Міхась Ляўковіч: нацыянальная паэзія выяўленчага мастацтва

З нагоды сваёй выставы “Зачараванне” у Віцебскім мастацкім музеі, Міхась Ляўковіч расказаў нам аб сваім стаўленні да ўспрымання беларускай традыцыі, рэалізацыі задач нацыянальнага выхавання і месцы роднай прыроды ў яго жыцці.
Міхась Ляўковіч на адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Творчасць вядомага беларускага мастака прасякнута пранікнёным адчуваннем нацыянальнай гісторыі і традыцыйнай беларускай культуры. Да таго ж увесь жыццёвы шлях Міхася Ляўковіча ўяўляе сабой прыклад універсальнасці. Гэта і выдатны творца, і педагог, які на працягу дзесяцігоддзяў выкладае на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, і грамадскі дзеяч, які стаяў у вытокаў нацыянальнага руху яшчэ напрыканцы савецкага перыяду.

У гэтым годзе Міхась Ляўковіч адзначыў сваё 65-годдзе. І сёння ўся дзейнасць Міхася Ляўковіча, у прошлым і сучаснасці, ставіць яго ў шэраг найбольш выбітных дзеячоў нацыянальнай культуры. Яго багаты жыццёвы шлях і бездакорнае служэнне нацыянальнай традыцыі дазваляе яму з вышыні жыццёвага вопыту даваць адказы на вузлавыя пытанні нашай гісторыі і зазіраць у будучыню. Мы скарысталіся гэтым, і ў размове з намі мастак распавядаў нам пра сваё бачанне актульных пытанняў беларускай гісторыі і культуры, а таксама пра тое, як яго жыццёвы шлях стаў адзіным са шляхам свайго народа.

М. Ляўковіч. Легенда

– Чаму менавіта акварэль з’яўляецца для Вас асноўнай выяўленчай тэхнікай, якія яе ўласцівасці абумовілі зрабіць акцэнт ў Вашай творчай біяграфіі менавіта на ёй?

М. Ляўковіч. Пачнем з таго, што акварэль – гэта першы матэрыял, які я паспрабаваў ў жыцці. Так склалася ў маёй біяграфіі, што ў войску мяне заўважылі як чалавека, здольнага да мастацтва, і замест аўтамата мне ўручылі пэндзаль. Начальнік палітычнага аддзела нашай вайскавой часткі так і сказаў: “Аўтамат здаць у сховішча, а зараз ваша зброя – гэта пэндзаль”. Служыў я ў сакрэтных войсках, з пагонамі лётчыка, у Карпатах, вельмі жывапіснае асяроддзе было. У першую чаргу менавіта акварэллю я там і паспрабаваў пісаць. Бо кіраўніцтва паставіла задачу, што паміма той афарміцельскай працы, якой там займаліся, мы павінны былі шліфаваць сваё майстэрства. Мы малявалі гіпсы, хадзілі на эцюды, і я лічу, што мне вельмі ў гэтым пашчасціла. І калі я вярнуўся з войска, у мяне была даведка, што я два гады вучыўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры маскоўскім Доме афіцэраў, які знаходзіўся ў Карпатах…

Да гэтага я наведваў гурткі ў школе, рыхтаваўся паступіць на мастацка-графічны факультэт. Але ж была яшчэ такая гісторыя. Пасля 8-га класа я са сваім сябрам паступаю ў Наваполацкі нафтавы тэхнікум: ну, мой сябра паступае, чаму б і мне не пайсці? Я таксама падаю дакументы, паступаю, залічваюць нас, а са школы мне настаўнікі казалі: “Міхась, не рабі гэта, бо не тваё…” Тым больш, што ў мяне былі здольнасці яшчэ і вакальныя, мяне і на вакал выцягвалі. Я паступіў, і потым зразумеў, як паслалі нас на практыку ў хімкамбінат, што гэта не маё. Адным словам падаю заяву, каб мяне адлічылі з тэхнікума, і вяртаюсь у школу. А ў школе мне дырэктар кажа: “Ну што, вяртанне блуднага сына?”

Паяля прыходу з войска ўжо восенню, я, зразумела, не паспеў нікуды паступіць, уладкаваўся на працу ўжо ў якасці мастака-афарміцеля, а ў далейшым мяне аформілі як намесніка начальніка вытворчасці НАК (нітрыла-акрылавай кіслаты) па эстэтыцы. Я працаваў год ў Наваполацку на хімічным камбінаце на гэтай пасадзе. Была са мной сур’ёзная размова на ўзроўні караўніцтва, яны, убачыўшы мае пэўныя здольнасці, і ўжо практыку, якой я валодаў, прапанавалі паслаць мяне ў Ленінградскае мастацкае вучылішча імя Веры Мухінай на паскораныя курсы мастакоў-афарміцеляў. А тады, менавіта, была такая ідэялагічная ўстаноўка ад кіраўніцтва Камуністычнай партыі, згодна з якой вельмі вялікае значэнне надавалася мастацкаму афармленню, агітацыі, прапагандзе. Я даў згоду, чаму ж не з’ездзіць, але ж у самога ўнутры жыў такі іншы Міхась, які хацеў атрымаць спецыяльную мастацкую адукацыю.

М. Ляўковіч. Неба зачапілася за зямлю

Калі прыйшоў час падаваць дакументы, я ўціхую падаю дакументы на дзённае аддзяленне мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута. Прыходзіць выклік, я еду сдаваць экзамены, толькі, канешне, не даклярую, куды еду паступаць. Сдаў на выдатна, прыязджаю назад, прыходжу на працу, і кіраўнік спытаў: “Як поспехі?” Я адказаў: “Цудоўна”. Чакаю выкліка, і нарэшце дачакаўся, іду з ім да кіраўніцтва. І вось я памятаю, такая паўза, і мне кажуць: “Ну што ж, Міхась, ты, відаць, будзеш з бабачкай хадзіць, замест гальштука, а мы тут у шэрых піджачках будзем рабіць матэрыяльнае штосці. Шкада, безумоўна, але ж ты малады, трэба рухацца цябе наперад”. Вось такі этап я паспрабаваў у жыцці, тым не менш не пакідаў з поля зроку ідэю займацца мастацтвам.

Падчас вучобы на мастацка-графічным факультэце я ўжо быў дасведчаны ў многіх галінах мастацкай дзейнасці, і таму мне з лёгкасцю даваліся прадметы па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, цікава пайшоў жывапіс, і асабліва акварэль. Я і зараз сваім студэнтам кажу, што ўзгадваючы свае маладыя гады, я за адзін сеанс спраўляўся напісаць чатыры эцюды па акварэлі. Акварэль такі матэрыял, які патрабуе энергетыкі, тэмпераменту, гэта залежыць ад уласцівасцей фізічных дадзеных кожнага чалавека і ўнутраных здольнасцей.

М. Ляўковіч. У вячэрніх агарках зары…

– Як у сваёй выкладчыцкай дзейнасці Вы суадносіце выхаванне, я маю на ўвазе перш за ўсё нацыянальнае выхаванне, і прафесійную адукацыю?

М. Ляўковіч. Я лічу сябе арганічнай часткай Беларусі, літвінаў, нашых продкаў. І падчас навучання, безумоўна, тактоўна, на занятках па кампазіцыі, ці калі кірую дыпломнымі праектамі, я спрабую выклікаць зацікаўленасць у сваіх студэнтаў нашай гісторыяй даўней ці не так далёкай. І тэмай Вялікай Айчыннай вайны, і нашага няпростага шляху ў гісторычным працэсе развіцця чалавецтва. Скажам, ёсць прадмет “Кампазіцыя афармлення кнігі”, мы займаемся эскізіраваннем, і канешне, я на першую пазіцыю высоўваю і прапаную: давайце возьмем нашу беларускую паэзію, прозу, і паспрабуем з гэтым працаваць.

Віншаванне ад імя студэнтаў. Фота Георгія Каржанеўскага

Тым больш, калі даеш вольна вызначыцца з тэматыкай, як правіла, калі прыходзіш у наступны час на заняткі, мала хто вызначаецца. Цудоўна… Тады я з кішэні дастаю свае зарыхтоўкі. Я вам даў волю, а вы, кажаце, заганіце нас ў нейкія межы. Я прапаную нейкі рад, і ў тым ліку самых папулярных замежных аўтараў, расейскіх таксама, аднак і беларускіх. Прычым, прыношу прыклады на аснове ўжо нашых творцаў беларускіх, якія зарэкамендавалі сябе ў гэтай галіне выдатнымі спецыялістамі, зрабіўшымі значны ўнёсак ў развіццё беларускага мастацтва ў галіне афармлення кніжкі. І гэта знаходзіць свой водгук. Апошнім часам мы сталі больш дасведчанымі адносна нашай гісторыі, скажам, асабіста я зачытваюся Уладзiмiрам Арловым, Алегам Трусавым, тымі гісторыкамі, якія вяртаюць нас да нашых вытокаў.

Гэта дадзена творчым людзям, перанесціся ў ту атмасферу. У выніку гэтага ёсць шэраг дыпломных работ, якія прысвечаны Грунвальдскай бітве, нашым простым людзям, беларускаму нацюрморту. Вось такім чынам, само по сабе, атрымалася некалькі бараздзён, якія прапаханы ў гэтым накірунку.

– Як Вы самі прыйшлі да ўсведамлення сваёй беларускасці? Гэта было першапачаткова, або прыйшлося нешта шукаць і выбiраць?

М. Ляўковіч. Пачнем з дзяцінства. Асяродак – беларускамоўны. Бабулі мае, дзядулей я не памятаю, бо яны сышлі яшчэ да майго нараджэння, размаўлялі па-беларуску. Я памятаю выраз адной маёй бабулькі, калі я нешта пашкоджу, яна казала: “А, каб цябе качкі забракалі!” Канешне, гэта ўсё ўжо закладзена было. Не трэба з вагаў скідваць і тое, што я скончыў беларускамоўную школу. На той момант беларускамоўныя школы, як вы ведаеце, існавалі даволі абшырна па рэгіёнах. У гарадскіх цэнтрах ужо напалову было, так на так, а вось вясковыя школы ўсе працавалі на беларускай мове. І я памятаю мае першыя расчараванні, калі я прыехаў здаваць уступныя экзамены сюды ў Віцебск, многія з нас размаўлялі па-беларуску, а нам трэба было перавучвацца на расейскую мову. Былі такія ганебныя адносіны: ай, калгаснікі…

А потым, побач з усім гэтым – творчыя працэсы, і, вядома, нашы ландшафты. І, канешне, наша гісторыя. Больш таго, знаёмства, хоць яно і не блізкае, з Уладзімірам Арловым, блізкае – з Рыгорам Барадуліным, з Генадзем Бураўкіным, з Алегам Трусавым, з Алесем Марай, гэта ўсё абудзіла яшчэ больш у мяне, у маёй сям’і, у маіх дачок, прагу да сваёй гісторыі, да ўшанавання яе. Зразумела, нацыянальная гісторыя – асноўны падмурак маёй творчасці.

М. Ляўковіч. Князь Альгерд у Віцебску

– У Вас шмат карцін на гістарычную тэматыку, дзе Вы падымаеце пытанні нацыянальнага мінулага. Якія, на Ваш погляд, адметныя асаблівасці ўспрымання гісторыі беларусамі, у адрозненне ад сваіх суседзяў, як яны праяўляюцца у Вашай грамадзянскай пазіцыі?

М. Ляўковіч. У першую чаргу трэба сказаць аб тым, хто як сябе пазіцыяніруе, пражываючы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як ён успрымае і ўпітвае культуру, традыцыі, якія, дзякуй Богу, захаваныя. Аднак, разам з тым, гэта такі стан душы, які дае імпульс на спасціжэнне гістарычных прабелаў гістарычнага развіцця тваго роду, у першую чаргу, і разумення твайго месца на гэтай зямлі, у гэтым, скажам, горадзе, у гэтай вобласці, раёне. Вось што, як мне здаецца, з’яўляецца самым галоўным. Я памятаю той перыяд, калі пачалася эра абнаўленчага характару. Я стаяў на ступеньках абкама партыі з групай журналістаў і людзей ад культуры і мастацтва, мы не дазвалялі вывезці кампутарную ўжо на той момант і друкаваную тэхніку з гэтага абкама. І ўжо тады наша адметнасць была ў тым, што мы размаўлялі па-беларуску.

М. Ляўковіч. Вясна за дротам

І была тая прысяга нас, беларусаў, на Пляцы Волі. Нас было, можа, чалавек дваццаць-трыццаць, аднак мы былі на ўздыме Беларускага народнага фронту, і мы прысягалі на вернасць Беларусі. Пра тое, як паводзілі сябе іншыя, я тады казаў і зараз кажу, што нельга патрабаваць жорстка ад чалавека, што ты заўтра павінен размаўляць па-беларуску. Гэта павінна прыйсці знутры. Гэта павінна прыйсці, безумоўна, і ад асяродку, у якім ты знаходзішся. Усё гэта павінна вельмі тактоўна падавацца, без ніякага гвалту, без ніякага націску. І я быў расчараваны ў некаторых аспектах, калі меў стасункі з радыкальнымі прадстаўнікамі нацыянальнага руху, якія былі за рэзкую беларусізацыю, у іх недальнабачнасці, у іх прамалінейнасці. І хачу сказаць, што вось гэтыя спробы раздзяліць, а памятаеце, яны былі, гэтыя спробы: “ты быў замешаны”, “ты быў у кампартыі”. На гэта хацелася сказаць: “Хлопцы, вы што, з месяца зваліліся?”

Быў такі перыяд жыцця, а гэта 70 год, што пасаду нават брыгадзіра не давалі, калі ты не сябра партыі. Мой бацька расказваў у свой час аб тым, як ён прыйшоў з вайны і яму даручылі фарміраваць калгас. Ён з міліцыянтамі хадзіў, збіраў інвентар, і самае галоўнае, ён кажа, што не ўступіў у партыю і яго знялі з гэтай пасады. Вось вам такі яскравы прыклад… І таму, на той момент, такая аднабокасць, такое шапказакідальніцтва ў шэрагу нацыянальных дзеячоў было, якое выяўлялася ў адарванасці ад народнай масы.

Мне адзін чалавек, не хачу называць яго прозвішча, казаў так: “Няхай яны дарастаюць да ўзроўню нас, а не мы будзем спускацца на іх узровень”. На што я адказаў: “Вы што, хаціце палітыку рабіць ў белых пальчатках?” Не, трэба было спускацца, тлумачыць, абуджаць нацыянальную свядомасць. На жаль, калі гэта ўсё скласці, атрымліваецца пэўны стос расчараванняў па палітычных нашых лідэрах, якія былі ў недалёкім мінулым, адносна таго, што рабілася.

М. Ляўковіч. Сімпозіум

І як бы я не ставіўся да сучаснага нашага палітычнага кіраўніцтва, я хачу сказаць адно: Беларусь амаль што 25 год незалежная краіна. Па гэта марыў Кастусь Каліноўскі і многія нашы продкі. Мы не будзем абмяркоўваць мноства пытанняў, якія б мы хацелі вырашыць адразу. Але зараз на фоне падзей, якія адбываюцца на Украіне, разумееш, што ў паводзінах кіраўніцтва і палітычным выбары, які зараз адбываецца, ёсць доля праўды.

– Для Вашых карцін ўласцівы глыбокі выраз прыроднага свету. Па ўсёй відавочнасці, прычыны гэтага не вычэрпваюцца толькі прафесійным майстэрствам. Якія могуць быць гуманітарныя прычыны такога праніклівага выразу прыроды роднага краю?

М. Ляўковіч. Пачну з таго, што я меў магчымасць адсутнічаць на Беларусі. На невялікі час, але мяне запрашалі выкладаць у Нямеччыну, я выкладаў там, быў сам на сам з той жа нямецкай мовай і вымушаны быў яе вучыць на хаду, і разумеў, у якое асяроддзе я папаў. І знаходзячыся там, я адчуў, што значыць для мяне мая Радзіма, мая Беларусь. З якой прагаю я вяртаўся адтуль дадому… Нягледзячы на тое, што такая розніца ў нас у культуры, у быце, ва ўсіх аспектах, наколькі мы адстаем ад Еўропы, разам з тым такое замілаванне сваім, блізкім, родным. І ў гэтай сувязі пераасэнсоўваеш жыццё чалавечае на гэтай зямлі.

М. Ляўковіч. Нараджаецца дзень

У 1987 годзе мы з сям’ёй праехалі па беларускаму Прыдзвінню, з’ездзілі ў Сураж, у нас ужо быў аўтамабіль, і ў мяне ёсць яшчэ некалькі прац застаўшыхся, астатнія ў калекцыях. І вось, пачынаючы з Суража, мы спускаліся ўніз па Дзвіне і скончылі гэта Друяй. На шляху былі і Бешанковічы, і Ула, і іншыя мястэчкі вялікія і малыя: Полацк, Дзісна, Верхнядзвінск, вось такія этапы. І я стварыў ніску акварэляў, прысвечаных Беларусі. Што мяне ўразіла: занядбанасць, разбуранасць… І разам з гэтым у мяне пачаліся назіранні за вёскай, як вёска пачала прыходзіць у заняпад, жыхары, якія пакідаюць хату, як хата мяняецца. І прыйшла ідэя: я раблю тэму буслянак беларускіх. Я праехаў па вёсках, імкнуўся зафіксаваць тыя аспекты невялічкіх вёсачак, дзе віравала жыццё, дзе людзі радаваліся, дзе нараджаліся дзеці, бегалі па вуліцы з басымі нагамі, дзе збіраліся старыя дзесці на завалінцы пасядзець, пасудачыць, як кажуць, “плёткі паплесці”. І вось гэта падштурхнула да беларускай тэмы.

М. Ляўковіч. На вясковым вяселлі

Вось гэты вясковы краявід з буслянкай… Але ж праз яго я задаю пытанне, звяртаюся да гледача: дакуль?.. Дакуль мы будзем вось так ставіцца да сваёй спадчыны? І прыйшло разуменне: ну што ў нас за такое грамадства, чаму яно так пабудавана, што кожны новы чалавек, новая сям’я, павіны, як птушаняты, пачынаць будаваць новае гняздо занава? Мы нічога не атрымлівалі ў спадчыну, мы не зберагалі пілы, тапары, жбанкі, а зараз гэта ўсё збіраеш, шануеш. Тое, што заставалася з тых часоў, гэта ўсё знікае бясследна!.. Прырода гэта з’ядае, яна пагружае ўсё ў сябе гэта. І на выставе, калі я паказаў гэтую ніску, я зразумеў, што дастукаўся, і мне кажуць: “Міхась, твае краявіды выклікаюць напружанне, яны вымушаюць пайсці за табой і таксама паставіць рад пытанняў, і да сабе асабіста, і да грамадства, чаму так атрымліваецца…”

Ну, і безумоўна, зноў у параўнанні Еўропа-Беларусь, я памятаю, ў Нямеччыне, а я выкладаў акварэль у раёне Франфурта-на-Майне, імкнуўся замкнуцца ў сабе. Эцюднік на плечы, рухаешся ў горы, і вось я іду і кажу сам сабе: і трава не такая, як у нас, бо хочацца свайго, лагоднага, блізкага. Я цяпер разумею, чаму людзі, якія нарадзіліся ў пустыні, для іх гэта Рай. Гэта тое, што іх сфарміравала, тое, што перадаецца пакаленнямі. І ў мяне такія ж адносіны…

І, канешне, лірыка краявідаў. Як выкрышталізавалася, гэтая тэма зачаравання… я ішоў да яе паступова. Усё гэта накаплівалася. Я аналізаваў сваю творчасць і бачыў: вось я столькі аддаю сябе выявам прыроды. Мне задавалі пытанні мастацтвазнаўцы: “Міхась, а чаго ты ў такую растапырку ў сваёй творчасці ідзеш? Чаму не абмежаваўся ў гратэскным падыходзе, ці ў гістарычнай тэматыцы, ці ў фармальным мастацтве?” Я не разумею гэтага, бо кіруюсь унутраным голасам. Навошта сябе абмяжоўваць? Я не хачу гэтага рабіць. Вось ляжыць ў мяне кніга Тодара Кляшторнага. Пачытаеш, і раптоўна прыходзіць на думку такая прыгажосць, восень такая залатая… Прыязджалі сябры з Нямеччыны і кажуць: “Божа мой, якая ў вас прыгажосць, якая ў вас арганічнасць прыроды”.

М. Ляўковіч. Між пералесіц сцелецца рака

Я іду к свайму твору мэтанакіравана, не спантанна, я ўсё ж такі хачу дастукацца праз свой твор да гледача. Я адрасна працую з гледачом. Я павінен сканцэнтраваць гледача на тых захапленнях, якія мной авалодалі ў гэты момент. І я перакананы з вышыні ўжо сваіх пражытых гадоў, і творчых гадоў, што гэта частка любога мастака, аддадзеная гледачу. І яна ўжо зараз жыве па сваіх законах.

– Як бы Вы вызначылі каштоўнасны шэраг беларускай традыцыі і характар яго выразу ў Вашых карцінах?

М. Ляўковіч. Пачнем з таго, што ў свой час, калі я вучыўся ў школе, у нашым мястэчку працавала царква. Былі спробы яе зачыніць, і прыгнёт быў, і кантроль, і не прымалі ў камсамол, тых, хто наведваў царкву, але я быў у захапленні ад унутранага аздаблення храма, ад працэсу багаслужэння, гэта для мяне нешта асабліва міфічнае. Аднак утульнасці, растварэння, я штосці не адчуваў. Мяне, а ў далейшым і маю сям’ю, адштурхоўвала атмасфера ціску, якая ідзе з усіх парталаў, і цісне на цябе маральна, псіхалагічна, прыняжае да самай дошкі падлогі. Я хрышчоны, і мае дзеці хрышчоныя ў праваслаўнай веры, але мы наведваем касцёл, беларускую імшу. Мы наведвалі ўніяцкую царкву і тут ў Віцебску, калі яна яшчэ толькі пачынала свае першыя крокі. Таму што там больш утульна, там, дзе мова, дзе адсутнічае пампезнасць, якая давіць цябе, і яна робіць цябе ўжо рабом.

“Ты грэхоўны, ты грэшнік, як толькі з’явіўся на гэты свет”, – што за падыходы, што гэта за рэлігія такая?.. Можа я не да канца разабраўся, але ж я ўжо сталы чалавек з сівымі валасамі і я лічу, што Бог у душы. Аднойчы сустракаюсь з акцёрам Пятром Ламанам на вуліцы, мы сябруем з ім, гэта было свята Сёмуха (Троіца), мы павіншавалі адзін другога, а потым я яму кажу: “Ты ведаеш, мне няўтульна, я не хачу туды ісці на набажэнства”. І ён кажа: “А я хажу толькі тады, калі там нікога няма. Калі я сам на сам”. Вось без гэтых пасрэднікаў, якія пераўтвараюць сам рытуал у сход.

Прычым аднойчы, паехаўшы на Радзіму да сабе ў Язна, і зайшоўшы ў царкву таксама на Сёмуху, быў настолькі здзіўлены, што аказаўся вымушаны пакінуць гэтую царкву з сям’ёй. Таму што “бацюшка” дастае нейкі ліст пасля набажэнства і пачынае “партыйны сход”, што нехта на некага напісаў, што напісалі на яго, што там нешта з казной. Вы ведаеце, я прыехаў за сотні кіламетраў для таго, каб памянуць сваіх продкаў, я мяне акунулі ў глебу носам у тыя пражытыя камуністычныя часы.

Да самой традыцыі, да самой рэлігіі, незалежна ад канфесій, я стаўлюся паважна. Таму ў маіх працах заўсёды прысутнічаюць нашы ці каталіцкія, ці ўніяцкія, ці праваслаўныя храмы. Гэта ўсе тыя цэгліны, якія ствараюць падмурак нашай аўтэнтычнасці. Нас абвінавачваюць, што мы губляем аўтэнтычнасць, у параўнанні з той жа Расеяй, аднак разам з тым прыйшло разуменне. Я ставіў сабе пытанне: чаму, па якой прычыне, толькі на Беларусі, як Рыгор Барадулін мне казаў, знішчаліся ўсе помнікі дойлідства? Гэта пупавіна, якая звязвала і звязвае нас з нашай культурай, нашай духоўнасцю. Для мяне зараз гэта стала зразумела. Я атрымаў адказ на гэтае пытанне.

М. Ляўковіч. Восеньскія дымы

І вось гэтая справа, на жаль, і на сённяшні дзень працягваецца. Нас як нацыю імкнуцца растварыць у гэтым бязлікім, бязмерным і пакуль што яшчэ аморфным целе “рускага свету”, што, безумоўна, я ўсімі фібрамі сваёй душы не прымаю. І адсюль наша сям’я ўсе святы, якія ёсць ў хрысціянстве, пачынае святкаваць як увесь цывілізаваны свет. А, менавіта, Ражаство – гэта 25 снежня, Вялікдзень – гэта як большасць хрысціян святкуе, а не тыя амбітныя, што не маглі падзяліць лічыльнікі, не сышлося ў іх… Гэта акрамя як чалавечым глупствам і амбітнасцю, я назваць не магу. Усё гэта неналежным чынам працягвацца ўжо некалькі стагоддзяў.

Мы, як я лічу, атрымаем адказ на ўсе гэтыя пытанні тады, ак апынемся “там”. А тое, што мы там усе апынемся, што ідзем усе ў адным накірунку, гэта безумоўна. І вось мне падаецца, я даю сабе справаздачу над усім тым, што я раблю, што я рэалізоўваю як мастак. За гэта я нясу адказнасць. У адной кніге водгукаў мне напісалі: “Ці вы шчыры, ці вы не хочаце пасеяць смуту сярод людзей”. Я не хачу смуты сярод людзей. Аднак я хачу, каб ушаноўвалася мая гісторыя, каб рэшткі тых асколкаў дойлідства, якія дайшлі да нас, былі ўшанаваныя, адноўленыя.

Бо гляньце, што творыцца ў сённяшняй сітуацыі. Былі зруйнаваны будынкі на Плошчы Волі за тое, што камусьці захацелася, а менавіта першаму сакратару Віцебскага гаркама Валянціну Міхельсону, каб тралейбусы “прамей” хадзілі. Але ж тралейбусы як хадзілі “крыва” па плошчы, так і зараз працягваюць хадзіць. А будынкі, якія нас звязвалі з Бернардзінскай школай XIV стагоддзя, усё гэта знішчана. Вось, пабачце, Смаленск побач, там так не руйнавалася. А тут руйнавалася. Мы ж ведаем, што ў Віцебску засталося пасля вайны. Шмат… Толькі трэба было трохі прыкласці намаганні, ну хоць бы закансерваваць, і ўжо б не чапалі… Але ж гэты архітэктурны, дойліцкі генацыд працягваўся.

М. Ляўковіч. Аўтарытэт

– Цікава, як гэта імперцы, якія здзейснялі генацыд, сёння могуць гаварыць, што мы “адыходзім” ад сваіх каранёў. Бо імперыя – гэта як раз жа разрыў з традыцыйным светапоглядам. Ціск дзяржаўнага імперскага апарата – гэта тая ж анцітрадыцыйнасць. Імперскасць толькі перашкаджае адчуванню аўтэнтычнасці традыцыі.

М. Ляўковіч. Згодзен. Вось праект помніка Аляксандру Неўскаму. Нам жа вядома, што гэта хан Тахтамыш… І калі мы чуем, што ў Віцебску трэба паставіць помнік Аляксандру Неўскаму…

– Гэта азначае распісацца ў тым, што мы прысягаем Імперыі.

М. Ляўковіч. Канешне. Прычым, якой? Яе ардынскай частцы.

– Самай горшай. Той адсталасці і таму рабству…

М. Ляўковіч. Дзікунству, безкультур’ю, шмат можна якіх характарыстык даць… І я, канешне, не магу прыняць і не прымаю гэта. Мне крыўдна, што Астроўна, калыска Сапегаў, ніякага значэння не мае пакуль што. Але ж спадзяюся, што прыйдзе чарга, гэта святое для нас месца… Усё гэта і падштурхоўвае мяне да такіх вось адносін да сваіх краявідаў.

– Раскажыце аб Вашых творчых і педагагічных планах…

М. Ляўковіч. Я думаю, што атрымаецца ў далейшым развіццё працы над партрэтамі прадстаўнікоў культуры нашага горада. Я вельмі ўважліва падыходжу да выбару таго, каго я буду партрэтыраваць. Безумоўна, хачу зрабіць некалькі партрэтаў, прысвечаных нашым тэатральным дзеячам, у працяг тэмы. А далей… Мне адна наведвальніца выставы “Зачараванне” пажадала адпачынку. Дзіўна гэта чуць… Я адчуваю сябе так, што я адпачываю вось тут, у майстэрні. Калі я стаю каля аднаго мальберту, альбо другога, я адпачываю. Для мяне мастацтва ніколі не было ў цяжар. І не будзе, таму што гэта любоў на ўсё жыццё. Прыналежнасць гэтаму цэху, таксама, да канца дзён сваіх. Як вельмі слушна сказаў мой сябар Алесь Марачкін: “Цудоўна, што мастакі не бываюць пенсіянерамі”. І ўвогуле, гэта адносіцца да ўсіх творчых людзей.

На адкрыцці выставы Міхася Ляўковіча ў Віцебскім мастацкім музеі. Фота Георгія Каржанеўскага

А бліжэйшыя планы… Я падключаю сваіх студэнтаў, гэта зараз трэці курс, мы прымем удзел у “Ночы музеяў” у Віцебску. Пра што – я не скажу, гэта наш сюрпрыз, гэта будзе наш падарунак, і мой асабіста, і маіх выхаванцаў. Я сам буду прымаць удзел як творца, і яны як творцы. Ну і канешне, калі дасць Бог здароўя, то, безумоўна, буду працягваць гістарычныя аспекты ў сваім мастацтве. Шмат над чым хацелася б папрацаваць. Ніякіх паўзаў не прадбачыцца… А на наступны год я буду рыхтавацца да выстаў у Мінску і Магілёве. Ёсць запрашэнні прымаць удзел у міжнародных выставах, напрыклад, у Петразаводску, ці наогул у Кітаі. Так што, як сказаў вядомы паэт, планаў – грамаддзё.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ