Юбілей фабрыкі КІМ

Сёння калектыў Віцебскага ААТ “Класіка індустрыі моды” (КІМ) урачыста адзначыць 75-гадовы юбілей свайго прадпрыемства. Фабрыка пачала працаваць 7 верасня 1931 года.

На прадпрыемстве працуе каля 2000 чалавек, на тры чвэрці калектыў жаночы. З 2001 па 2005 гг. эканамічнае становішча на “КІМе” было досыць складаным. З лета мінулага года стала лягчэй: прэзідэнт падпісаў указ аб дзяржаўнай падтрымцы прадпрыемства. І сёлета ў верасні яно ўжо мела прыбытак. За першае паўгоддзе бягучага года “КІМ” выпусціў прадукцыі на 21,7 мільярда рублёў, што на 31,4% болей, чым у аналагічным перыядзе летась. Панчошна-шкарпэтачныя і трыкатажныя вырабы фабрыкі ідуць на экспарт у Расію, Германію, краіны Прыбалтыкі.

У гэтым годзе кімаўцы плануюць абнавіць асартымент панчошна-шкарпэтачных вырабаў на 55%, а трыкатажных – на 62%. Мастакі фабрыкі штомесяц распрацоўваюць 20 новых мадэляў бялізны. Багатая фантазія ў дызайнера Марыны Давыдавай, неаднаразовай удзельніцы конкурсу мадэльераў “Белая амфара”. Напрыклад, яе калекцыя бялізны для дзяўчат “Дыска” спалучае арыгінальны дызайн і яркія колеры, а лінія бялізны “Красотка” – для тых, хто не саромееца паказаць сваю пачуццёвасць.
На прадпрыемстве працуе каля 200 дынастый: сем’і Руселікаў, Шклейнікаў, Францавых, Драздовых, Фядура, Кашалапавых і інш. Сваю працоўную дзейнасць менавіта на “КІМе” калісьці пачаў генеральны дырэктар “Марка” Мікалай Мартынаў.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ