Аршанская бітва-2006

Традыцыйны адкрыты фэст беларускай аўтарскай песні й паэзіі “Аршанская бітва-2006” мае адбыцца на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году – на беразе Дняпра блізу Воршы 9 верасня (пачатак а 19-й гадзіне).

Да месца можна даехаць:

  1. З чыгуначнага вакзала на аўтобусе ці маршрутцы № 11 да аўтавакзалу (канец маршруту).
  2. Далей – аўтобусам “Орша - Дуброўна” да прыпынку “Гацькаўшчына”.

Гуртам можна наняць маршрутку з чыгуначнага вакзалу проста да Гацькаўшчыны.

Таксама аўтобусам або маршруткай можна ад’ехаць ад прывакзальнае плошчы да прыпынку “Цэнтр”, затым ад Цэнтральнай плошчы, што ля “Дома торговли” (прыпынак за помнікам Леніну) можна сесці на аўтобус ці маршрутку “Орша – Дуброўна” і ехаць зноў жа да прыпынку “Гацькаўшчына”.

Ад прыпынку “Гацькаўшчына” да месца фэсту каля 1 км.

Што трэба ведаць гледачу і ўдзельніку: фестываль традыцыйна адбываецца на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году – левым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго рэчкі Крапівенкі. Фэст ад пачатку быў задуманы як імпрэза выхаднога дня ў фармаце open air, таму пачынаецца вечарам бліжэйшай да 8 верасня суботы (сёлета гэта 9 верасня) і доўжыцца практычна ўсю ноч з тым, каб за нядзелю ўдзельнікі змаглі выспацца, адпачыць і спакойна дабрацца дадому. Трэба памятаць, што фэст праходзіць на адкрытым паветры на беразе ракі, таму варта падумаць пра адпаведную вопратку, запас ежы і пажадана дах над галавой (намёт). Запас дроў для вогнішча будзе на месцы.
Некалькі слоў з гісторыі: першы фестываль беларускай аўтарскай песні “Аршанская бітва” адбыўся ў 1991 годзе з ініцыятывы вядомага барда Андрэя Мельнікава і арганізацыйнай падтрымкі журналіста Юркі Копціка. З таго часу фэст нязменна праходзіў у азначаны час і азначаным месцы ва ўсе гады, за выключэннем 1994, 1996-1998 гадоў, для чаго былі сур’ёзныя прычыны. На “Аршанскай бітве” ў розныя гады выступалі практычна ўсе вядомыя беларускія аўтары: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Зміцер Сідаровіч, гурт “Камелот”, Андрэй Хадановіч, Лера Сом, Лана Медзіч, Таццяна Барысік, гурт “Водар сусвет”, Анатоль Кудласевіч і многія, многія іншыя.

Схема праезда

Чытайце яшчэ