У Паставах з’явіцца музей аптэкі

Віцебскае гандлёва-вытворчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» абвясціла тэндар на выраб і мантаж гістарычнай экспазіцыі “Аптэка” ў Паставах.
Будынак аптэкі ў Паставах. Фота антона Макоўскага / wikipedia.org

Гэта не будзе асобны музей — экспазіцыя павінна размясціцца ў будынку, дзе зараз знаходзіцца аптэка, якая дзейнічае. Гэты будынак — так званы “Дом урача” — быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя ў межах комплексу забудовы рынкавай Плошчы (цяпер — плошча Леніна).

Дом уяўляе сабой прамавугольны ў плане мураваны двухпавярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Першапачаткова на першым паверсе знаходзіліся аптэка і лячэбніца, а на другім — жылыя пакоі.

Збіраць экспанаты для новага музея ў Паставах пачалі яшчэ ў мінулым годзе, Жанна Лагвіненка, якая заведуе мясцовай аптэкай, праз раённую газету прасіла адгукнуцца месцічаў, у якіх захаваліся старыя лекавыя ўпакоўкі, каробачкі ад лекавых сродкаў, старадаўнія бутэлечкі, шалі, драўляныя прадметы, лямпы, акуляры, ліхтары, кнігі, старыя рэцэпты, газеты і ўсё, што звязана з аптэкай і даўніной.

Згодна з умовамі тэндара на стварэнне музейнай экспазіцыі ў Паставах “Фармацыя” плануе патраціць 190 000 рублёў. Фінансуюцца працы па стварэнні музея з уласных сродкаў прадпрыемства.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ