“Знакі душы” Уладзіміра Вальнова

У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава вядомага беларускага мастака і майстра інсталяцыі.
Уладзімір Вальноў на адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Цэнтральнай інсталяцыяй на выставе стала кампазіцыя “Мацеркам вайны прысвячаю”. Вобраз маці быў увасоблены актрысай Людмілай Заграбельнай. Тут знайшла свой яркі выраз тэма памяці, якая неаддзельная ад маральнага пачуцця мастака. У сваіх працах Уладзімір Вальноў кажа аб чалавечых лёсах, пастаўленых у ненатуральныя для сябе ўмовы існавання. Боль вайны і рэпрэсіі часоў сталінскага таталітарызму, страта гістарычнай памяці – гэтая праблематыка з’яўляецца асноватворнай у актуальным перыядзе творчасці мастака.

У. Вальноў. Блеф. 1992 г.

Тэма вайны адна з цэнтральных у мастацтве Уладзіміра Вальнова. Яе выраз раскрывае гуманістычную сутнасць яго творчасці. Замест акцэнтаў на гучных перамогах і палкаводчых поспехах, ці нават на “велічы народнага духу”, што так характэрна сёння для “рускага свету” з яго неад’емным “дайшлі да Берліна ў 45-ым, дойдзем і сёння”, Уладзімір Вальноў паказвае вайну як народную трагедыю. У гэтым яго мастацтва ідэалагічна ў вышэйшым, духоўным сэнсе гэтага слова, і такая ідэалогія павінна быць запатрабавана сёння.

У год свайго 75-годдзя Уладзімір Вальноў паўстае незвычайна суцэльнай творчай асобай, якая транслюе высокія маральныя ідэалы ў мастацтве. Ён сапраўды з’яўляецца мастаком-транслятарам, што выказвае прынцыпы чалавечнасці, і саму духоўную ідэю чалавека з неад’емным для яго ўнутраным вымярэннем належнага і непатрэбнага. Выстава мастака прадстаўляе тыя знакі, якія ўнутрана ўласцівыя высокай душы.

У. Вальноў. Старажытная Зямля. Захавальнік. 2005 г.

У гэтым сэнсе, што характарызуе асобу Уладзіміра Вальнова, можна ўспрымаць словы старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святланы Баранкоўскай: “Мастак – гэта заўсёды небажыцель для звычайных людзей, мастак – гэта заўсёды шляхетна”. Актрыса Святлана Жукоўская таксама казала пра яго як пра чалавека высокага сумлення: “Гэта асоба. Гэта цэлы сусвет. Чалавек з вялікай літары. І дзякуй Богу, што на нашай беларускай зямлі ёсць такія людзі”. Яна выканала адну з самых любімых песень Уладзіміра Вальнова «Малітва», напісаную Анатолем Дароўскіх, і прысвечаную вобразу Маці, які з’яўляецца адным з найбольш значных у творчасці мастака:

Ах, мой сынок,
На какой из чужих дорог
Стынет сердце твоё на снегу?
Я молитвой тебе помогу.
Ах, неспроста
Так уныло сияет звезда
Над далекой, чужой стороной,
Над твоей и моей судьбой.

Святлана Жукоўская і Людміла Заграбельная. Фота Георгія Каржанеўскага

Сапраўдная беларускасць

Тэма беларускасці таксама прагучала на адкрыцці выставы, што цалкам натуральна для Уладзіміра Вальнова, бо яго мастацтва характарызуе глыбокую ўвагу да гістарычнага мінулага і лёсаў людзей, якія жывуць ад дароў зямлі. Святлана Баранкоўская адзначыла гэта перажыванне нацыянальнага Уладзімірам Вальновым: “На маіх вачах гледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, я бачыла, як ён ставіцца да беларускай зямлі. Яшчэ і дзякуючы такому стаўленню ён у сталым ўзросце пачаў вывучаць беларускую мову”.

Паводле слоў мастацтвазнаўцы, дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхася Цыбульскага «рускамоўнасць» Уладзіміра Вальнова не адмяняе ўсёй глыбіні яго перажывання нацыянальнай гісторыі і блізкасці да вытокаў беларускай культуры: “Так здарылася, што ён рускамоўны, і з дзяцінства рускамоўны, але ж настолькі трапятковых адносін да мовы, якія выражае Уладзімір Вальноў, такой цеплыні, я, напэўна, не магу сказаць больш не з чыйго боку”.

У. Вальноў. Прыйдзем, паклонімся. 1995 г.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка казаў аб тым глыбокім узрушэнні, да якога прыводзіць раскрыццё мастаком ўнутранага драматызму нацыянальнай гісторыі: “Гэта адно з самых моцных узрушэнняў апошніх гадоў. Я ўбачыў сваё маленства, сваю сядзібу, бацькаўшчыну, нашу гісторыю. Гэта немагчыма сканструяваць і прыдумаць, гэта трэба так адчуваць, так чуць, так бачыць. Гэта вялікі дар, таму што натоўпу гэта не дадзена. Натоўп жыве па сваім законам, ён заўсёды правы, хай жыве… Ёсць асобы, якія нас ствараюць, нас – людзей, нас – грамадства… Вось гэта ўрок не стамляцца, ўрок хацець, быць, ствараць, даказваць, падымаць да неба, да зорак”.

Валерый Анісенка і Уладзімір Вальноў. Фота Георгія Каржанеўскага

“Душа, якая пакутуе за ўвесь свет…”

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, віншуючы Уладзіміра Вальнова, закранула розныя аспекты яго творчай асобы. І перш за ўсё яна адзначыла пранізлівую душэўнасць яго твораў:

“Вельмі часта пра таленавітых людзей можна пачуць наступную фразу: “Нават калі б ён напісаў толькі адзін твор, або стварыў адну карціну, ён бы назаўжды застаўся ў спісе выдатных дзеячаў культуры і мастацтва”. І я хачу сказаць, нават калі б вы стварылі толькі адну вось гэтую інсталяцыю, вы б назаўсёды засталіся ў памяці ўсіх тых, хто вас ведае, у памяці гараджан, у памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Таму што гэта настолькі кранальна, і без камяка ў горле нельга на гэта глядзець. У іншым зале прадстаўлена ваша інсталяцыя “Каўчэг памяці”. І сапраўды, ён з такім верацяном, як кола гісторыі, што раскручваецца. У кожнай вашай працы раскручваецца гісторыя лёсу чалавечага ХХ стагоддзя, усе тыя выпрабаванні, якія давялося праходзіць нашаму народу, і праходзіць кожнаму ў гэтым жыцці”.

У. Вальноў. Каўчэг памяці. 2007 г.

Уладзімір Вальноў адносіцца да пакалення “дзяцей вайны”. У раннім дзяцінстве ён страціў маці, якая была расстраляна фашыстамі, і быў знойдзены савецкімі салдатамі ў акопе, пасля чаго на працягу 14-ці гадоў выхоўваўся ў розных дзіцячых дамах, надоўга страціўшы сувязь з бацькам-франтавіком. Асабістыя пакуты не зламалі сённяшняга юбіляра выставы, але абумовілі яго незвычайную адчувальнасць да пакут іншых людзей і да няпростага лёсу народа:

“Глыбока сімвалічна, што гэтая выстава праходзіць у год 70-годдзя Перамогі. Выстава мастака, чыя біяграфія і чыя творчасць непарыўна звязаны з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Больш за тое, чытаючы ўспаміны Уладзіміра Мікалаевіча, адзначаеш яго душэўную чалавечую адкрытасць. Яна кажа пра мноства выпрабаванняў, якія давялося перажыць гэтаму чалавеку. Але праз усе выпрабаванні ён прайшоў з пачуццём уласнай годнасці. Вальноў зрабіў сябе сам: як мастак, як чалавек, як творчая асоба, як майстар, як інтэлігентны чалавек, перш за ўсё. Таму з ім лёгка мець зносіны, хоць у яго ёсць заўсёды свая кропка гледжання, сваё меркаванне аб тым, што адбываецца, ўласная ацэнка людзей”.

Ларыса Аленская выступае на адкрыцці выставы Уладзіміра Вальнова. Фота Георгія Каржанеўскага

Ларыса Аленская падкрэсліла значнасць асабістай і сацыяльнай адказнасці, якой напоўнены сэнс твораў мастака: “Напэўна, самае галоўнае прызначэнне гэтай выставы, калі яе праглядаць ўсю ад пачатку і да канца, можна вызначыць словамі Юліуса Фучыка: “Людзі, будзьце пільныя”. Гісторыя паўтараецца, і яна паўтараецца не заўсёды на пазітыве. Вельмі часта мы сутыкаемся з негатыўнымі момантамі паўтарэння гісторыі. І вось для таго, каб гэтых момантаў у нашым жыцці, у жыцці нашых дзяцей, было як мага менш, мы павінны памятаць і не павінны забываць аб ўсім тым, што падуладна людзям. Чалавек сам робіць свой лёс, народ робіць лёс сваёй дзяржавы. Таму, дарагія сябры, давайце пры падтрымцы такіх творчых асоб як Уладзімір Вальноў, мы таксама будзем рабіць лёс сваёй дзяржавы, лёс кожнага з нас. І гэты лёс будзе накіраваны на захаванне чалавечай годнасці, павагу да асобы, развіццё талентаў”.

Мастацкая археалогія

Творчасць Уладзіміра Вальнова можна прыпадобніць археалогіі душы, якая характарызуецца пошукам глыбокіх унутраных сэнсаў, што акультурваюць чалавечую істоту духам любові і дзейнага спачування да тых, хто пакутуюць. Святлана Баранкоўская казала пра гэтае адзінства ўнутраных і знешніх археалагічных пошукаў:

“Мы пасябравалі з Уладзімірам Вальновым, калі ён ужо быў у даволі сталым узросце. І я бачыла як ён, збіраючы на беларускай зямлі нейкія артэфакты, нейкія рэчы, бачыў у іх знакі. І як ён з гэтых знакаў рабіў цудоўныя інсталяцыі, якія проста кранаюць душу. Я бачыла, як ягоныя хусткі развіваюцца каля бычкоўскай хаты, на месцы якой нарадзіўся Васіль Быкаў. Я бачыла, як ён проста шчыра, але і вельмі трапяткімі рукамі збірае вось гэты абутак, які насілі людзі, і з гэтага абутку раптам атрымоўваюцца манументальныя рэчы, якія становяцца насамрэч знакамі таго жыцця, якое ён прайшоў. Ён яшчэ і чалавек-эпоха. Эпоха вельмі складаная, эпоха вельмі балючая, і ў той жа час эпоха, якая давала мастаку развівацца”.

Міхась Цыбульскі таксама спыніўся на гэтым прынцыпе чалавечага ўдзелу, які кіруе Уладзімірам Вальновым ў яго творчасці: “Канешне, падобныя выставы – гэта не захапленне. Гэта, хутчэй, такая боль і разважанні. Увогуле, у мяне такое ўражанне, што не могуць загаіцца вось гэтыя нервы, якія былі паднятыя яшчэ ў час Вялікай Айчыннай вайны. Вось гэтая аголенасць, такое адчуванне, што вайна засталася назаўжды. Ён не можа спакойна глядзець на гэты свет і захапляцца толькі яго прыгажосцю. Гэта боль за кожнае дрэва, якое раптам будзе спілена і знікне. Гэта адчуванне таго, што выміраюць вёскі, таму што не проста людзі сыходзяць, а пераўтвараецца ў пыл нейкая вялікая культура. Для яго гэта настолькі неабыякава, што любыя іншыя разважанні, любыя формапластычныя пошукі яму проста не цікавыя”.

Жывы пульс гісторыі

У адным з папярэдніх артыкулаў мы гаварылі пра творчае непрыняцце «абстракцыяністаў» і «рэалістаў», якое мае месца ў прасторы сучаснай Віцебскай мастацкай школы. Уладзіміра Вальнова можна было б назваць адным з тых мастакоў, якія стаяць “акурат пасярэдзіне”. Яго творчасць пазбягае знешняй апісальнасці, але для яго таксама з’яўляецца чужой бессэнсоўная арыгінальнасць, уласцівая шматлікім прадстаўнікам сучаснага постмадэрну. Між іншым, у арсенале карцін Уладзіміра Вальнова ёсць як чыста рэалістычныя, так і абстрактныя творы. Гэта мастак шырачэзных творчых магчымасцяў. Міхась Цыбульскі сказаў пра зусім асаблівую і сапраўдную сучаснасць работ мастака:

“Вось калі кажуць: ну, нейкая такая сюжэтная канва, нейкая апавядальнасць у творах, яны становяцца адыходзячымі, зараз модна знакавыя кампазіцыі, зараз стала актуальна падштурхоўваць гледача, каб разважаць… Дык вось тут, выяўленчымі, вельмі канкрэтнымі формамі, разважанняў больш, чым ў любой абстракцыі. І разважанні больш канкрэтныя і больш важныя для існавання чалавека як істоты… Гэта зусім не проста. Гэта не ілюстрацыя да нейкай падзеі. Гэта тая ж самая знакавая форма, гэта тая ж спроба падпаліць нешта ў гледача, каб ён задумаўся. Гэта выстава-боль, гэта трагедыйная лінія, і пасля гэтай выставы не выходзіш з нейкім аптымістычным здавальненнем. Але, напэўна ў нашым свеце, калі вакол адбываецца ўсё ад экалагічных катастроф да войн, гэта больш важна, чым проста захапляцца прыгажосцю”.

Асаблівая сучаснасць творчасці Уладзіміра Вальнова прадыктавана яго здольнасцю да водгуку і праявы ўдзелу ў лёсах канкрэтных людзей і ўсёй краіны, перажывання драматычнага зместу і трагізму народных лёсаў: “З аднаго боку, гэта мастак падкрэслена постмадэрнісцкі, ён чалавек сваёй эпохі. Можна было б сказаць, што такая сацыяльная ангажаванасць была добра вядома ў савецкія часы. Але гэта не тое зусім. У яго гэта зусім інакш. Ён жыве ў іншую эпоху. Я перакананы, што вось гэтая «Перабудова», вось гэтыя 80-я гады, якія адкрылі для нас многія факты гісторыі, якія перавярнулі ў нас многае ў жыцці, нейкім чынам настроілі яго на новы лад, пабудавалі яго новую мастацкую біяграфію. Таму што і сёння ён жыве менавіта ў тым рэчышчы, у якім адчувае рух гісторыі. Гэта літаральна дыханне гісторыі і жыццё ў унісон з гісторыяй. Гэта адчуванне пульса гісторыі”.

Распяты шлях

У сваім слове Уладзімір Вальноў казаў пра ахвярны лёс жанчыны-маці ў нашай гісторыі, і падкрэсліў, што культурная дзейнасць мае высокую і пераўтвараючую місію, бо яна прасвятляе грамадства. Сувязь тут зусім відавочная. Бо слова “культура” жаночага роду, і выказвае ўласцівасці спараджэння, ахоўвання, прымнажэння ўсяго высакароднага і ўзнёслага, што абсалютна дакладна адпавядае мацярынскай і натхняльнай прыродзе жаночага пачатку:

“Мы знаходзімся ў культурнай прасторы. Культура – гэта усёабдымнае слова, яна ўключае ў сябе мову, рэлігію і маральнасць. Вышэй культуры нічога не можа быць, таму культура павінна вызначаць палітыку, і ўсё, што ў нас адбываецца. Культура – гэта тонкая лупіна на распалёным целе грамадства. Пашкоджанне яе вядзе за сабой гніенне ўсяго плоду. Таму эканоміць на культуры сёння – гэта злачынства. Будзем эканоміць на культуры – будзем раскашэльвацца на турмах. Добра, што гэта ўсведамляецца тымі, ад каго гэта залежыць. Трэба спадзявацца на тое, што ўвага да культуры не знікне і павінна яшчэ больш павышацца”.

Выстава, якая адкрылася 11 чэрвеня, завяршае сваю работу 2 ліпеня. Яна праходзіць адразу ў трох залах Віцебскага мастацкага музея, што яшчэ раз падкрэслівае велізарную шырату задумаў і творчай рэалізацыі Уладзіміра Вальнова. Запрашаем усіх, каму неабыякавыя гістарычнае мінулае і верагодныя шляхі развіцця нашай краіны ў будучым, да разважання пра народныя лёсы разам з мастаком.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ