З Днём ведаў!

Сёння адзначаецца Дзень ведаў. З чым мы сардэчна віншуем ўсіх вучняў, студэнтаў, а таксама іх бацькоў! Жадаем вам паспяхова грызці навуку, але так, каб не папсаваць зубы. Гэта значыць, не зубрыць.

Першы падручнік. Фота Сержука СераброНа Віцебшчыне школьны званок прагучаў для звыш 150 тысяч вучняў. З іх першы раз у першы клас прыйшлі больш за 11 тысяч хлопчыкаў і дзяўчатак. У вобласці налічваецца 676 навучальных устаноў, у тым ліку 16 гімназій і 4 ліцэі. У самім жа Віцебску за парты сёння селі амаль 40 тысяч школьнікаў, у тым ліку 2 тысячы 900 першаклашак. Сеяць “разумнае, добрае, вечнае” у нашым горадзе будуць 4 тысячы настаўнікаў. Беражыце іх, калі ласка!
Сёлета ўрачыста адкрыліся новая школа ў мікрараёне «Аэрапорт» у Полацку (васемнаццатая па ліку у гэтым горадзе), а таксама корпус для пачатковых класаў у СШ №45 у Віцебску. Можна парадвацца і за Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветырынарнай медыцыны: тут адкрыўся новы вучэбна-лабараторны корпус, дзе размясціліся ўсе асноўныя кафедры навучальнай установы.
Перад пачаткам навучальнага года бацькам давялося нямала пабегаць і патраціцца, каб справіць усе школьныя абноўкі. У сярэднім камплект для вучня малодшага школьнага ўзросту каштаваў ад 200 да 400 тысяч рублёй. Старшакласнік “цягнуў” крыху болей – ад 250 да 500 тысяч рублёй.
Па традыцыі ў верасні студэнтаў чакае так званая “бульба”. 5 650 навучэнцаў ВНУ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў будуць дапамагаць гаспадаркам вобласці збіраць ураджай. Дапамогу запрасілі ўсе раёны, акрамя Докшыцкага, Міёрскага, Расонскага і Шаркаўшчынскага, дзе, відаць, абыйдуцца сваімі сіламі. Згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама, студэнты пачнуць працаваць у гаспадарках з 11 верасня, цягнуцца ж сельская рамантыка будзе не больш месяца. Ужо створаны абласны штаб па арганізацыі студэнцкай работы, стварэнні прыдатных жыллёва-бытавых умоў і харчавання, які ўзначальвае намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Южык.
Летні амфітэатр, дзякаваць Богу, не змыла, і ў верасні тут запланавана разнастайная канцэртная праграма. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Віцебска пройдуць забаўляльныя шоу для школьнікаў, пасвячэнне першакурснікаў у студэнты, абласное свята дзіцячай творчасці, канцэрт удзельнікаў праекта “Фабрыка зорак – 6”.
1 верасня ў амфітэатры адбудуцца два канцэрты для вучняў малодшых і сярэдніх класаў. Перад пачаткам школьных выпрабаванняў вясёлы настрой ім падораць вакальныя і харэаграфічныя калектывы Віцебска.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць