Пасля 10 гадоў творчага маўчання…

У Цэнтры сучаснага мастацтва працуе персанальная выстава жывапісу, дэкаратыўнага мастацтва і графікі віцебскіх мастакоў Аляксандра і Наталлі Падалінскіх. Адметна, што Аляксандр апошні раз прад’яўляў на суд гледачоў свае творы ажно 10 гадоў таму. Зараз – пасля доўгага творчага маўчання – ён здзівіў наведвальнікаў выставы новым і нечаканым стылем сваёй працы.

Большую частку выставачнай прасторы займаюць карціны А.Падалінскага, выкананыя акрылам на кардоне. Усяго іх на вернісажы – 23. Наталля ж прадставіла 7 прац у асаблівай аўтарскай тэхніцы (керамічная сумесь, тканіна, кардон, гуаш, акрыл). Усе гэтыя работы муж і жонка стварылі ў гэтым годзе. Іх творчасць аб’ядноўвае тэма роднага краю.

Сябра Беларускага саюза мастакоў А.Падалінскі з 1978 года ўдзельнічаў у 11 рэспубліканскіх і шматлікіх абласных выставах. Сваё творчае маўчанне ён тлумачыць так: “Мая творчасць – гэта чаргаванне ўсплёскаў і затуханняў, што стварае амплітуду вагання. Лічу, што на нейкі час лепш суцішыцца, чым таптаца на адным месцы…” На думку калег, у гэтым праекце Аляксандр зрабіў крок наперад у сваім мастацкім успрыняцці свету.

Выставу можна наведаць да 10 верасня.


Меткі:

Падобнае

    Каментаваць