Мастацкім кіраўніком тэатра імя Якуба Коласа стаў Міхась Краснабаеў

Новага мастацкага кіраўніка калектыву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прадставілі 13 верасня міністр культуры Барыс Святлоў і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская.
Міхась Краснабаеў. Фота Сержука Серабро

На гэтую пасаду прызначылі рэжысёра-пастаноўшчыка Міхася Дзмітрыевіча Краснабаева, чый творчы шлях поўнасцю звязаны з віцебскім тэатрам. Ён прыйшоў сюды працаваць артыстам у 1985 годзе артыстам пасля заканчэння тэатральнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, паведамляе прэс-служба тэатра.

Спадар Краснабаеў праявіў сябе выканаўцам шырокага творчага дыяпазону. Сярод яго найбольш значных вобразаў: Сымон («Сымон-музыка» Якуба Коласа), Рамэа («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра), Пётр («Мяшчане» М. Горькага), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Артур («Танга» С. Мрожака), Грэй («Пунсовыя ветразі» А. Грына), Гартэнзіа («Утаймаванне наравістай» У. Шэкспіра), Скалнас («Час быка» К. Саі), Сушчэня, Барэйка («Стрэл у тумане» і “Пакахай мяне, салдацік!” паводле В. Быкава). За стварэнне вобраза Сымона арытыста ўзнагародзілі Дыпломам Беларускага тэатральнага таварыства (1987).

У 2000-2001 гадах Міхась Краснабаеў прайшоў рэжысёрскую падрыхтоўку ў Маскве, у Акадэміі перакваліфікацыі работнікаў мастацтва, культуры і турызму, дзе вучыўся ў народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі. У 2004 годзе ў коласаўскім тэатры ён перайшоў на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка.

Аднак першы спектакль спадара Краснабаева у якасці рэжысёра быў пастаўлены яшчэ ў 1996 годзе: «Вераб'іная ноч» па матывах пралогу да рамана «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча тады была высока ацэненая крытыкай і тэатральнай грамадскасцю на рэспубліканскім аглядзе маладзёжных работ. На камернай сцэне тэатра паставіў спектаклі: «Плач, саксафон!» І. Сідарука, «Стрэл у тумане» па аповесці В. Быкава «У тумане».

У 1998 годзе адбыўся рэжысёрскі дэбют Міхаіла Краснабаева на вялікай сцэне – «Школа блазнаў» Мішэля дэ Гільдерода – сведчанне значнага ўдасканалення прафесіяналізму. У актыве Краснабаева – пастаноўкі спектакляў «Люці» А. Дударава, «Доктар Айбаліт» па матывах кінасцэнару В.Карастылёва і Р.Быкава «Айбаліт-66», «Ладдзя роспачы» паводле Ул. Караткевіча (стаў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу п'ес для тэатра «Чалавек і грамадства» за інсцэніроўку гэтай аповесці (2003), «Вар’яцкае танга кахання» С. Шэпарда, «За двума зайцамі» М.Старыцкага, “Жарты” паводле твораў М. Чарота, Л. Родзевіча і Я. Купалы (прымаў удзел у V Усерасійскім фестывалі “Руская камедыя”, які праходзіў у Растове-на-Доне, 2012). Яны вызначаліся высокай сцэнічнай культурай, уменнем рэжысёра выявіць актуальныя праблемы сучаснасці. Пастаноўкі карысталася папулярнасцю ў гледачоў Віцебска, а таксама на гастролях у гарадах Санкт-Пецярбург, Арол, Бранск (Расія), Адэса (Украіна), Беласток (Польшча).

Асаблівае месца ў творчым арсенале рэжысёра займаюць пастаноўкі па творах Уладзіміра Караткевіча, яго любімага аўтара. Сярод найбольш значных работ – пастаноўкі “Леаніды не вернуцца на Зямлю” паводле рамана “Нельга забыць”, які быў намінаваны на атрыманне II Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў 2012 годзе, і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. У абодвух выпадках спадар Краснабаеў выступаў і ў якасці аўтара інсцэніровак. Добрая прафесійная падрыхтоўка, творчая ініцыятыва, сур’ёзныя адносіны да мастацтва далі магчымасць Міхасю Краснабаеву заняць адно з вядучых месцаў у коласаўскай трупе.

За апошнія гады ў рэжысёра з’явіліся новыя пастаноўкі: “Да трэціх пеўняў” В.Шукшына, “Шукаем тэнара!” К. Людзвіга, “Смяротны нумар” А. Антонава, “Снежная каралева” Я. Шварца паводле Х.-К.Андэрсена, “Прыгоды Дзюймовачкі” П. Ісайкіна паводле Х.-К. Андэрсена, “Доктар філасофіі” Б. Нушыча. Зараз рэжысёр працуе над аднаўленнем спектакля “Перабор” па п’есе Херберта Бергера, прыступае да пастаноўкі п’есы Максіма Горкага “Апошнія” (прэм’ера мяркуецца ў лістападзе).

Міхась Краснабаеў узнагароджаны граматамі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (1996), аддзела культуры Віцебскага аблвыканкама (2010), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2010), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2015), ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны” (2016).

Трэба адзначыць прызначэнне Міхася Краснабаева мастацкім кіраўніком коласаўскага тэатра перарывае доўгі шэраг кіраўнікоў-варагаў — цягам апошніх дзесяцігоддзяў на гэтую пасаду запрашалі рэжысёраў з-за межаў віцебскага калектыву.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ