У Віцебску адкрыецца выстава пра аднаўленне разбуранай Варшавы

18 кастрычніка ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца адкрыццё гістарычнай выставы «Як Фенікс з попелу. Разбурэнне і аднаўленне Варшавы 1939 - 1955».
Варшава разрушенная и восстановленная. Фото TVN24

Гэты праект прысвечаны 71-й гадавіне заканчэння Другой сусветнай вайны, 71-й гадавіне вызвалення Варшавы і 35-годдзю ўнясення рэканструкцыі «Старога горада» Варшавы ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Выстава арганізавана сумесна з Домам сустрэч з гісторыяй (Варшава) і Польскім Інстытутам у Мінску.

На выставе будуць прадстаўлены фотаздымкі квітнеючай даваеннай Варшавы, Варшавы разбуранай і пасляваеннае аднаўленне горада. Разбурэнне Варшавы з'яўляецца беспрэцэдэнтным. Ніводная еўрапейская сталіца не падвяргалася сістэматычнаму знішчэнню толькі па волі акупантаў.

Варшава – да 1 верасня 1939 года сталіца II Рэчы Паспалітай, якая налічвала 1 300 00 жыхароў і была цэнтрам палітычнага, культурнага і грамадскага жыцця краіны – мусіла спачатку стаць правінцыйным нямецкім горадам, а пазней – пасля пачатку Варшаўскага паўстання 1 жніўня 1944 года – знікнуць з паверхні зямлі, згодна з загадам кіраўнікоў Трэцяга Рэйху.

На момант, калі 17 студзеня 1945 года на левабярэжную частку горада ўвайшла Чырвоная Армія і Войска Польскае, ён быў спустошаны і на 80% знішчаны. Варшава рабіла настолькі страшэннае ўражанне, што ўзнікалі ідэі пакінуць яе ў такім стане ў якасці помніка. Аднак было вырашана адбудаваць горад.

Менавіта ў Варшаве ўпершыню ў гісторыі чалавецтва ў такім маштабе пачалося аднаўленне не адзінкавых помнікаў, а цэлых гістарычных фрагментаў горада. Наватарскі і ўнікальны характар гэтай рэканструкцыі быў ацэнены міжнароднай супольнасцю ў 1980 годзе, калі варшаўскі Стары горад быў занесены ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў 16:00. Наведаць яе будзе магчыма да 13 лістапада.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ