“Пазашкольны” тыдзень

Сёння ў Віцебску стартаваў Рэспубліканскі тыдзень устаноў пазашкольнага выхавання і навучання. Яго ўрачыстае адкрыццё пройдзе заўтра ў Летнім амфітэатры, а ў выпадку дажджу – у будынку абласнога аб’яднання па арганізацыі пазашкольнай працы, што на вуліцы Шчарбакова-Набярэжнай.

На свята прыедуць прадстаўнікі пазашкольных устаноў з усёй Віцебшчыны, госці з іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі. Падчас адкрыцця тыдня адбудзецца афіцыйная прэзентацыя новага сайта, створанага на базе інтэрнэт-парталу Міністэрства адукацыі Беларусі. На сайце пададзены адрасы і кантакты пазашкольных устаноў краіны, рэкамендацыі, у якія секцыі і кружкі аддаць дзіця, парады для падлеткаў і іншая карысная інфармацыя.

У праграме тыдня – канцэрты, выставы дзіцячай творчасці, экалагічныя і спартовыя марафоны, «круглыя сталы», канферэнцыі, прэзентацыі педагагічнага вопыту, метадычныя выставы. 13 верасня, у Дзень піянерыі, пройдзе абласны злёт і акцыя «Я – піянер».


Падобнае

    Каментаваць