Павел Севярынец: вертыкаль беларускай развагі

У віцебскім “Еўрапейскім клубе” 21 лютага адбылася прэзентацыя кнігі палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”.
21 лютага ў Віцебску адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”. Фота Георгія Каржанеўскага

Павел Севярынец – адзін з сустаршыняў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, які быў прызнаны “вязнем сумлення” міжнароднай арганізацыяй “Amnesty International”, і з’яўляецца адным з найбольш яркіх і самабытных палітыкаў сучаснай Беларусі. Будучы правадніком маральных прыярытэтаў у палітыцы, заснаваных на хрысціянскай духоўнасці, ён разбівае ўстояныя і закасцянелыя ўяўленні аб тым, што палітычная дзейнасць заснавана абавязкова на хітрасці, разліку, а то і падмане.

21 лютага ў Віцебску адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”. Фота Георгія Каржанеўскага

Але ж Павел Севярынец не толькі палітык, ён яшчэ і вядомы пісьменнік, кнігі якога прысвечаны свайму роднаму краю, яго людзям, і напоўненыя аўтэнтычным пражываннем нацыянальнага лёсу і сапраўдным беларускім патрыятызмам. Таленавіты чалавек не можа быць злым, і нацыянальная кансерватыўна-хрысціянская пазіцыя Паўла Севярынца з’яўляецца сапраўды гуманістычнай і адпаведнай еўрапейскім каштоўнасцям, у чым можа пераканацца кожны, хто чытае яго кнігі ці артыкулы або знаёмы з ім асабіста.

21 лютага ў Віцебску адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”. Фота Георгія Каржанеўскага

Сваю размову з прысутнымі Павел Севярынец пачаў з рэпрэсіўных падзей, якія і падштурхнулі да напісання новай кнігі: “Гэтая кніга была напісаная за тыя тры гады, якія мне давялося адбываць за “Плошчу-2010”, я думаю, гэта ўсе ведаюць. Была акцыя пратэсту ў 2010 годзе, пасля якой шмат каму давялося праходзіць следства і адбываць пакаранне. Для мяне кніга пачалася менавіта ў зале суда за Плошчу, і было гэта дастаткова цікава.

21 лютага ў Віцебску адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”. Фота Георгія Каржанеўскага

Я спачатку думаў, як паводзіць сябе на судзе, бо з аднаго боку суд, а з другога боку – суд няправедны. І ў рэшце рэшт вырашыў браць прыклад з нашага Госпада, Які таксама стаяў перад няправедным судом і маўчаў. Таму паказанні на следстве я не даваў, у судзе таксама, і за мяне сведчылі тыя, хто падтрымліваў.

Некалькі чалавек напісалі рэкамендацыі, вось адну з такіх рэкамендацый ад Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” суддзя зачытвае, і сэнс рэкамендацый такі: калі ласка, не саджайце Севярынца, ён харошы, у мінулы раз, калі сядзеў за палітыку ў Малым Сітне, ён напісаў кнігу “Лісты з лесу”. Прызнала лепшай кнігай 2007 года. У гэты момант я бачу, што пракурор такі падымаецца з за стала, з шырачэзнай галівудскай усмешкай, я мала бачыў, каб беларускія пракуроры ўсміхаліся, а каб так усміхаліся, не бачыў не разу ў жыцці… Пракурор аж нахіліўся, каб падзяліцца з усімі такой дасціпнай рэплікай і сказаць штосьці такое ўдалае, але ж устрымаўся, сеў на месца. Але ў мяне сэрца ёкнула, і я зразумеў, што ён хацеў сказаць: “Сядзеў Севярынец, напісаў кніжку, пасядзіць – напіша яшчэ…” Так яно і сталася, я так і зразумеў, што пісаць кнігу давядзецца”.

Павел Севярынец не аднойчы прыводзіў прыклады, як потым “Гасподзь ладзіў усё па-свойму”, і ў турме, а таксама на “хіміі”, ён адчуваў кіраванне над сабой Божай волі. У выніку атрымалася кніга “Беларуская глыбіня”, якая стала новым этапам у асэнсаванні аўтарам актуальных шляхоў нацыянальнага лёсу: “У гэтай кнізе я стараўся зазірнуць у Беларусь глыбей. Мне здаецца, шта гэта адна з асноўных рысаў беларускага менталітэту: беларусы – людзі глыбокія. Гэта расіяне шырокія… Украінцы шырокія душы таксама: салідарнасць, Майдан, казацтва… Палякі не вузкія душы… А вось беларусы – глыбокія.

Мы часта думаем, што гэта такое пракляцце: “наша хата з краю”, не можам мы нармальна паразумецца, талакой папрацаваць. Вось даў Гасподзь такі характар. Але ж я думаю, што гэта дабраславенне Гасподне, нічога выпадкова не робіцца. Бо людзей, глыбейшых, чым беларусы, сярод бліжэйшых суседзяў, мне сустракаць проста не даводзілася.

Трэба паглядзець, колькі геніяў з беларускай зямлі не проста паходзяць, але ж аддалі сябе іншым народам. Хто заснаваў польскую літаратуру? Палова – беларусы. Расійская музыка: Глінка, Стравінскі, Барадзін, Шастаковіч з паходжання беларусы. Калі браць першадрукароў Бібліі, для ўсяго рэгіёну друкавалі яе беларусы. Святыя ўсіх канфесій – рэдкая краіна ў Еўропе мае святых усіх канфесій. А Беларусь – мае. Шаснаццаць Нобелеўскіх лаўрэатаў па паходжанню з Беларусі. Такая канцэнтрацыя геніяў хіба яшчэ ў Ізраілю і некалькіх штатах ЗША назіраецца. У Беларусі людзі, безумоўна, адчуваюць і глыбіню, і вышыню, я думаю, што гэта наша дабраславенне і ёсць. Беларус – гэта не толькі “мая хата з краю”, ён глыбока пагружаецца ў сваю справу, глыбока пагружаецца ў адчуванне таго, што трэба зрабіць”.

Аўтар звярнуў увагу на выражэнне сэнсу у самім афармленні кнігі. Мы бачым калодзеж, але зазірнуўшы гранічна ў яго глыбіню, там распасціраюцца вершаліны дрэў і неба. Такім чынам, перад намі ўзнікае адзінства вышыні і глыбіні ў іх першапачатковым, духоўным сэнсе.

Вывад Паўла Севярынца датычыўся асноватворнага духоўнага вектару беларусаў: “Таму, мне здаецца, беларусам трэба некалькі перавесці мысленне, развагі з гарызантальнай плоскасці, на колькі мы “шырока” можам выступіць, у вертыкальную: глыбіня і вышыня. Калі кожны беларус на сваім месцы зробіць тое, на што ён здольны, краіна ў нас будзе абсалютна іншая”.

Нельга не пагадзіцца з мудрасцю заўваг адносна глыбіні беларускага менталітэту. Калі параўнаць тыпы духоўнасці ў нашых бліжэйшых суседзяў, мы ўбачым, што шырата расійскага духу абавязкова ўключае цывілізацыйны, а то і наўпрост імперскі кампанент, які з’яўляецца для суседзяў залішне дакучлівым, а то і проста варожым. Украінская духоўнасць мае пэўны магічны характар, улічваючы да таго ж практыцызм нацыянальнага менталітэту і прыродны артыстызм украінцаў. Беларусы з’яўляюцца прыроджанымі містыкамі, а містыцызм як раз адрозніваецца найбольшай паглыбленасцю ў пытанні сэнсу існавання і прычынных сувязяў ўнутры быцця.

Пасля выступу Паўла Севярынца яму быў зададзены шэраг пытанняў, як адносна кнігі, так і актуальнага стану спраў у палітыцы, культуры, рэлігіі. Варта адзначыць высокі ўзровень пастаўленых пытанняў і адказаў, а таксама агульную зацікаўленую і сканцэнтраваную атмасферу на сустрэчы. Усё атрымалася ў адпаведнасці з ідэяй новай кнігі: беларусам сапраўды ўласціва глыбокае асэнсаванне прычыннага шэрагу сучасных з’яў, а таксама тых падзей, якія сталі ўжо гісторыяй. Са свайго боку мы задалі палітыку адно з пытанняў, звязаных з успрыманнем хрысціянства ў Беларусі і адрозненні яго ад імперскай рыторыкі шматлікіх кіруючых прадстаўнікоў рускага праваслаўя.

Сумленнае хрысціянства

– Як Вы ацэньваеце пазіцыю вышэйшых колаў праваслаўнай царквы ў Расіі, дзе ёсць і падтрымка Крамля, і падтрымка імперскасці, і карупцыйныя скандалы… Гэта вельмі вялікая праблема.

— Мне, як праваслаўнаму, вельмі часта бывае сорамна за тое, што гавораць іерархі царквы. Але я нагадваю вам, што мы верым не ў мітрапаліта Паўла, мы верым не ў патрыярха Кірыла, мы верым ў Іісуса Хрыста, нашага Госпада, укрыжаванага і адданага смерці якраз іерархамі тагачаснай царквы. Гэта факт, які ўсім адкрыты ў Евангеллі. Не рымляне забілі яго, не няверуючыя, не язычнікі, а менавіта іерархі царквы аддалі Іісуса Хрыста на смерць. Таму іх адказнасць ва ўсе часы велізарная, вось гэтая спакуса, якая стаіць перад імі, агромністая.

Але я веру ў тое, што напісана ў Бібліі, а там напісана: “Я збудую царкву маю, і брамы пекла не адолеюць яе” (Мф. 16: 18). Нават калі галава адваліцца, умоўна кажучы, калі іерархі, адзін, другі ці нават цэлая група здрадзіць, усё роўна брамы пекла царкву не адолеюць. Царква выстаіць, сапраўднае беларускае праваслаўе: не версія, што мы “малодшыя браты”, не нецярпімая да каталікоў і пратэстантаў, але сапраўдная беларуская царква, адкрытае, жывое, талерантнае, глыбокае праваслаўе. Яно будзе ў Беларусі той верай, якую мы і называем праваслаўем.

Палітычны тролінг

Мы не можам не вылучыць асобнае пытанне, якое тычыцца “палітычнага тролінга” Паўла Севярынца. Палітычныя апаненты не аднойчы выказвалі застарэлыя абвінавачванні яго ў удзеле ў развале БНФ. Павел Севярынец на гэта адказаў дакладна:

— Адносна адзінага Беларускага Народнага Фронту і яго развалу… У 1999 годзе, калі адбываўся з’езд 31 ліпеня – 1 жніўня, мне тады быў 21 год, але я з сённяшняй 38-гадовай пазіцыі гляджу і бачу, што тады ў “Маладога фронту”, па крайняй меры ў тых, хто быў каля нас, пазіцыя была, ну хіба што не адзіная, хто працаваў на захаванне. Калі вы памятаеце, тады была частка за Зянона Пазняка, была частка супраць яго, і быў “Малады фронт”, які стараўся заняць пазіцыю “пасярод”, як сённяшняя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, каб прывесці ўсіх да адзінства.

Мне самому даводзілася сустракаць на перапынку Юрася Адамавіча Беленькага і Вінцука Рыгоравіча Вячорку, лавіць іх проста з бутэрбродамі, калі яны перакусвалі, усаджваць, і гаварыць аб тым, што давайце, сябры, захаваем Беларускі Народны Фронт ад расколу і развалу. Але сітуацыя была такая, што з боку тых, хто быў супраць Зянона Пазняка, была праведзеная пэўная праца: “Мы без Зянона справімся, выбіраем новага старшыню”. З боку каманды Зянона, на жаль, была такая сітуацыя: “Выкінем смуцьянаў, якія муцяць ваду, ачысцім Фронт і ідзем далей”. Кожная каманда спадзявалася, што за імі будзе большасць. І калі ў вырашальным галасаванні за Пазняка як старшыню, прагаласавала 156 “за”, і “супраць” яго таксама 156 чалавек, такое, разумееце, пісьменніку, нават, не прыдумаеш. Гэта яскравае сведчанне, што тупік проста…

Я галасаваў за Зянона, прычым двойчы, першы раз на гэтым з’ездзе, а пасля на другім, які праводзілі ўжо Баршчэўскі і Вячорка. Я лічыў і лічу да гэтага часу, што Зянон Пазняк – гэта самая вялікая постаць беларускай гісторыі ў ХХ стагоддзі, нават вышэй за Янку Купалу, таму што ён вярнуў незалежнасць Беларусі. Але з іншага боку я не прымаў і не прымаю такой пастаноўкі пытання, каб выкідваць людзей, якія і гонар і славу Беларускага Народнага Фронту складаюць.

Раскол пачаўся тады, калі прапанавалі сойм Беларускага Народнага Фронту без вось гэтых вядомых людзей. І мы “Маладым фронтам” галасавалі за тое, каб спачатку абіралі не старшыню, які пасля будзе “падчышчаць” непажаданых, а спачатку выбіралі сойм. Вось гэты момант быў для мяне прынцыповы… Таму я за адзінства і прыхільнік гэтага адзінства нават за кошт пэўных саступак заўжды.

Неабходнасць служэння

Сярод шматлікіх пытанняў, зададзеных Паўлу Севярынцу, было пытанне пра тое, кім ён лічыць сябе больш: палітыкам ці пісьменнікам, і ці не думае ён заняцца пісьменніцтвам у першую чаргу…

— Я сам сябе лічу больш пісьменнікам, чым палітыкам. Палітыка – гэта не маё, тут павінен быць пэўны склад характару. Гэта таксама служэнне людзям, але ж служэнне, якое мае на мэце нейкі улік, пралік розных пазіцый, розных зацікаўленняў, рацыянальнае вылічванне кампрамісу, які задавальняе большасць.

Шчыра кажучы, мне гэта не блізка, з матэматыкай я так асоба не сябраваў у школе, хаця і меў “пяцёрку”, бо быў выдатнікам. Але не ляжала душа… Бліжэй мне, канешне, пісьменніцтва, і любы зручны час займаюся ім, а палітыка – гэта ўжо неабходнасць. Гэта проста адказ на пытанне: “Хто, калі не я?” Калі я хачу, каб мае дзеці ў гэтай краіне вучыліся па-беларуску, каб яны былі вольныя, каб іх сапраўды ніхто не ганіў, што яны любяць сваю Радзіму ці сваіх бацькоў, то я павінен займацца тым, каб змяніць гэтае становішча.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ