У Віцебску адбудзецца парафестываль творчасці інвалідаў па зроку «Клопат – 2006»

Віцебск рыхтуецца да буйной культурнай падзеі ў жыцці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. З 15 па 17 верасня ў нашым горадзе пройдзе парафестываль творчасці інвалідаў па зроку «Клопат – 2006».
Ён праводзіцца ўжо ў другі раз і мае дабрачынны характар. Конкурсная праграма парафестывалю скдадаецца з разнастайных жанраў: народная і эстрадная музыка, пантаміма, танцы, тэатральнае і прыкладное мастацтва, дэкламатарскае майстэрства. Творчыя спабоніцтвы паміж невідушчымі людзьмі пройдуць на некалькіх сцэнах – у абласным тэрытарыяльным цэнтры па сацыяльным абслугоўванні інвалідаў і ветэранаў, музычным вучылішчы, музычнай гасцёўні, медуніверсітэце. Плануецца, што 16 верасня ўдзельнікі парафестывалю выступяць з выязнымі дабрачыннымі канцэртамі ў абласным цэнтры і на сяле – у Сялюцкім і Воранаўскім дамах-інтэрнатах. Скончыцца парафестываль 17 верасня гала-канцэртам у Летнім амфітэатры. Пачнецца канцэрт у 11 гадзін, і арганізатары запрашаюць усіх жадаючых.
«Сёлета наша творчая сустрэча ўпершыню атрымае міжнародны характар. Парафестываль збярэ каля 300 удзельнікаў з усіх абласцей Беларусі, за выключэннем Мінскай, а таксама з Масквы і Татарстана. Апроч таго, мы даслалі запрашэнні польскім грамадскім арганізацыям і вядомай расійская спявачцы Дзіяне Гурцкая. Магчыма, яна згадзіцца выступіць у заключным гала-канцэрце», – распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Аляксандр Дубко.
Ён адзначыў, што зараз рэспубліканскія і мясцовыя ўлады разглядаюць прапанову праводзіць парафестываль у Віцебску штогод, прыкладна праз месяц пасля «Славянскага базару», і зрабіць яго агульным, каб у ім маглі ўдзельнічаць не толькі невідушчыя, але і глуханямые, інваліды-калясачнікі і іншыя людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Парафестываль «Клопат – 2006» праводзіцца ў межах міжнароднага праекта «Школа надзеі», мэтай якога – садзейнічаць інвалідам у рэалізацыі іх творчых здольнасцяў. Яго заснавальнікамі выступаюць Цэнтральнае ўпраўленне ГА «БелТІЗ» і абласная арганізацыя гэтаго грамадскага аб’яднання, а таксама ўпраўленне культуры Віцебскага гарвыканкама і камітэт па працы і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Віцебскай вобласці жыве 40 000 тысяч інвалідаў розных катэгорый, з іх каля 3 000 інвалідаў па зроку (у самім Віцебску – блізу 1 200).
Цікавы факт. Па словах Аляксандра Дубко, разнастайныя аб’явы ў віцебскім грамадскім транспарце (заўважце, па-беларуску) з’явіліся пасля таго, як гэтага ад чыноўнікаў дамагліся сляпыя людзі.


Меткі: , ,

Падобнае

    Каментаваць