Біскуп Буткевіч распавёў, што атрыманы дазвол на аднаўленне касцёла св. Антонія, а капліцы Дуніных-Слепсцяў нічога не пагражае

9 снежня ў Віцебску біскуп Алег Буткевіч правёў традыцыйную перадкалядную прэс-канферэнцыю, на якой распавёў, што Міністэрства культуры дало дазвол на аднаўленне касцёла святога Антонія на вуліцы Леніна, а ВДУ адмяніла рашэнне аб зносе капліцы Дуніных-Слепсцяў.
Біскуп Буткевіч распавёў, што атрыманы дазвол на аднаўленне касцёла св. Антонія, а капліцы Дуніных-Слепсцяў нічога не пагражае. Фота Барбары Церашковай

Гаворачы пра хуткі надыход аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў, Яго Эксцэленцыя выказаў вялікую падзяку Віцебскай абласной тэлерадыёкампаніі. Дзякуючы яе супрацоўніцтву з Касцёлам у гэтым годзе адбудзецца прамая трансляцыя Велігійнай святой імшы. “І тыя людзі, якія не змогуць прыняць удзел ва ўрачыстасці, наведваючы касцёл, праз сродкі масавай інфармацыі змогуць перажыць гэты ўрачыста момант”.

Год Міласэрнасці

Біскуп звярнуў увагу, што Папа Францішак аб’явіў надыходзячы год годам Міласэрнасці. Выразнай адзнакай гэтага стане ўстанаўленне Брамаў Міласэрнасці. Прайшоўшы праз гэтыя святыя дзверы, кожны вернік зможа спадзявацца на адпусту - дараванне караў за грахі. Каб атрымаць святы дар трэба здзейсніць пілігрымку – дайсці ці даехаць да Брамы, прыступіць да сакраманту паяднання, да споведзі (бо прабачэнне грахоў дае толькі споведзь), святой камуніі.

У дзень Урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (8 снежня) Брамы Міласэрнасці ўжо былі адчынены ў базіліцы святога Пятра ў Рыме. З цягам часу яны паўстануць па ўсім свеце, у кожнай дыяцэзіі.

У Віцебскай дыяцэзіі Брамы будуць знаходзіцца ў катэдральным касцеле, а таксама у Санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе. Іх адкрыццё адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю 13 снежня.

Пра храмы дыяцэзіі

Адной з важных спраў мінулага года, якая яшчэ не скончана і будзе працягвацца надалей, Яго Эксцэленцыя назваў інвентарызацыю і ўрэгуляванне маёмаснага статусу нерухомасці дыяцэзіі. Вынікі гэтай працы дазволяць ацаніць матэрыяльнае становішча дыяцэзіі, прывесці ў парадак юрыдычныя дакументы.

Напрыклад, да нядаўняга часу касцёл святой Барбары знаходзіўся не на балансе парафіі. Віной гэтаму – недакладнасці ў ранейшых дакументах, якія аказаліся неправамоцнымі адносна сучаснага заканадаўства.

Гаворачы аб віцебскіх храмах, немагчыма было не ўзгадаць пра касцёл святога Антонія, які знаходзіўся на сучаснай вуліцы Леніна. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо дало згоду на аднаўленне святыні. А Віцебская дыяцэзія робіць усё магчымае, каб “у свядомасці віцяблян архітэктурны ансамбль, які ўпрыгожваў горад, быў запатрабаваным”. Менавіта таму старыя фотаздымкі з выглядам на гэты касцёл цяпер аздабляюць друкаваную прадукцыю дыяцэзіі.

Да Свята Божага Нараджэння планавалася асвячэнне новага касцёла святога Антонія, які знаходзіцца зараз на вуліцы Гагарына. Аднак, як адзначыў біскуп, новы касцёл патрабуе яшчэ вельмі шмат фінансавых і маральных укладанняў. Самым крайнім тэрмінам асвячэння святыні названы урачыстасці святога Антонія (13 чэрвеня).

А капліцы XIX стагоддзя, якая знаходзіцца па вуліцы Урыцкага і зусім нядаўна павінна была быць знесена, сёння нішто не пагражае. Касцёл дабіўся адмены рашэння аб знішчэнні будынка, які быццам бы знаходзіцца ў аварыйным стане. Наступны крок – перавод капліцы ва ўласнасць рыма-каталіцкага касцёла. Зараз адносна гэтага ідуць перамовы з гарадскімі ўладамі і кіраўніцтвам ВДУ, якому будынак належыць.

Кананічная візітацыя

Кананічная візітацыя парафій запланавана на наступны, 2016 год. Яго Эксцэленцыя патлумачыў, што традыцыйна яна адбываецца ў трох накірунках і доўжыцца тры дні. Першы дзень (звычайна субота) прадугледжвае сустрэчу з парафіяльнымі супольнасцямі, душапастарскімі групамі, якія існуюць у парафіях, наведванне катэхезы. У нядзелю адбываецца супольная малітва біскупа з усёй парафіяй. А ў панядзелак - сустрэча з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Аплаткі – знак любові, згоды і прымірэння

Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег Буткевіч асвяціў аплаткі – тонкія белыя лісткі прэснага цеста, якія выпякаюцца толькі з мукі і вады - і прапанаваў усім падзяліцца іх кавалачкамі. Дарэчы, многім з прысутных прыгожая каталіцкая традыцыя да гэтага дня была незнаёмая.

“Перад святам Божага нараджэння знакам паяднання, прымірэння, згоды, узаемнай любові ёсць знак падзяліцца хлебам. Аплатак пячэцца са звячайнай мукі і вады. І ў гэтым выразны знак – ён аднолькавы для ўсіх, - патлумачыў бискуп. - Гэта – знак хлеба, які працягваем іншаму чалавеку таму што мы хочам прабачэння, прымірэння з гэтым чалавекам. Мы прыміраемся з чалавекам перад тым, як прымаем у сваё жыццё прыходзячага Бога”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ