Коласаўцы прадставяць прэм’еру брадвейскай камедыі

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа запрашае на прэм’еру камедыі сусветна вядомага амерыканскага драматурга Кена Людзвіга «Шукаем тэнара!» у пастаноўцы Міхася Краснабаева.

П’еса амерыканскага камедыёграфа Кена Людзвіга “Пазычыце тэнара”, якую абраў віцебскі рэжысёр, была адзначана вышэйшай тэатральнай прэміяй ЗША “Тоні”, перакладзена на восем моў, з поспехам ішла ў Лондане, на Брадвеі і ў іншых краінах. Знакамітую брадвейскую камедыю 24 і 25 красавіка (ў 19 гадзін) ўбачыць і віцебская публіка.

Як паведаміў літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Юрый Іваноўскі, дзеянне п’есы разгортваецца ў Амерыцы 30-х гадоў. Галоўны герой – малады спевак Макс, талент якога ніхто не прызнае – ні любімая дзяўчына, ні яе бацька – дырэктар тэатра. На гастролі ў тэатр прыязджае вядомы тэнар Ціта Мэрэлі, разам з жонкай. Усе рыхтуюцца сустрэць высокага госця, квіткі на яго канцэрт цалкам прададзены. Але перад самым канцэртам высвятляецца, што знакаміты артыст раптам не зможа спяваць. І дырэктар тэатра выдае Макса за знакамітага тэнара…

Ролі выконваюць Раман Салаўёў, Тамара Краснабаева-Чарняк, народная артыска Беларусі Святлана Акружная, Юрась Цвірка, Цімур Жусупаў, Вікторыя Шамардзіна, Наталля Саламаха-Конанава, Алена Шарэпчанка.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ