У Віцебску адбудзецца грамадскае абмеркаванне будаўніцтва Сафійскага сабора

З 24 жніўня па 18 верасня будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб'екта будаўніцтва ў Віцебску на вуліцы Чэхава Сафійскага сабору, які, паводле задумкі, павінен аднавіць выгляд храма, пабудаванага ў Полацку ў XI стагоддзі.
Рэндар праекта Сафійскага сабора ў Віцебску

Прэзентацыя архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі адбудзецца 28 жніўня ў 10:00 у Свята-Успенскім кафедральным саборы, дзе з 24 жніўня ўжо павінна быць размешчаная экспазіцыя графічных і тэкставых матэрыялаў праекта. Знаёміцца з імі можна будзе штодня з 8:00 да 20:00, кантактны тэлефон 36-28-53.

Рэндар праекта Сафійскага сабора ў Віцебску

План праектуемага сабора быў распрацаваны на падставе абмераў рэшткаў падмуркаў Полацкай Сафіі XI стагоддзя, якія захаваліся ў сучасны час у сутарэннях Сафійскага, а таксама выкарыстоўваючы дадзеныя пра памеры сабора, таўшчыні сцен у XI стагоддзі, якія прыведзены ў кнізе В. А. Булкіна “Аб старажытнарускай архітэктуры. Абраныя працы”. Акрамя таго былі выкарыстаныя дадзеныя пра Сафійскі сабор XI стагоддзя, прыведзеныя ў кнізе І. М. Хозерава “Полацкае будаўніцтва старадаўняга перыоду”, паведамляе ў тлумачальнай запісцы галоўны архітэктар ТАА “Будгандальсэрвіс” Ігар Роцька.

Рэндар праекта Сафійскага сабора ў Віцебску

Такім чынам агульныя памеры сабора ў плане скарэктаваныя ў адпаведнасці з абмерамі падмуркаў, складаюць 26,7х26,7 метры, або амаль 90х90 футаў, бо як у старажытнай Візантыі, так і ў старажытнарускай архітэктуры выкарыстоўваў грэчаскі фут.

Знешні выгляд сабора распрацаваны з выкарыстаннем аналагаў – будынкаў Сафійскіх сабораў у Кіеве і Ноўгарадзе. Таксама пры распрацоўцы фасадаў віцебскага Сафійскага сабора былі выкарыстаныя абмеры вокнаў і дэкаратыўных двухступеневых нішаў, якія захаваліся на ўсходняй апсідзе Полацкай Сафіі.

Асноўныя муры сцен выканаюць з паўнацелай керамічнай цэглы, а звонку яны будуць з керамічнай плінфы памерам 30х30 сантыметраў і таўшчынёй 4,5 сантыметры з выкарыстаннем так званага ўтоенага шэрага, які запаўняецца цэмяначным растворам ружовага колеру. Шэрагі муроў з плінфы будуць чаргавацца з каменнай муроўкай пры выкананні якой плануецца ужываць дзе-нідзе бутавы камень. Знутры сцены сабора атынкуюць і пафарбуюць у белы колер, пазней плануецца упрыгожыць іх фрэскамі.

Дах на новым Сафійскім саборы будзе па паўцыліндрычных скляпеннях і выкананы з ліставой медзі. У той жа час дах на сямі вежачках усё ж запраектаваны з папулярнага апошнім часам пры будаўніцтве віцебскіх храмаў нітрыда тытана залацістага колеру.

Вокны ў храме зробяць на падставе аналагаў старажытнарускай архітэктуры драўляныя з круглымі шыбамі. У храме запраектаваны трое вонкавых дзвярэй, якія павінны выканаць металічнымі, з аздабленнем бронзай і латунню. У якасці аналага прыняты дзверы Сафійскага сабора ў Ноўгарадзе, якія захаваліся са старажытных часоў.

Пры добраўпарадкаванні навакольнай тэрыторыі ў якасці матэрыялу для брукавання дарожак плануецца выкарыстоўваць брукоўку з натуральнага каменю.

Планшэт праекта Сафійскага сабора ў Віцебску

Архітэктурны праект Сафійскага сабора ў Віцебску распрацаваны на падставе замовы рэлігійнай абшчыны “Прыход Сафійскага сабора г. Віцебска Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы”. Заўвагі і прапановы па праекце можна запісаць у часопісе, які знаходзіцца ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, а таксама накіраваць у пісьмовым выглядзе на адрас епархіі “Віцебск, вуліца Чэхова, 19” да 18 верасня.

Заўвагі і прапановы, якія паступяць ад удзельнікаў грамадскага абмеркавання, павінны быць разгледжаныя на абласным архітэктурна-горадабудаўнічым савеце.

Таксама прапануем прыняць удзел у галасаванні "Народных навінаў Віцебска" пра неабходнасць рэалізацыі такога праекта ў нашым горадзе:

Ці патрэбны Віцебску Сафійскі сабор

Вынікі

Loading ... Loading ...
Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ