Пасланне біскупа Алега Буткевіча на Вялікдзень

Фотарэпартаж з велікоднага богаслужэння ў каэтральным касцёле Езуса Міласэрднага ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Дарагія вернікі Віцебскай дыяцэзіі, паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!

Скончыўшы саракадзённы пост, мы з вялікай радасцю сустракаем Свята Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Непасрэднымі ўдзельнікамі і першымі сведкамі Пасхальных падзей Хрыста сталі апосталы, і дзякуючы ім мы сёння вызнаём праўду пра ўваскрасенне з мёртвых. Гэтая праўда змяніла жыццё апосталаў, якія паверылі і пераканаліся, што іх Настаўнік – гэта “Хрыстос, Сын Бога жывога” (Мц 16.16), Які ўваскрос і “...сядзіць праваруч ад Бога” (Гбр 10,12). Гэтая праўда павінна і сёння змяняць у першую чаргу жыццё тых, хто яе вызнае. Калі чуем у гэтыя дні радасны вокліч “Хрыстос уваскрос!”, то наш адказ – “Сапраўды ўваскрос!” – няхай будзе выразам моцнай веры ў тое, што Хрыстос сапраўды жыве, прабывае з намі “...ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).

Вызнаваць гэтую праўду ў сучасным свеце, які часта варожа настаўлены да хрысціянскіх каштоўнасцей, нялёгка. Ёсць шмат краінаў, дзе і сёння расплатай за веру ва Уваскрослага Хрыста з’яўляецца пралітая кроў мучанікаў. Гэтай крывёй зусім нядаўна была багата акроплена і наша зямля. Таксама і для нас штодзённае жыццё часта кладзецца на плечы непасільным крыжам: пошук працы, змаганне з невылечнай хваробай, здрада мужа ці жонкі, вызваленне з алкагольнай ці наркатычнай залежнасці... Ва ўсе вякі моц для знясення пакутаў і пераадолення цяжкасцяў хрысціянам давала вера ва Уваскрослага і прысутнага ў іх жыцці Збаўцу. Таму і нам няхай заўсёды спадарожнічаюць словы Хрыста, сказаныя Ім падчас Апошняй Вячэры: “...У свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце адважныя: Я перамог свет”. (Ян 16. 33).

І сёння мы бяром удзел у гэтай перамозе Божага Сына. Прайшоўшы праз браму смерці і вярнуўшыся да жыцця, Хрыстос скіроўвае да нас словы, як калісьці да апосталаў: “Супакой вам” (Лк 24,36). Няхай гэты супакой заквітнее глыбокай верай, непахіснай надзеяй і трывалай любоўю ў жыцці кожнага з вас і дапаможа стацца па-сапраўднаму міласэрнымі, як наш нябесны Айцец! Божага святла і радасці ў Дзень Вялікай Хрыстовай Пасхі! Хрыстос Уваскрос! Аллелюя!

+
Біскуп Віцебскі


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць