Афіцэр міліцыі застрэліўся ў прыбіральні УУС

Учора ў 9 гадзін раніцы скончыў жыццё самагубствам супрацоўнік упраўлення унутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Афіцэр міліцыі застрэліўся са службовага пісталета прама на працы.

Самазабойца жыў у Воршы і працаваў у аддзеле па раскрыцці злачынстваў супраць асобы. Звесці рахункі з жыццём ён вырашыў нібыта пасля непрыемнай размовы са сваім кіраўніцтвам. Афіцэр толькі заступіў у сутачны нарад і, натуральна, атрымаў зброю. Затым пайшоў у прыбіральню на чацвёртым паверсе будынка УУС – і грымнуў стрэл. Калі цела знайшлі, каля прыбіральні адразу ж выставілі ачапленне. Вядзецца следства.

Самазабойцу было каля 35 гадоў, у яго засталіся двое дзяцей. Кажуць, што перад смерцю ён пакінуў занатоўку жонцы і дзецям, дзе прасіў у іх прабачэння і абвінавачваў ува ўсім сваю працу.

Магчыма прычынай гэтага трагічнага выпадка магло стаць моцнае скарачэнне штатаў упраўлення ўнутраных спраў. Па некаторых звестках будуць "скарочаныя" 115 супрацоўнікаў УУС Віцебскага аблвыканкама. Усе яны маюць званне афіцэра міліцыі.

Ва ўспамінах Мечыслава Грыба пра сваю службу начальнікам УУС Віцебскай вобласці ёсць таксама згадка пра спробу самазабойства адным з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. М.Грыб калісьці ўзначальваў раследванне так званай “віцебскай справы”, у якім здараліся і кур’ёзы. На дзяжурнага Першамайскага РАУС Віцебска пала падазрэнне, бо ён менавіта 30 жніўня 1984 года (у гэты дзень згвалцілі і забілі двух дзяўчат) прыйшоў у аддзяленне сувязі, зайшоў у прыбіральню і павесіўся. Яго адкачалі і звольнілі пасля з міліцыі па прычыне псіхічнай неўраўнаважанасці. У яго таксама, як і ў Міхасевіча, быў чырвоны “Запарожац”. Але арыштоўваць няўдалага самазабойцу не сталі.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ