Сёлетняя “Рок-кола” прысвечана легендарнаму полацкаму гурту “Мясцовы час”

У Полацку 20-21 кастрычніка ўжо ў шаснаццаты раз аматараў беларускай рок-музыкі збярэ фестываль “Рок-кола”. Сёлета ён прысвечаны 20-годдзю легендарнага полацкага гурта “Мясцовы час”. Удзельнікі “Рок-колы” выступяць на самай вялікай у горадзе канцэртнай пляцоўцы – у культурна-спартыўным комплексе ААТ “Полацк-Шкловалакно”.

На фестываль, як і раней, запрашаюцца ўсе жадаючыя. Да 20 верасня ў аргкамітэт патрэбна прадставіць дэма-запіс трох песень. Адна з іх павінна з’яўляцца кавер-версіяй твору з рэпертуару “Мясцовага часу”, а дзве песні – уласныя. Пры гэтым умовы конкурсу не патрабуюць абавязковага запісу кавер-версіі на завочным адборы. Важна, каб кампазіцыі гурта-юбіляра гучалі на конкурсных канцэртах.

Журы фестывалю вызначыць таго, каму дастанецца Гран-пры, а таксама трох іншых лаўрэатаў. Магчыма, будуць таксама названыя пераможцы ў наступных намінацыях: лепшы вакаліст, лепшы гітарыст, лепшы барабаншчык, лепшы бас-гітарыст.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ