Заўтра на “Барадулінках” выступяць Альгерд Бахарэвіч, ды-джэі і рок-н-рольныя гурты

Штогадовае свята, якое змяняе стэрэатыпы літаратурных імпрэз, пройдзе 25 чэрвеня ў арт-прасторы “Талстога, 7”.
Заўтра на “Барадулінках” выступяць Альгерд Бахарэвіч, ды-джэі і рок-н-рольныя гурты

Праграма “Барадулінак” пачнецца а 12:30 са святочнага занятка “Мова Нанова”. Потым гасцей чакае прэзентацыя кніжкі “Віцебская мастацкая школа для дзетак”. Унікальнае выданне выйшла сёлета пры ўдзеле Адама Глобуса, Лявон Вольскага, Валянціна Акудовіча, Андрэя Хадановіча, Ганны Кісліцынай і распавядае пра ўплывы віцебскай школы на беларускае мастацтва. Дзіцячае праграма працягнецца майстар-класам “Над горадам”.

Тэма Рыгора Барадуліна стане цэнтральнай у лекцыі Міхася Скоблы і віртуальнай экскурсіі па Вушаччыне ад гісторыка і краязнаўцы Міколы Півавара.

Увечары да выступоўцаў далучацца Альгерд Бахарэвіч і паэтка Юлія Цімафеева. З 20:00 на ўнутраным дворыку арт-прасторы пачнецца канцэрт гуртоў Teleport / Kitchen Stuff Only, а для самых стойкіх – паказ кароткаметражнага кіно па тэмах, блізкіх творчасці Рыгора Барадуліна: радзіма, мова, каханне.

Сярод навінак – сёлета свята будуць суправаджаць віцебскія ды-джэі з адмысловымі сэтамі па барадулінскай паэзіі. А традыцыйную дэталь – маркет з нацыянальнымі сувенірамі, вопраткай і кнігамі – напоўняць мінскае выдавецтва “Кнігазбор” і інтэрнэт-крама Imbryk.by.

Даведка: “Барадулінкі” – штогадовае свята, прысвечанае постаці ураджэнца Віцебскай вобласці, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Мерапрыемствы арганізуюць грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма!” разам з Сацыяльна-культурнай установай “Віцебск для мяне”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ