Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску

У дні горада-2015 ў Віцебску ўпершыню прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Рыгора Іванавіча Барадуліна. Шэраг ініцыятыў, што рэалізаваліся ў дворыку дома №7 па вуліцы Талстога, атрымалі агульную назву – “Барадулінкі”.
Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

“Барадулінкі” гэта…

У новым праекце спалучыліся многія ініцыятывы. І правераныя часам, і тыя, што з’явіліся на постсавецкай прасторы зусім нядаўна.

Аснова “Барадулінак” – кірмаш хэнд-мэйда. У самым лепшым сэнсе гэтага слова. Асартымент кожнага століка – толькі аўтарскі. Калісьці выключна з такіх вырабаў – зробленых сваімі рукамі, часта на вачах публікі – пачынаўся “Горад майстроў” на фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Дарэчы, менавіта да гэтага фармату ён і імкнецца вярнуцца цягам апошніх год: адмовіцца ад яркіх кітайскіх бразготак на карысць унікальным рэчам.

Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

На “Барадулінках” можна было набыць магніты з нацыянальнай сімволікай, вязаныя завушніцы, кулоны з жывымі кветкамі, запаянымі ў смалу, паштоўкі і нататнікі ручной работы, смешныя і мілыя валяныя і вязаныя цацкі і шмат, шмат іншага.

Разнастаілі ўжо прывычны хэнд-мэйдаўскі кірмаш не вельмы прывычныя для гаражан прапановы, упершыню апарбаваныя ў Віцебску зусім нядаўна.

Каля шыльды Free Market змясцілася не толькі вешалка з рэчамі, прапанаванымі да ўвагі наведвальнікаў, але і “правілы гульні”: бярэш толькі тое, што табе сапраўды трэба, замест забранай рэчы пакідаеш сваю і гэтак далей. Free Marketам карысталіся мала і неахвотна. Відаць таму, што ініцыятыва сапраўды яшчэ мала знаёмая віцеблянам. А можа і таму, што на такую форму абмену непатрэбнымі рэчамі трэба ісці спецыяльна і свядома. З адпаведным настроем і пэўным багажом свайго “дабра”.

Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

Прынесці у Віцебск буккросінг упершыню паспрабавала абласная бібліятэка імя Леніна каля пяці год таму. Тады ў фае змясціліся паліцы з кнігамі, якія можна было браць для чытання бясплатна і без запісу. Умова адна: вяртаць або прыносіць замест узятага тома свой. Цікавыя кнігі разышліся вельмі хутка. А паліца, насуперак правілам, чамусьці не папаўнялася. Урэшце рэшт, яе прыбралі. На “Барадулінках” пра буккросінг прыгадалі зноў. Месца кнігам знайшлі крэатыўнае: яны змясціліся ў корпусе ад тэлевізара. Прыемна ўразіў падбор літаратуры: кнігі Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, “Пагоня на Грунвальд”. З рускай класікі – Прышвін і Тургенеў… Адзін з арганізатараў “Барадулінак” Уладзімір Булаўскі даўно выказваў ідэю прывучыць віцяблян да чытання, змяшчаючы кнігі менавіта ў такія скрыні, растаўленыя па горадзе. На “Барадулінках” ідэя знайшла ўвасабленне. Працяг будзе.

Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

Бліжэй да 16 гадзін з’явілася літаратура, якую можна было набыць. Сваю друкаваную прадукцыю ў Віцебск прывезла кнігарня “Логвінаў”. За прылаўкам – перакладчык Павел Касцюкевіч. У якасці навігатара па кніжным свеце “ад Логвінава” – Андрэй Хадановіч. Прайсці міма амаль немагчыма.

Яшчэ адно мерапрыемства – фотасушка. Яно праводзілася ў нашым горадзе ўжо шмат разоў. На “Барадулінках” фотасушцы таксама знайшлося месца. Вяроўкі для фотаздымкаў расцягнулі паміж дрэў уздоўж вуліцы Талстога.

Што ж тут “Барадулінскага”?

Сапраўды, міжволі, пабачыўшы назву, пачынаеш шукаць тое, што магло б нагадаць пра народнага паэта. З таго, што адразу прыцягнула ўвагу – улёткі. На іх – прапанова сабраць грошы на годны помнік дзядзьку Рыгору. Паперкі не раздавалі ўсім прысутным. Але кожны з гандляроў змясціў такую аб’яву на сваім століку побач з таварам, прапанаваным да продажу.

Дзядзька Рыгор усміхаўся і з партрэтаў. З тых, што віселі ў дворыку, з таго, што змясціўся на нататніку аднаго з майстроў. Ягонымі вершамі пачаў свой канцэрт Андрэй Хадановіч, яны ж, раздрукаваныя, з’явіліся і на вяроўцы для фотасушкі пасля таго, як здымкаў паменела.

Але самае галоўнае, напэўна, не здымкі. І нават не вершы. Самае важнае - усё тое, што адбывалася ў гэты дзень на Талстога, 7 было б вельмі прыемна Рыгору Іванавічу: і вялікая колькасць кніг, і вышыванкі, і беларускія песні, і маладыя, разумныя твары моладзі, што прыйшла ў тым ліку і да яго, дзядзькі Рыгора.

Вершы, песні і кіно

Дзе была кульмінацыя “Барадулінак”? Сказаць вельмі цяжка. У суправаджэнні гурта “TonqiXod” тут больш за гадзіну чытаў вершы, спяваў, дасціпна жартаваў паэт Андрэй Хадановіч. Гэта была і творчая сустрэча, і лікбез па перакладной літаратуры, і прэзентацыя новых выданняў, і канцэрт адначасова. Фармат – самы дэмакратычны, уражанні – самыя лепшыя. Як і заўжды пасля выступлення паэта Хадановіча. Дарэчы, пасля ён з задавальненнем кантактаваў з жадаючымі, падпісваў кнігі, адказваў на пытанні.

Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

Яшчэ адно адкрыццё для віцеблян на “Барадулінках” – спеўны сход. Замест раней заяўленага скверу Пушкіна мерапрыемства перамясцілася ў той жа дворык, на Талстога, 7. Цэнтральная падзея сходу - майстар-клас па спевах ад музыкаў гурта “VuRaj”.

Першыя “Барадулінкі” прайшлі ў Віцебску. Фота Барабары Церашковай

“Хто умее спяваць? А хто любіць? А хто любіць, нягледзячы на тое, што не умее?” – дапытваўся Сяржук Доўгушаў. У канцы майстар-класа спяваць любілі і ўмелі ўсе прысутныя.

Завершылі “Барадулінкі” лепшыя караткаметражныя фільмы.

Калі ацаніць новую ініцыятыву ў двух словах, то склалася ўражанне, што дзень горада можна было правесці карысна, разнастайна і цікава ўсяго ў адным месцы: не пакідаючы двор дома №7 па вуліцы Талстога.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ