У Віцебску з’явіцца першы ў краіне Цэнтр патрыятычнага выхавання дапрызыўнікоў і прызыўнікоў

Цэнтр, які пачаў стварацца на базе гарадскога ваенкамата гэтай вясной, будзе складацца з пакоя баявой славы і пляцоўкі пад адкрытым небам, дзе размесцяцца ўзоры вайсковай тэхнікі.

У пакоі баявой славы будуць стаяць стэнды з інфармацыяй пра партызанскі рух у гады Вялікай Айчыннай, вызваленне Віцебска, вайну ў Афганістане, воінскія часткі нашай вобласці і інш. Дакументы прадставяць цэнтральны архіў Міністэрства абароны Беларусі і Віцебскі абласны архіў. У экспазіцыю таксама ўвойдуць асабістыя рэчы, зброя, абмундзіраванне і прадметы ўжытку, знойдзеныя на тэрыторыі Віцебскага раёна падчас раскопак на месцах баявых дзеянняў Другой сусветнай вайны.

На пляцоўцы для вайсковай тэхнікі ўжо зараз можна ўбачыць тры супрацьтанкавыя пушкі і бронетранспарцёр БТР-60. Плануецца, што наступнымі экспанатамі стануць верталёт МИ-2, гаўбіцы, мінамёты. Праект па стварэнні цэнтра каштуе звыш 50 мільёнаў рублёў. З іх 40 мільёнаў фінансуе Мінабароны, астатняе – гарадскі бюджэт.

Чытайце яшчэ