Абвешчаны конкурс на стварэнне памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”

Конкурс на стварэнне памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці” праводзіцца Полацкім райвыканкамам, Віцебскім аблвыканкамам і міністэрствам культуры.
Заходні бок Сафійскага сабору ў Полацку. Фота eangarov / Яндекс.Фото

Памятны знак, які, згодна галоўнай ідэі, павінен увасобіць вобраз Полацка, як найстражэйшага горада Беларусі і цэнтра першага дзяржаўнага ўтварэння на беларускіх землях, а таксама гістарычнага правобраза зараджэння сучаснай беларускай дзяржаўнасці, плануюць усталяваць з заходняга боку Сафійскага сабору, там дзе раней знаходзіўся галоўны фасад гэтага храма.

Адзінае патрабаванне да кампазіцыйнага і пластычнага выканання манумента, якое ўтрымліваецца ў палажэнні конкурсу — каб ён быў вытрыманы ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва. Помнік, безумоўна, павінны адлюстроўваць галоўную ідэю твора і змяшчаць надпіс “Полацк − калыска беларускай дзяржаўнасці”.

Бюджэт на стварэнне памятнага знака не дужа вялікі — 100 000 рублёў або трохі болей за 53 000 долараў, у гэтую ж суму ўваходзіць кошт матэрыялаў. Нагадаем, што помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску абышоўся ў 190 000 долараў, а вялікаму князю Альгерду — 166 000 долараў у эквіваленце.

Заяўкі на конкурс можна падаваць да 1 сакавіка ўключна. 5. Аўтары павінны прадставіць конкурсныя матэрыялы на цвёрдым планшэце памерам 1,0 х 1,0 м, са сціслай тлумачальнай запіскай з абгрунтаваннем прапануемага праекта, генеральным планам у маштабе 1:500, праектным горадабудаўнічым рашэннем прасторы каля Сафійскага сабора ў Полацку з памятным знакам, візуалізацыяй архітэктурна-пластычнага рашэння твора манументальнага мастацтва і мадэллю памятнага знака ў маштабе не менш за 1:10.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца толькі скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. Пераможцу конкурсу вызначаць не пазней за 7 сакавіка.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць