“Асенняя паводка”: Дзвіна стала судаходнай

Дзвіна. Восенская паводка. Фота Сержука СераброЗ-за працяглых і моцных дажджоў узровень вады ў Заходняй Дзвіне падняўся на 5 метраў. У выніку “асенняй паводкі” рака нечакана стала судаходнай: з прыстані Віцебскага рачнога порта сарвалася і паплыла 50-метровая баржа.

Яе заўважылі толькі пад Бешанковічамі, у вёсцы Шарыпіна. Вяскоўцы паведамілі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Калі на месца прыехалі выратавальнікі, цячэнне накіроўвала баржу прама на мост праз раку Ула. Пад пагрозай мог апынуцца і паром, які знаходзіцца побач. На шчасце, выратавальнікам удалося спыніць баржу. Затым на месца здарэння на цеплаходзе прыплылі супрацоўнікі рачнога парта, якія на буксіры адправілі “вандроўніцу” назад.

Як паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, падчас дажджоў узровень вады ў Дзвіне кожны дзень павышаўся ад 20 сантыметраў да 1,5 метра. Усяго з 15 жніўня па 9 верасня галоўная рака Віцебшчыны паднялася: на 5 м 5 см у раёне Суража, на 5 м 25 см – у раёне Віцебска, на 5 м 46 см – каля Улы, амаль на 6 метраў – каля Полацка. Падняўся ўзровень вады і ў азёрах вобласці, у сярэднім на 25 см. Гэта ўводзіла ў зман рыбакоў, якія часцяком закідвалі вуду ў заліты вадой луг.

З пачатку гэтага тыдня вада, нарэшце, пачала спадаць.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ