўна задавалi пытаннi: “А навошта вы гэта робiце? Чаму вы чапаеце Караткевiча?”». Тое ж самае ён казаў пра магчымым стаўленнi да яго тых, хто сабраўся ў чытальнай зале: «Магчыма, далёка не ўсё, што я скажу, будзе ўспрынята так пазiтыўна, i, магчыма, у кагосцi супярэчанне з маёй пазiцыяй, з маiмi думкамi i тым, што я напiсаў».

Патрыярхальнасць нацыянальнага менталітэту ні для каго не сакрэт, і ці трэба яе трывожыць такімі даследаваннямі? Ці трэба падвяргаць сумненням чысціню і беззаганнасць лепшых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры і ўносіць элементы сумневаў і разладу ў памяць пра іх? Але ці зʼяўляюцца такія даследаванні праявай непавагі да светлай памяці вялікай асобы, без якой наша культура была б вельмі няпоўнай? А можа, жаданне захаваць арэол абсалютнай святасці ёсць праява менталітэту, які характарызуецца так званым «свецкім клерыкалізмам» і проста «саўком»?

Думкі ў зале падзялiлiся. «Вось вы ўвесь час, калi гаворыце пра стасункi Караткевiча, ужываеце слова “каханне”. Мажа трэба неяк iнакш казаць?», «Не пра ўсiх жа 13 жанчын, пра якіх вы пiшаце, можна так гаварыць?..» – такiя пытаннi выказвалiся аўтару. I трэба ўсё ж аддаць належнае жаночай часткі аўдыторыі, якая вынесла свой вердыкт: «Нішто чалавечае не чужа». У адрозненне ад мужчынскай часткі, якая не захавала ў гэтых адносінах адзінства.

Было зададзена пытанне і адносна магчымасці даследаванняў пра «мужчынскую дружбу» Уладзіміра Караткевіча, у «сапраўдным», а не ў «сучасным» сэнсе. Але што б там не адбывалася, і кансерватары, і больш ліберальнае грамадства сярод прысутных у чытальнай зале, па-свойму будуць напоўнены павагай да Уладзіміра Караткевіча. Бо вялікі чалавек не можа не быць разнастайным, а гісторыя праяўляе схільнасць раскрываць усё вялікія дэталі і падрабязнасці з працягам часу.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ