Знаёмцеся: выдавецтва гістарычнай кнігі “Янушкевіч”

Прэзентацыя кнігі “1939 год і Беларусь: забытая вайна”кандыдата гістарычных навук Анатоля Трафімчыка адбылася на арт-базе "Vitebsk4Me" у мінулую суботу. Аднак сустрэча атрымалася больш шырокай, чым анансаваныя прадстаўленне кнігі і сустрэча з аўтарам: у гэты дзень у Віцебск прыехаў таксама і выдавец Андрэй Янушкевіч, які пазнаёміў з іншымі кнігамі, што пабачылі свет дзякуючы Выдавецтву гістарычнай кнігі “Янушкевіч”.

Выдавец Андрэй Янушкевіч. Фота Барбары Церашковай

Андрэй Янушкевіч і выдадзеныя кнігі

—На сваёй машыне так далёка на паўночны ўсход у сваім жыцці я яшчэ не заязджаў, —адразу прызнаўся выдавец. — Праязджаючы праз цэнтр адно ўражанне – вельмі прыгожы горад. Не чакаў, што амфітэатр настолькі заціснуты дарогамі. Ён нібы закатаваны ў гэтай інфраструктуры. Гэта нешта ўнікальнае.

Нечым унікальным падалася і дзейнасць выдавецтва. Бо ягоная выдавецкая палітыка —набліжаць гісторыю для людзей – на сённяшні дзень наўрад ці здольная прынесці вялікія дывідэнты. І тым не менш, дзякуючы яму свет пабачылі унікальныя выданні, што адчыняюць невядомыя старонкі гісторыі і часам прапануюць сенсацыйныя звесткі.

Кніга вядомага геральдыста і геніёлага Аляксея Шаланды “Таямнічы свет беларускіх гербаў” разбівае стэрэатыпы аб беларускай шляхецкай геральдыцы. Грунтоўнае выданне багата ілюстраванае: большасць з 400 ілюстрацый публікуюцца ўпершыню.

Не саступае геральдычнаму даследванню і кніга маладога гісторыка Міколы Волкава “Артылерыя Нясвіжскага замка”. Акрамя рупліва сабраных звестак пра фартыфікацыю аднаго з самых вядомых замкаў Беларусі, аўтар вядзе гаворку пра ўнікальны феномен дэкаратыўнага мастацтва – Нясвіжскія гарматы. Дасюль у навукова-папулярнай літаратуры Беларусі не было апісання гэтай зброі. Тым не менш, пра гарматы ведалі ў свеце: акупанты ў час апошняй вайны вывозілі іх у Берлін, адкуль зброя на радзіму ўжо не вярнулася… Цікавая інфармацыя суправаджаецца каляровымі ілюстрацыямі.

—Арыентацыя ў нашага выдавецтва – гістарычная. Але я паддаўся спакусе і выдаў мастацкую кнігу, —заінтрыгаваў Андрэй Янушкевіч. —Яна пакуль мала дзе прадаецца. Гэта кніга напісана ў жанры гістарычнай фантастыкі і прапануе чытачу паглыбіцца ў альтэрнатыўную гісторыю.
Аўтар кнігі — чукоцкі пісьменнік Сяргей Тымнэттыкай – фантазіруе аб тым, што было б, калі б у 17 стагоддзі Чукотка захапіла Маскву і ператварыла яе ў сваю аўтаномную акругу. Выдавец запэўніваў, што кніга моладзевая і разняволеная. Аднак лепшая рэклама чакала выданне пад канец сустрэчы: у пакой зазірнуў адзін з гаспадароў арт-сядзібы і між іншым пахваліўся, што за гадзіну адолеў больш за палову кнігі і не можа ні адарвацца, ні стрымаць смеху.

1939 год і Беларусь: забытая вайна

Кніга Анатоля Трафімчыка была названая выдаўцом бестселерам мінулага года. Прымеркаваная яна да сумнага юбілею – 75 год пачатку Другой сусветнай вайны. А па апытанню, праведзеным радыё “Свабода”, была прызнаная лепшай дакументальнай кнігай мінулага году. У лютым гэтага года Анатоль Трафімчык атрымаў прэмію Францішка Багушэвіча за лепшы гісторыка-дакументальны твор.

—Я сам выкладаў гісторыю і ведаю, што маладое пакаленне, на жаль, часта не адрознівае вялікую айчынную вайну ад другой сусветнай, —падзяліўся Анатоль Трафімчык. —Тым больш, што сітуацыя Беларусі ў гэтых войнах вельмі заблытаная. Вельмі часта беларусы апыналіся паміж двух, а часам і не толькі двух агнёў.

Апавяданне пра Другую сусветную вайну аўтар пачынае не з 1 верасня 1939 года, калі Германія здзейсніла напад на Польшчу. А значна раней —ад канца Першай сусветнай. І геапалітычная сітуацыя, што склалася нашмат раней, за абазначаныя падзеі, становіцца фонам даследавання. Развіццё падзей прадстаўленае на некалькіх узроўнях: дзяржавы, краіны, народа, улічваўся момант мікрагісторыі – як падзеі адбіліся на канкрэтных людзях.

Ёсць у кнізе ўнікальныя факты, многія з якіх старанна замоўчваліся да апошняга часу. Ды і зараз іх не надта спяшаюцца адкрыць шырокаму чытачу. Так, Анатоль Трафімчык апавядае аб тым, што, у межах Рыжскага міру бальшавікі былі гатовыя аддаць Польшчы куды большы кавалак Беларусі, чым аддалі ў выніку. Да Польшчы мог адысці ў тым ліку Мінск. Палякі адмовіліся, бо перамагла канцэпцыя ўнітарнай дзяржавы, мэтай якой была асіміляцыя беларускага народа: на вялікай тэрыторыі гэта зрабіць было б цяжка.

Гісторыкі таксама робяць вывад аб тым, што бальшавікі на самой справе не планавалі даваць беларусам дзяржаўнасць. Гэтае ж меркаванне агучана ў двухтомніку “Рижский мір”, які нядаўна пабачыў свет.

-Пры ўсіх недахопах двухтомніка, гэта крок наперад, —лічыць Анатоль Трафімчык. —Кніга легальная, легальна прадаецца, напісана з беларускіх пазіцый.

У сваім выданні “1939 год і Беларусь: забытая вайна” аўтар закранае цэлы шэраг спрэчных і “закрытых” пытанняў, якія робяць кнігу цікавай для самага шырокага кола чытачоў.
Дзе купіць кнігу?

На гэтае пытанне адказ атрымаўся вельмі няпросты. Нягледзячы на тое, што і аўтар, і выдавец лічаць, што кніга не ідзе супраць дзяржаўнай палітыкі, “Белкніга” не ўзяла яе на рэалізацыю (дарэчы, іншыя кнігі выдавецтва ёсць у вольным продажы). У Віцебску на сённяшні дзень выданне можна было набыць у дзень прэзентацыі, атрымаўшы пры гэтым аўтограф аўтара.

Кніга выйшла накладам 700 экзэмпляраў і больш за палову (больш 400) ужо рэалізаваныя. Як прызнаўся Андрэй Янушкевіч, на сённяшні дзень пра поспех гістарычнай кнігі сведчыць рэалізацыя 300 экзэмпляраў.

Ад сябе дадам, што вельмі засмуціў памер аўдыторыі, што сабралася на прэзентацыю кнігі і выдавецтва. Цешыць хіба тое, што на вечары не было выпадковых людзей і сярод моладзі, і сярод сталых слухачоў.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ