У Віцебску прайшла справаздачная прэзентацыя праекта “Творчы чацвер”

Фінальная прэзентацыя моладзевых праектаў, якія былі здзейснены ў межах “Творчых чацвяргоў”, адбылася 8 снежня. Такім чынам супольнасць Vitebsk4Me і Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва падвялі вынікі года культуры.
У Віцебску прайшла справаздачная прэзентацыя праекта “Творчы чацвер”. Фото Барбары Церашковай

15 творчых праектаў былі рэалізаваныя на працягу 2016 года. На самой справе ініцыятыў было больш. Але і гэтая лічба ўражвае. Асабліва калі звярнуць увагу на тое, што праекты, якія адбываліся на базе і па ініцыятыве супольнасці Vitebsk4Me пры падтрымцы Цэнтра сучаснага мастацтва, праходзілі часцей чым раз на месяц.

Моладзевыя гэтага года былі настолькі яркімі і разнастайнымі, што наўрад ці госці мерапрыемстваў задумваліся аб тым, што запамінальныя святы, яскравыя выставы, пазнавальныя лекцыі з’явіліся дзякучы неабыякавай гарадской моладзі.

Многія з гэтых ініцыятыў працягваюцца і зараз. Як, напрыклад, цыкл лекцый “Наука вне себя”, які праходзіць на базе абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі. У дзень выніковай прэзентацыі праекта яго каардынатар Яўгенія Пачэпка анансавала новую лекцыю, якая мае адбыцца ў канцы снежня. Іншыя ініцыятывы настолькі добра былі прыняты горадам, што мусяць стаць рэгулярнымі. Гаворка ідзе найперш пра двухдзённы міні-фэст “Магдэбургскі Віцебск”, якім арганізатары нагадалі пра значную старонку ў жыцці любога горада – наданне яму Магдэбургскага права. Штогадовым плануецца і “Адамаўскі фэст” – свята ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёна. Талака на сядзібе славутага вучонага-батаніка Уладзіміра Адамава спалучаецца з цікавымі экскурсіямі і канцэртам у зале Вялікалятчанскага дзіцячага дома. А ініцыятыва Томы Пракоф’евай “Арт-алфавіт” стала міжнароднай.

– Адкуль з’явілася ідэя творчага чацвярга? У прыватных размовах нам здавалася, што шмат якія ініцыятывы ў Віцебску застаюцца толькі ў перапісцы па электроннай пошце – заўважыў каардынатар культурных праектаў Раман Воранаў. – І адбываецца гэта па той прычыне, што ў людзей няма памяшкання, або выхада на аўдыторыю, або праектара, які абавязкова будзе ў якой-небудзь установе культуры. А ўстановы культуры, у сваю чаргу, не заўсёды ведаюць, што ёсць нейкія незвычайныя і цікавыя ініцыятывы. На падставе гэтых разважанняў мы і вырашылі сустракацца кожны чацвер, запрашаць пару ініцыятыў для прэзентацыі, і ў той жа час запрашаць дзяржаўныя органы прыдатнага профілю.

Арганізатары “Творчых чацвяргоў” ад самага пачатку ставілі перад сабой дзве задачы: пазнаёміць дзяржаўныя ўстановы культуры і адукацыі з грамадскімі моладзевымі ініцыятывамі і скантактаваць іх паміж сабой, каб у супрацы нараджаліся новыя праекты.

– Можна сказаць, што з другой задачай мы поўнасцю справіліся, – лічыць каардынатар праектаў Уладзімір Булаўскі. – А з першай яшчэ трэба працаваць, хаця той досвед, які мы атрымалі ў Віцебску – унікальны для Беларусі. Усе здзіўляюцца, як гэта ўдаецца і называюць Vitebsk4Me гарадской мафіяй.

Першы кірмаш ініцыятыў адбыўся год таму. Прайшоў ён у памяшканні Цэнтра сучаснага мастацтва на Белабародава,6. І на выніковай прэзентацыі ў зале прысутнічаў дырэктар установы Андрэй Духоўнікаў.

– Ёсць некалькі момантаў, якія мяне хвалююць, – падзяліўся ён сваімі назіраннямі. – І галоўнае: што ўсё гэта набывае вельмі лакальны характар. Я ведаю нямала людзей, якім ёсць што прапанаваць. І ведаю, што яны так і не рашыліся зрабіць гэта на “Кірмашы праектаў”. Ёсць дыстанцыя паміж пэўным творчым слоем Віцебска і супольнасцю Vitebsk4Me. Магчыма, нейкую праблему стварае мова.

Наогул жа Андрэй Эрыхавіч заўважыў, што праекты сапраўды былі яркімі і непаўторнымі. “Магдэбургскі Віцебск”, “Свята ветру”, выставачныя праекты, аналагаў якім няма ў краіне.

Якім будзе працяг творчых чацвяргоў? Магчыма, яны прадоўжацца ў ранейшым фармаце, можа быць, іх чакаюць прынцыповыя змены. Відавочна адно: абодва бакі зацікаўлены ў супрацоўніцтве. А значыць, Віцебск чакае яшчэ нямала нестандартных моладзевых праектаў.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць