Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны

Адамаўскі у Вялікіх і Малых Лётцах Віцебскага раёну прайшоў у трэці раз. Але ад звыклага мерапрыемства ў праграме застаўся хіба што канцэрт. У многім змяніўшы праграму, , падалося, стаў больш сталым і сур’ёзным.
Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Ідэя свята ў гонар славутага батаніка мінулага стагоддзя Уладзіміра Адамава грунтавалася на тым, каб падтрымліваць у чысціні і парадку будынак былой сядзібы навукоўца. Сёлета ідэя страціла сваю актуальнасць. Будынак на сённяшні дзень выкуплены, па словах мясцовых жыхароў, новы гаспадар – беларус, які плануе тут жыць. На жаль, пазітыўных змен – рэстаўрацыі або кансервацыі – за цэлы год так і не адбылося. Але і валанцёрам цяпер тут рабіць няма чаго.

Затое адбыліся кардынальныя змены ў працы Лятчанскай школы. І сёлетні Адамаўскі фэст стаў цудоўнай нагодай, каб іх прэзентаваць.

Школьная бізнес-кампанія і патэнцыял краю

- Лятчанская школа перамагла ў конкурсе школьных бізнес-кампаній, што адбыўся напрыканцы мінулага году, - расказаў дырэктар навучальнай установы Міхаіл Дук, які сустрэў гасцей у вобразе таго самага батаніка Уладзіміра Адамава. – Наша прапанова аказалася ўнікальнай: мы вырашылі стварыць школьнае турыстычнае агенцтва. У хуткім часе падпішам пагадненне з ВДУ. А праз нейкі час экскурсіі будуць правадзіць нашы вучні.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Эксклюзіўнасць экскурсій у тым, што ў лятчанскай школе прыдумалі, як спалучыць яркую гісторыю краю, ад якой засталося вельмі мала матэрыяльнай спадчыны, з назіраннем за жывой прыродай. У кантэксце гэтай ідэі выкладчыкі ўніверсітэта створаць некалькі арніталагічных маршрутаў, дапамогуць распрацаваць “зялёныя тропы” і нанесці іх на геалакатары. Такім чынам, назіраць птушак можна будзе не толькі групай у суправаджэнні экскурсавода, але і самастойна, заплаціўшы сімвалічную суму за інфармацыю аб тым, дзе і якую птушку можна пабачыць.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Арніталагічныя маршруты будуць пракладзены з улікам знаходжання гістарычных каштоўнасцяў і некаторыя з іх ужо добра прадуманы. Ёсць у планах маршрут да прыроднай тэрыторыі “Чортава барада”, дзе турыстаў чакае знаёмства з незвычайнай гісторыяй назвы мясціны. Настолькі незвычайнай, што яна стала матэрыялам для квеста, які ўжо паспрабавалі правесці вучні Кіраўскай школы. Другі маршрут пазнаёміць з птушкамі і азёрамі вёскі Драгакупава, багатай на легенды і паданні. Трэці – завядзе на хутар Касцюкі, дзе быў пахаваны велікан Фёдар Махноў…

Першы маршрут – для першых гасцей праекту

Усе маршруты розныя па напаўненню, па складанасці. І Адамаўскі фэст стаў выдатнай нагодай, каб прайсці па самым простым з іх. Экскурсавода было адразу два. Гісторык Міхаіл Дук апавядаў захапляючыя легенды, а кандыдат біялагічных навук, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Галіна Захарава звяртала ўвагу на птушак, якіх можна было пабачыць і пачуць па дарозе.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Шлях ляжыць праз лес, у Вялікія Лётцы. І першы падарунак – прыгажуня-сойка. Нібыта спецыяльна прыляцела, каб паказаць усю сваю прыгажосць. Дзяцел з кормам ў дзюбе спяшаецца да свайго дупла: там ужо ёсць птушаняты.

- Дзяцел вельмі рэдка выкарыстоўвае дупло некалькі год запар, - расказвае Галіна Захарава. – Калі ля уваходу няма свежых слядоў ад дзюбы гэтай птушкі, значыць малых дзятлікаў у дупле таксама няма. Затое там могуць гадаваць птушанят, напрыклад, вераб’і.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

А для таго, каб пабачыць маленькіх птушак, што хаваюцца ў лісцях дрэў, Галіна Анатольеўна карыстаецца простым, але вельмі дзейсным прыёмам. На яе дыктафоне запісаны іх галасы. Калі ўключыць птушыны спеў недалёка ад таго месца, дзе можа знаходзіцца спявак, той, як правіла, выходзіць. Паглядзець, хто з родзічаў завітаў на ягоную тэрыторыю.

- Чуеце, гэта берасцянка, - спыняе экскурсію Галіна Захарава. – Дарэчы, беларускія назвы нашых птушак часта куды больш гаваркія, чым рускія.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Сапраўды, чаму птушку назвалі “зябликом” зразумець няпроста. А вось берасцянкай – відавочна. Яна будуе гняздо з бяросты. Тое ж і з галкай, якая па-беларуску завецца каўка, бо “каўкае”.

Арганічна дапаўняе назіранне за птушкамі краязнаўчая інфармацыя.

- Вось на тым пагосце, - паказвае Міхаіл Дук, – ёсць рэканструкцыя пахавальных звычаяў нашых продкаў.

Сапраўды, перад возерам Шэвіна ёсць невялікі курган. А на саміх могілках усталяваны крыжы 16 стагоддзя. Некалі ў ваколіцах іх адшукалі віцебскія мастакі, а мясцовыя пенсіянеры абсталявалі куток, які стаў незвычайным экспанатам.

Ля возера Лётцы гісторык Міхаіл Дук цярпліва чакае, пакуль падцягнуцца ўсе: тут знаходзіцца самая значная памятка аб знакамітым навукоўцы. На правым беразе вялікага ледніковага вадаёму месціўся той самы батанічны сад. Тут расло каля паўтысячы відаў раслін, нетыповых для Віцебшчыны. Сістэма тэрас і аранжарэй стваралі ім спрыяльныя ўмовы. А абслугоўвалі гэта хараство толькі тры чалавекі: Адамаў і два ягоныя памочнікі.

Трэці Адамаўскі фэст сабраў меламанаў, бёрдвотчэраў, аматараў даўніны. Фота Барбары Церашковай

Пасля рэвалюцыі некаторыя расліны з унікальнай калекцыі перасялілі ў Віцебскі батанічны сад. А сведчаннем аб дзейнасці батаніка засталіся серабрыстыя таполі ды вялікі трохсотгадовы дуб, побач з якім выраслі ягоны “сын” і “унук” – сярэдняе і малое дрэўца.

Да сядзібы вядзе брукаванка. Дарога была ўкладзена камянямі яшчэ ў XVIII стагоддзі. Пры ёй стаяла тры карчмы и капліца святога Міхала. Будынкаў ужо няма – людзі разабралі на будаўнічыя матэрыялы. А вось дарога засталася, бо пралягала ля могілак, а з такой дарогі нічога браць нельга.

Сядзіба Адамава глядзіць пустымі вачніцамі вокнаў на ўтравелую сажалку. Калісьці вадаёмаў быў цэлы каскад, ажно шэсць. І будынак быў іншым – меў балкон. З-за таго, што сядзіба перабудавана, статус культурнай каштоўнасці так ёй і не дастаўся. А пра знакамітага чалавека нагадвае шыльда. Ці зменіцца нешта ў яе лёсе з прыходам новага гаспадара – сказаць цяжка і загадваць не хочацца.

Майстар-класы, дранікі і шмат музыкі

Стомленых гасцей фэста ўжо чакалі на падворку Вялікалятчанскага дзіцячага дома. Алена Пятрова тут стварала свае цуды з саломы і лазы, Аляксей Глот цярпліва вучыў ткацтву непаседлівых выхаванцаў. Дзеткі з Кіраўскай школы прапаноўвалі гасцям самаробныя шпакоўні, а добрая гаспадыня ў нацыянальным касцюме частавала дранікамі і блінамі.

Спеўным сходам ад “Мова нанова” кіраваў Сяржук Маркаў. Нечакана для ўсіх, імправізацыйны хор стаў выводзіць стройныя мелодыі. У гэтым і ёсць сэнс такіх мерапрыемстваў: тут спявае нават той, хто не падазраваў, што можа гэта рабіць.

Заключным мерапрыемствам фэсту быў канцэрт групы “Re1ikt”.

Даведка

Уладзімір Адамаў нарадзіўся ў 1875 годзе ў сям’і юрыста. Рана страціў бацьку, а жыць у новай сям’і, якую стварыла маці, не захацеў. Пасля заканчэння уніварсітэта ў Санкт-Пецярбургу атрымаў маёнтак у Лётцах, дзе і заснаваў батанічны сад.

У час Першай сусветнай вайны быў на фронце, вярнуўшыся, працягнуў працу. Баючыся праследу праз дваранскае паходжанне, з’ехаў у Мінск, дзе вывучаў Камароўскія балоты. У 1935 годзе здароўе батаніка пагоршылася, ён пераехаў у Крым. Там працаваў у Нікіцкім батанічным садзе імя Молатава. З-за свайго паходжання страціў працу і, не маючы сродкаў для існавання, захварэў. Памёр Уладзімір Адамаў у 1939 годзе.


Меткі: ,

Падобнае

    2 каментарыя

    1. октет   Thumb up Thumb down 0
      1/Чэрвень/2017 у 22:03

      хоць нешта ў нас у віцебскім раёне нармальнае зрабілі

    2. Litvin   Thumb up Thumb down 0
      2/Чэрвень/2017 у 14:14 1

      Нармалёва атрымалася. Сяржуку Маркаву "рэспэкт й уважуха" ))

    Каментаваць